Выбрать главу

— На рыбалку паехаць ахвоту маеш? Надвор’е ж цудоўнае стаіць…

— 3 задавальненнем,— адказаў я.— Пасядзець на беразе рэчкі з вудаю — няблага.

— Дамовіліся,— неяк аж узрадаваўся Гапоненка.— А то за справамі рознымі не ўгледзіш, як і лета праляціць. А наконт грошай Клянковай, я думаю, таксама як-небудзь вырашым. Ну, будзь здароў. Часу няма расседжвацца.— Ён схапіў са стала папяросы і грузна пакрочыў да выхада.

Назаўтра раніцай, калі я толькі прыйшоў на працу і нават не паспеў яшчэ сесці за стол, дзверы асцярожна расчыніліся і ў кабінет зазірнуў Бабчанок.

— Можна да вас? — Начальнік аддзела кадраў, сказаўшы гэтыя словы, паспешліва кіўнуў галавой.— Добры дзень, таварыш суддзя!

— Добры дзень. Калі ласка, заходзьце.

Бабчанок, бойка падскочыўшы да стала, шмаргануў замок-«маланку» на цёмна-зялёнай новенькай папцы, дастаў, як і той раз, гладкі белы аркуш з машынапісным тэкстам.

— Клянкова працуе ўжо, вось пацвярджэнне — загад,— голасна сказаў ён і цішэй, са змоўніцкай таямнічасцю і прыхаванай угодлівасцю дадаў: — Вы правільна вырашылі, таварыш суддзя. Між намі кажучы, дарэмна яе пакрыўдзілі. А вы разабраліся.

Я збянтэжыўся, не ведаў, што адказаць на такую неспадзяваную крывадушнасць — не знаходзіў слоў. Замяшанне маё цягнулася, відаць, доўга, ці, можа, мне так здалося? Але ўрэшце я адолеў яго і сказаў:

— А што вы на судзе гаварылі, забыліся? Дык я магу нагадаць, яно ў пратаколе запісана.

— Чаму забыўся? Не. Але ж, ведаеце, кожная сасна свайму бору песню спявае,— не задумваючыся, быццам гэты адказ быў ужо загадзя ў яго падрыхтаваны, прагаварыў Бабчанок.— Я ж быў афіцыяльным прадстаўніком.

Пасля, калі яго крокі аціхлі ў калідоры, праз акно я пабачыў, як ён сышоў з ганка, як накіраваўся да машыны. Ішоў нетаропкай, цвёрдай паходкай задаволенага сабою чалавека, на хаду нешта ляніва падкідваючы на далоні.

Прыкрасць, што ўзнікла ў мяне ад гаворкі з Бабчанком, узмацнілася, запякла горыччу, калі я пачаў чытаць загад Гапоненкі. Там было напісана: «На падставе рашэння народнага суда аднавіць на рабоце злоснага парушальніка працоўнай дысцыпліны…» Я не верыў сваім вачам і яшчэ раз перачытаў: «…злоснага парушальніка працоўнай дысцыпліны». Далей у загадзе значылася: «Аплаціць ёй за так званы вымушаны прагул».

Чаго-чаго, а такога я не чакаў ад Гапоненкі. Ён здаваўся мне памяркоўным чалавекам. Мы сустракаліся з ім у рознай абстаноўцы: афіцыяльнай і неафіцыяльнай. Я любіў яго слухаць, калі ён выступаў на розных гарадскіх сходах, нарадах і семінарах — крытыкаваў, прапаноўваў і заклікаў, дакляраваў. Гаварыў ён лагічна, абгрунтавана, разважліва. I, заўсёды відаць было,— добразычліва. Ад многіх даводзілася чуць пра яго: ото ж чалавек!.. Дык што з ім цяпер здарылася? Галава закружылася, ці што? Але ад чаго? Ад поспехаў у рабоце? Ад улады ці аўтарытэту, на які ён разжыўся ў сваёй стараннай працы? Ці, можа, ён увесь час быў не такі, якім уяўляўся мне — проста выстаўляў сябе?..

Гэтыя развагі падсыпалі мне жару. Прыкрасць, што тлела ў душы, успыхнула агнём, узгарачыла. Я рашуча, палка падумаў: «Не, даражэнькі, так не будзе, як табе хочацца». Пайшоў у канцылярыю, сказаў сакратарцы, каб выпісала выканаўчы ліст і неадкладна перадала судоваму выканаўцу.

Праз тыдзень грошы з дырэктара былі спагнаны.

Ішоў час, сустрэцца мне з Гапоненкам нідзе не даводзілася. Так мы на рыбалку і не ездзілі. Я ведаў: канечне, ён зазлаваў. Але ж павінен ён і розумам і сэрцам зразумець сваю памылку! Не можа быць, каб не зразумеў! Што ні кажы, а чалавек ён з галавою. Дык, можа, мне самому да яго з’ездзіць?

I я паехаў.

Аўтобус лёгка імчаў па толькі што заасфальтаванай вуліцы. Пасажыры хто стрымана, па-дзелавому, хто ўзбуджана, весела перагаворваліся між сабою. Я, здаецца, ні пра што не думаў, безуважна слухаў іх гаману і глядзеў на людзей, на дрэвы, на дамы, што мільгалі за акном. Нечакана слых мой быццам аднекуль здалёку ўлавіў знаёмы голас. Так, спачатку мне кінуўся на ўвагу мёнавіта голас, густы і мяккі, і толькі ў наступны момант я дайшоў да сэнсу пачутых слоў.

— А ты не маўчы, дабівайся свайго.

— Ага, не маўчы… Тады возьмуць ды звольняць з работы. Знойдуць зачэпку і звольняць. Хіба так не бывае?

— Не бойся, не маўчы. Паслухай, што я табе раскажу…

Жанчыны, якія вялі гэтую гаворку, сядзелі паперадзе мяне. Адна з іх раптам, можа, па нейкай дзіўнай інтуіцыі, азірнулася. Вочы яе, цёмныя, вялікія, заблішчалі, яна ўсміхнулася.

— Добры дзень, таварыш суддзя…— Паздароўкалася і сумелася. Падобна было на тое, што ёй карцела яшчэ нешта сказаць, ды якоесьці сумненне ўтрымлівала яе. Мусіць, падумала, што не да месца тут яе гаворка. Шпарка слізганула позіркам па тварах тых, што сядзелі непадалёку ад мяне — яны ўсё будуць чуць,— колькі секунд яшчэ павагалася і загаварыла: — От што я скажу вам: ужо працую. I грошы атрымала.