Выбрать главу

— Бач, не вытрымаў, уцякае…

— Усё роўна нікуды не дзенецца, хай бяжыць.

Дзіўна, але ў зале адразу пацішэла. Многія павярнуліся да таго, хто сказаў гэтыя словы.

А сказаў іх Антон Шаршнёў:

— Да нас прыйдзе. Мы ж, людзі, усюды…

Невысокі каржакаваты Шаршнёў — ціхмяны, негаваркі. Але на камбінаце яго ведаў кожны. За яго рупнасць, за працу. На камбінат ён прыйшоў адразу пасля вайны. За ўвесь час з той пары мала хто чуў, каб ён на сходзе выступіў ці так у якую гаману кідаўся. Мужчыны іншы раз добразычліва жартавалі: «3 Цябе, Антон, словы ляцяць, як кулі з аўтамата». Але яго даверлівая светлая ўсмешка адразу нішчыла любую кплівасць. Не кідаў Шаршнёў словы на вецер — бо ў кожным з іх былі думка, пачуццё.

Сарачынскі на парозе спыніўся, быццам хацеў перадумаць. Ды ўсё ж не перадумаў.

Шаршнёў паглядзеў у акно.

— Так што нікому іншаму — нам наглядаць цяпер за ім трэба, калі мы ўсюды.

Разбор справы закончылі без Сарачынскага. Дапыталі сведак. Як жа можна даводзіць, што былі няякасныя матэрыялы, калі з такіх, з аднаго склада ўзятых, і да таго здарэння і пасля варылі смалу вышэйшых гатункаў! Сведкі таксама пацвердзілі, што Сарачынскі спаў у час дзяжурства. Суд прысудзіў з яго пяцьдзесят рублёў.

Горад наш — невялікі. На яго вуліцах часта ўбачыш знаёмага. Не адзін раз пасля суда даводзілася мне і з Сарачынскім сустракацца. Ён заўсёды здалёк, убачыўшы мяне, панура апускаў галаву, пераходзіў на другі бок вуліцы.

А аднойчы адбылася сустрэча, якой я, сам таго не ўсведамляючы, вельмі жадаў. 3 Антонам Шаршнёвым. Была ў Шаршнёва тая сіла, якая робіць чалавека па-свойму прывабным: добрая ўпартая патрабавальнасць і глыбокая клопатнасць пра людзей.

Да гарадскога Дома культуры сыходзіліся з усіх канцоў. Там мелася адбыцца раённая партыйная канферэнцыя. Шаршнёў, ступіўшы ў прасторны вестыбюль, павярнуў да мяне галаву якраз у той момант, як я паглядзеў на яго. Прывіталіся, і ў мяне адразу ўзнікла адчуванне, быццам толькі ён мне і трэба быў. Спыніліся, перакінуліся словамі.

Я не пытаў у яго пра Сарачынскага, але ён, відаць, прачытаў гэтае пытанне ў маім поглядзе і загаварыў першы. Расказваў доўга, з падрабязнасцямі.

Шмат пасля таго суда пачуў Сарачынскі папрокаў ад рабочых: «бракароб», «баязлівец», прызнацца ў сваёй віноўнасці пабаяўся — духу не хапіла. «Збег. А куды дзенешся ад людзей? З’ехаў бы — усё роўна нідзе літасці не было б, калі спаць на рабоце, калі не разам з усімі ісці…» Папрокі ён не толькі ў словах чуў — бачыў у пільных прыглядках, на суровых засяроджаных тварах. Але хадзіў з незалежным выглядам, быццам і не звяртаў ні на што ўвагі.

Аднаго разу, калі ў абедзенны перапынак людзі сабраліся на перакур, ён таропка падышоў да іх. Пастаяў, памуляўся. Адышоў, зноў вярнуўся.

— Няўжо я, хлопцы, сапраўды так дапёк вам тым «казлом»? — выдыхнуў ён голасам, у якім нібы нешта напялася. Насунуў шапку на вочы…

…Цяпер зноў сустрэча з Сарачынскім. Цяпер, калі мы прывіталіся, я прыгледзеўся да яго. Нейкі ўзнёслы настрой паклаў на яго твар свой водсвет, даў адметнасці рысам. Хлопец не апусціў галаву, не адвярнуўся. Прыгладзіў валасы, прапускаючы іх, як Якаў Прышчэп, скрозь растапыраныя пальцы, і панёс сваю белазубую ўсмешку, загубіўся сярод прахожых. А я падумаў: чаму ён вясёлы — ад адчування яснасці раніцы ці ад якой сваёй, аднаму яму вядомай радасці? Значыць, добра чалавеку, калі весела ўсміхаецца.

СУСТРЭЧА У АЎТОБУСЕ

На зыходзе рабочага дня, калі прыём грамадзян закончыўся і ў судзе пацішэла, я ўзяўся разглядваць карэспандэнцыю: дырэктывы, інструкцыі міністэрства юстыцыі, заявы, якія прынесла судовая пошта. Сярод папер розных памераў і фармату быў невялікі, спісаны дробным почыркам аркуш — заява работніцы метызнага завода Клянковай. Я прачытаў заяву, у ніжнім кутку, дзе не было тэксту, напісаў рэзалюцыю: «Завесці грамадзянскую справу», адклаў аркуш. Узяў тоўстую папку з надпісам: «Крымінальная справа», раскрыў яе. Доўга разглядваў фотаздымкі аўтамашыны, якая перакулілася пад адхон шашы, прачытаў заключэнне тэхнічнага эксперта. Але мне рупіла штосьці незразумелае, звязанае са скаргай Клянковай. Я, адклаўшы крымінальную справу, зноў узяў яе заяву.

Жанчына пісала, што яна працавала касірам заводскай лазні і яе незаконна звольнілі з работы. Пакрытыкавала дырэктара завода, ён і звольніў. А ў загадзе напісаў, што яна зрабіла прагул без уважлівай прычыны.

Дырэктара завода Гапоненку ў горадзе добра ведалі і паважалі. Энергічны кіраўнік, таленавіты гаспадарнік. Што датычыцца мяне, дык я з ім нават крыху сябраваў. Разоў колькі ў выхадны дзень мы разам ездзілі на рыбалку.