— Даражэнькі, так, мусіць, не будзе, як ты рашыў. Зразумей, памыліўся ты.— I раптам у яго прарвалася: — Пакуль што на заводзе я дырэктар, а не ты.
Я хацеў што-небудзь адказаць, ды адчуў, быццам перасмягла ў горле. Так нічога і не адказаў.
Клянковай, якая назаўтра прыйшла на работу, Бабчанок заявіў:
— Іван Ігнатавіч сказаў, што прадаваць білеты вас не дапусціць. Не мы ж вас аднавілі на рабоце, а нам вас прысудзілі. Дык хай той, хто прысудзіў, возьме да сябе ў штат такую харошую працаўніцу. Прыбіральшчыцай — іншая справа, можна і ў нас.
Здарылася так, што на тым жа тыдні мне давялося быць на заводзе. Там я рабіў справаздачу аб рабоце суда. Перад пачаткам сходу зайшоў да Гапоненкі. Вырашыў: неабходна растлумачыць яму як след, пераканаць па-добраму, што Клянкову трэба неадкладна дапусціць да работы. Гэта ж не мой асабісты загад, а рашэнне суда. Ну, ды як-ніяк, а ўсё ж мы трохі і сябры. Няёмка — быць на прадпрыемстве і не зайсці да дружбака.
Іван Ігнатавіч знаходзіўся ў сваім утульным, з густам абсталяваным негрувасткаю цёмна-карычневага колеру мэбляю кабінеце. Калі я адчыніў дзверы, ён неахвотна ўзняў галаву, паглядзеў прыжмуранымі вачамі. Пабачыўшы, што гэта я, неяк натужліва, быццам па прымусу, усміхнуўся.
— А-а, само правасуддзе, як кажуць. Калі ласка, прашу.— Ён шырокім жэстам рукі паказаў на крэсла. Пачакаў, пакуль я сяду.— Дык што ж гэта ты, Міхаіл Пятровіч, так, можна сказаць, сканфузіў мяне? Па-твойму выходзіць, што мы так сабе.— Дырэктар паварушыў растапыранымі пальцамі каля скроні.
Я сустрэўся з яго насцярожаным позіркам.
— Сканфузіў таму, каб ты надалей сам сябе не канфузіў яшчэ больш,— адказаў па-сяброўску грубавата.
— Яна ж прагул зрабіла. Гэта — факт. Хітрушчая, напляла табе чорт ведае што, а ты не разабраўся і паверыў ёй. Так от адным махам і перакрэсліў мой аўтарытэт.— Гапоненка дакорліва паківаў галавою.— Бяздушны ты чалавек, Міхаіл Пятровіч, ведама ж — суддзя.
Я зірнуў на дырэктара з дакорам, усміхнуўся. Поглядам сказаў яму: «А я думаў, што ты мяне разумееш…» У той момант раптам невядома чаму ўстрывожыўся за яго, нібы адчуў над ім нейкую бяду.
— Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе сваё рашэнне,— хмурачыся, казаў далей Гапоненка. Яго цяжкія калматыя бровы рэзка варухнуліся — спачатку адно, потым другое.
— Ты гэта сур’ёзна, Іван Ігнатавіч? — Я не хацеў даваць веры яго словам.— Калі сур’ёзна, то дарэмна спадзяешся. Як сябру раю табе: неадкладна дапусці Клянкову да работы. А то я вымушаны буду, як ты кажаш, яшчэ раз цябе «сканфузіць».— Зірнуўшы на гадзіннік, я схамянуўся.— Загаварыліся, а там ужо людзі, напэўна, сабраліся. Пайшлі ў клуб.
— Абыходзьцеся як-небудзь без мяне. Работа заваліла. Адных непрыемнасцей — не абярэшся.— Гапоненка ўзяў са стала нейкую паперу і пачаў чытаць.
Я выходзіў з утульнага кабінета ўсё з той жа трывогай, якая ніяк не праходзіла.
***
Да работы Клянкову Гапоненка так і не дапусціў. Суд прысудзіў заплаціць ёй за ўвесь час вымушанага прагулу. За кошт яго, дырэктара. На другі ж дзень пасля суда Гапоненка з’явіўся да мяне. Мажны, не па гадах растаўсцелы, ён у сваім прасторным светла-шэрым, старанна адпрасаваным касцюме выглядаў нейкім рыхлым, стомленым. Перад тым як сесці на крэсла каля стала, пільна зірнуў на мяне, быццам папытаў позіркам: «Можна?»
— Я ўсё наконт Клянковай,— пачаў размову адразу, з канкрэтнасцю дзелавога чалавека. Дастаў з кішэні «Казбек», папрасіў дазволу закурыць і, прапанаваўшы мне папяросу, паклаў пачак на стол.— 3 заўтрашняга дня дапускаю яе да работы.— Ён змоўк і часта забарабаніў пальцамі па карабку папярос.
Відаць было, што ён хацеў яшчэ нешта сказаць, і я чакаў, маўчаў.
— Памылкі ў нас у кожнага, даражэнькі, бываюць,— загаварыў ён зноў.— Ты вось таксама памыліўся, што грошы з мяне прысудзіў. Ну падумай, дзе б я іх набраўся, каб са сваёй кішэні за ўсякі промах плаціў? — Кашлянуў і дадаў: — Маю памылку выправілі, трэба і тваю выпраўляць.
Быццам нешта гарачае абрынулася на мяне. Я, сказаць па праўдзе, спачатку больш здзівіўся, чым абурыўся: што гэта ён?.. Бач, як павярнуў справу...
— Кажаш, памылка? А табе ж суд указваў на яе. Дык чаму ты тады не выправіў? — Я сярдзіта папракнуў яго, а дзесьці ў душы і шкадаваў, і спачуваў яму.
Ён глядзеў на стосы розных юрыдычных кніг у шырокай зашклёнай шафе, хмурыўся. Густая светла-рыжая чупрына абвісла яму на лоб, ад чаго галава выдавала як бы прадаўгаватаю. Відаць было, што ен злаваўся, але стараўся схаваць гэта ад мяне. Раптам павесялеўшы, быццам нешта адолеўшы ў сабе, запытаўся: