«Няўжо Гапоненка здольны на такое? — падумаў я.— Няўжо ў выпадку з Клянковай сапраўды была расправа за крытыку?» I прыгадаў нядаўні выпадак. Грамадзянін таксама скардзіўся, што яго за крытыку звольнілі. Абураўся, патрабаваў сурова пакараць віноўнікаў. Аднак пасля высветлілася, што ён злосна парушаў працоўную дысцыпліну. Зробіць прагул, а як толькі дырэктар накладзе на яго спагнанне, крычыць:
«Во так яна, крытыка — выходзіць бокам!» Успомніўшы гэта, я падумаў: «А што, калі і тут такое?» I вырашыў: пазваню Івану Ігнатавічу, спытаю.
Пачуўшы ў трубцы мой голас, Гапоненка жартам усклікнуў, што ён дык ужо і зачакаўся гэтага званка, бо даўно ў яго не было прыемнай гаворкі са мною. Відаць, ён спачатку падумаў, што я на рыбалку буду набівацца. А калі даведаўся, у чым справа, ускіпеў:
— Ды як яна можа! Павінен ты ведаць, даражэнькі, што гэтая грамадзянка робіць прагулы. Так-так, прагулы. Яна ашуквае суд.
Ашуквае ці не ашуквае, але ж гэта вырашаецца судом калегіяльна на адкрытым пасяджэнні. Я назначыў справу на судовы разгляд.
Для ўдзелу ў разглядзе яе дырэктар прыслаў у суд начальніка аддзела кадраў Бабчанка. Чалавек гэты, тоўсты, жвавы, то жмурыўся, як ад сонца, то хітравата ўсміхаўся і раз-пораз неяк шматзначна круціў галавой. Даючы сваё тлумачэнне, ён заявіў, што Клянкова сапраўды крытыкавала дырэктара, але ж пры чым тут што! Гэта ж як атрымліваецца: выступіў на сходзе, кіўнуў на начальства, дык і вытварай потым што хочаш? Хай толькі крануць — каравул, помсцяць! Так? Не, парушыў — атрымлівай па заслугах.
Бабчанок, скарастрэльна выпусціўшы абойму слоў, паправіў свой пярэсты гальштук, сцепануў плячом, быццам скінуў з сябе штосьці лішняе, непатрэбнае, ступіў да судзейскага стала.
— Гэта вось — важны для справы дакумент.— Ён падаў мне гладкі белы аркуш, запоўнены машынапісным тэкстам — загад Гапоненкі аб скарачэнні штатаў у сувязі са змяншэннем фонду заработнай платы. Па гэтаму загаду пасада касіра лазні была ліквідавана.
Я спытаў у яго:
— Дык хто ж будзе білеты прадаваць?
— Электраманцёр. Яго абавязалі ў парадку ўшчыльнення рабочага дня,— бойка адказаў Бабчанок і дадаў: — А калі Клянкова хоча, няхай ідзе прыбіральшчыцай. Месца ёсць.
— А хто так прыдумаў — вы?
Штосьці ў тоне, якім я задаў гэтае пытанне, відаць, устрывожыла Бабчанка, і ён насцярожана адказаў:
— Чаму я? Іван Ігнатавіч так загадаў.
— Загадчыка лазні таксама звольнілі з работы ці не? — Я пільна паглядзеў на начальніка аддзела кадраў. Той вытрымаў мой погляд, не міргнуўшы вокам.
— Ён у нас не прагулыпчык.
— Не за прагул, за іншае. За злоўжыванне сваім службовым становішчам. Памятаеце — пра гэта з абурэннем гаварылі на сходзе?
— Калі, на якім сходзе?
— На прафсаюзным. I Гапоненка там пра гэта таксама гаварыў. Па запатрабаванню суда заводскі камітэт прыслаў нам копію пратакола сходу.
Бабчанок не знайшоўся, што адказаць, і збянтэжана прабубнеў:
— Не ведаю, нічога не ведаю, мая справа, як кажуць,— старана.
Загадчык лазні даводзіўся сваяком Гапоненку. Клянкова расказвала, што даўся ёй у знакі гэты сваяк дырэктара. Прымушаў яе прадаваць білеты, якія былі выкарыстаны раней, а выручку аддаваць яму. Клянкова заяўляла пра гэта Гапоненку, прасіла прыняць меры. Той слухаў, ківаў галавой: «Добра, прымем». А назаўтра, калі яна прыходзіла на работу, усё адбывалася па-ранейшаму — прадавай, калі табе загадваюць. Вось яна і расказала ўсё на сходзе. Пасля яе выступаў Гапоненка і даў слова, што пакарае прайдзісвета, які так запляміў сябе. I вось… Звольніў не яго, а касіра. Клянкова даводзіла, што не прыйшла на работу па ўважлівай прычыне: сын захварэў. Але дырэктар не ўзяў пад увагу яе тлумачэння. Так, маўляў, кожны прагульшчык можа сказаць. Трэба даведка ад урача. Даведку яна не прынесла, бо не звярталася ў паліклініку. Назаўтра хлапчуку — ведама ж дзіця, можа, наеўся быў якой зеляніны — стала лепш, і яна пайшла на работу.
На судзе Бабчанок кінуў слова ў слова, як гаварыў Гапоненка Клянковай:
— Сын захварэў… Так кожны прагульшчык можа сказаць.
Сведкі пацвердзілі, што Клянкова заўсёды сумленна ставілася да працы, дбайна выконвала свае абавязкі. Было зразумела, што з ёю расправіліся за крытыку. А ліквідацыя пасады касіра лазні — гэта быў, як кажуць, хітры ход. На ўсякі выпадак.
Суд вынес рашэнне аднавіць Клянкову на рабоце.
У той жа дзень пад вечар мне пазваніў Гапоненка. У яго голасе чулася прытворна-паважлівая мяккасць.