Халецкую я ведаў даўно. Яна сябравала з маёй старэйшай сястрой. Як і памятаю, гэта рахманая, з уважлівымі, як бы здзіўленымі шэрымі вачамі, жанчына, заўсёды жыла добрай заклапочанасцю да людзей. За дзесятак год, што мы не бачыліся, яна быццам яшчэ больш разжылася дабратой і, здавалася, гатова была падзяліцца ёю з усім светам. Можа, гэта ад той штодзённай чуласці да хворых? Шкадаванне да падсуднага яна выказала з асаблівай значнасцю — у голасе чуліся журба і настойлівасць.
Для нас, суддзяў, Грыневіч быў падсудны, для Будзіхіна і ўсіх астатніх, што прысутнічалі ў зале,— злачынца, для яго бацькоў і блізкіх — родны чалавек. Цяпер кожны падыходзіў да яго са сваёй меркай.
Арсеній Пятровіч паглядзеў на Халецкую, мусіць, думаў, што яна яшчэ нешта скажа. Затым рэзка ўстаў.
— Пасадзі такога за краты — а што з ім далей стане? — Прайшоўся па кабінеце.— Вернецца ён праз пэўны час і будзе потым хадзіць з апушчанай галавой. Чалавек, відаць, такі, што змарнее, жывучы з мянушкай арыштанта. Умоўна б яму…
— Тут мы павінны вырашыць, як патрабуюць ад нас сумленне і закон,— сказаў я.— Улічыць, наколькі цяжкія вынікі злачынства, асобу злачынцы — ці ён закаранелы які ліхадзей, ці выпадкова аступіўся.
— Дык жа чалавек змарнее,— не супакойваўся Кныш,— калі яго за краты.
— Умоўную меру пакарання суд мае права назначаць толькі ў выключных выпадках. Разумееце? У выключных, пры асабліва змякчаючых віну абставінах. А тут — дзе яны, змякчаючыя абставіны? Чулі, што пацярпеўшы выкрыкваў? I я не ўпэўнен, што толькі ён адзін так думае. А што народ скажа, калі мы асудзім умоўна?
Тады я не ўсведамляў, што спрачаўся не столькі з засядацелямі, колькі з самім сабой.
— Іч ты, як проста. Справядлівасць — пад ногі, абы хто лішняга чаго не падумаў.— Арсеній Пятровіч пільна ўглядаўся ў мой твар.
— Не разбэшчаны ж хлопец,— недзе побач чуўся голас Халецкай.
Але я больш не слухаў яе. «Ну так, за несправядлівасць я ў адказе перад законам, але ж гэта адно,— усплыла, акрэслілася ў мяне думка, выкліканая папрокам Кныша.— Я павінен… Мой святы абавязак — таксама вельмі высока ставіць сваю маральную адказнасць перад людзьмі, лёс якіх вырашаю».
…Калі я абвяшчаў прыгавор, Грыневіч стаяў па-ранейшаму прыгнечаны, унураны. Ды і як ён мог адчуваць сябе інакш? Змены наступаюць за надзеяй. А якая ў хлопца магла быць надзея? Суддзя як ні крычаў на яго. Тое, што было для яго галоўнае — мера пакарання,— спачатку нібы не кранула яго. Але калі я ўжо зачытваў тэрмін і парадак абскарджання прыгавору, ён раптам выпрастаўся.
— Умоўна? — паспешліва, быццам баючыся, што суддзі могуць яшчэ перадумаць, перапытаў ён.— I мне можна цяпер паехаць у Бабруйск? — Словы яго прагучалі зусім па-дзіцячы, нібы вымавіў іх спалоханы хлапчук, а не юнак.
У зале засмяяліся. I мне ўпершыню за ўвесь дзень захацелася ўсміхнуцца. 3 душы зваліўся цяжар.
— Можна. А што, калі не сакрэт, цягне вас туды?
Дзіўная, незнаёмая цішыня раптам усталявалася ў зале. Мне падалося, што на працягу ўсяго працэсу не было такой цішыні, як тады.
— Будзе там ногі людзям ламаць,— панура азваўся Будзгохін і азірнуўся, чакаючы падтрымкі.— Нічога, Гомель дасць рады…
— Я на экзамены ў тэхнікум выклік атрымаў.— Вочы Грыневіча засвяціліся. Ён кінуў позірк на дзяўчыну з вяснушкамі на шчаках.— У яе ён. Ну, пакажы, Маруся, суддзям выклік, пакажы…
А я яшчэ слухаў тую незнаёмую, трывожна-радасную цішыню.
РАСПІСКА
Стаяў чэрвень. Цвіла ліпа, шчодра выпрыскваліся белыя суквецці бульбы, уздоўж жытнёвых палеткаў пагойдваліся пад ветрам сінія васількі. Сонца ўдзень узбіралася высока ў бялёсае неба і адтуль бязлітасна палівала зямлю гарачымі праменнямі. Надвячоркамі па вёсках на розныя галасы звінелі на бабках косы.
Я цэлы тыдзень знаходзіўся ў калгасе. Афіцыяльна зваўся ўпаўнаважаным райкома партыі і райвыканкома, а інакш, як жартам мы, упаўнаважаныя, самі звалі сябе — «штурхачом». Тут я і гутаркі праводзіў з калгаснікамі на розныя тэмы, і старшыню калгаса «вучыў», як трэба гаспадарыць — нарыхтоўваць кармы для жывёлы, рыхтавацца да ўборкі ўраджаю. Аднойчы старшыня, калі я ўжо вельмі яму надакучыў, сціпла ўсміхнуўся і сказаў мне:
— Можа б, вы, таварыш суддзя, правялі ў першай брыгадзе гутарку па статуту сельгасарцелі, а я тым часам у пятую праскочу. Справы ёсць.
Я добра зразумеў яго і пайшоў растлумачваць статут. Старшыня таксама мяне разумеў: далікатна намякнуць, каб я лепш паехаў ды займаўся сваімі судовымі справамі, ён не мог — мяне ж райком прыслаў.