Па вуліцы прамчалася запрэжаная шустрым вараным канём падвода. У сухой сіняве надвячорка колы тарахцелі весела і заўзята. Адзін за адным пранесліся тры грузавікі.
— Па пшаніцу паехалі,— праводзячы іх позіркам, зазначыў стары.— Зірні, якая ўрадзіла! — Яго тоўстыя парэпаныя пальцы далікатна трымалі вялікі гранёны пшанічны колас.
— А скажы мне, вучоны юрыст, чаму так баяцца парушальнікі таварыскага, ну, словам, калгаснага суда? — праз мінуту без усялякай сувязі з папярэдняй размовай спытаў дзед Логвін.
Стары ўсіх спецыялістаў у калгасе называў вучонымі — вучоны аграном, вучоны заатэхнік, вучоны інжынер… Мусіць, таму і мне ён надаў такі высокі ранг — вучоны юрыст.
Я з адкрытай цікавасцю пазіраў на дзеда.
— А я так разумею,— не дачакаўшыся адказу, працягваў ён.— Скажам, калісь, як правініўся каторы,— кайстру з сухарамі за спіну ды ў раён. Там яму зачытаюць прысуд — і пайшоў па етапу. А вернецца з турмы, дык быццам ён пацярпеўшы ўжо які, пакутнік. Так што некаторыя і спагадаюць яму. Цяпер не тое. Цяпер, словам, няхай перад людзьмі, між якіх рос і дужэў, папацее ад сораму. Балюча за памылку сорам грызе таго, хто сумлення не страціў,— як зубамі. Вунь ён, Кастусь, аж пазелянеў, акаянны, ад нуды.— Дзед кіўком паказаў на высокага плячыстага хлопца, што павольна сунуўся па той бок вуліцы.
— Ён што — пшаніцу ўкраў? — спытаў я.
— Ну што ты! — абурыўся дзед.— Кастусь не злодзей. Пасварыўся з Грабілкам, з кладаўшчыком, і кулаком яго. А хто ж за такое даруе? Калгасны суд судзіць бузацёра будзе. У суботу.
— Гэтай справай, мусіць, павінен народны суд заняцца, калі так. Падобна, што тут хуліганства. Кастусю вашаму, каб перавыхавацца, трэба спазнаць цяжар пакарання.
Памаўчалі. Дзед Логвін задумаўся.
— Вельмі да машын здатны хлопец. Вясной трактарыстам прызначылі — дык аж падскочыў ад радасці, аж засвяціўся ўвесь, дзе тое і рабацінне з твару падзелася. Нягожа ад машын адрываць яго.
Дыскуціраваць з ім у мяне не было ахвоты. Я зірнуў на гадзіннік.
— Што, вячэраць пара? — усміхнуўся дзед.— То ідзі, вучоны юрыст, за стол таксама спазняцца нельга.— Ён развітаўся і пайшоў лёгкай спружыністай паходкай.
Гісторыя з Кастусём мяне зацікавіла. У суботу ўвечары я прыйшоў у клуб, дзе адбываўся суд.
Месца старшыні суда займала невысокая ў сіняй клятчастай сукенцы жанчына. На яе смуглявым твары ледзь выступаў румянец. Строгія былі вочы, строгія губы — яны, здавалася, не маглі смяяцца. Але падрэзаныя чорныя валасы, што хваліста падалі на плечы, роўныя паўкруглыя бровы і пушыстыя вейкі надавалі жанчыне нешта дзявочае. Абапал яе сядзелі незнаёмы мне мужчына сярэдніх год і дзед Логвін. Дзед быў у новай, белай, вышытай васількамі сарочцы, валасы гладка зачэсаны.
Ад суседа, з якім сядзеў побач, я даведаўся, што старшынёй суда была выкладчыца літаратуры Марыя Фёдараўна Ясонава.
Кастусь Аляшкевіч гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў скупа.
— Ударыў, прызнаюся. Толькі не цягніце каніцель, судзіце хутчэй,— паўтараў ён упарта.
Дзед Логвін роблена кашлянуў у кулак. Яму, відаць, не цярпелася нешта сказаць. Але без дазволу настаўніцы ён не адважваўся.
— Усё ж за што вы ўдарылі Грабілку? — каторы раз пытала яна.— Раскажыце суду, не скрывайце.— Гаварыла нетаропка, круціла ў тоненькіх пальцах аловак — хвалявалася.
Кастусь злосна паглядзеў на яе.
— Нахабны ён вельмі, таму і ўрэзаў.
Дзед Логвін паківаў галавой.
— За нахабнасць, гаворыш, пакараў? — атрымаўшы, нарэшце, дазвол, спытаў ён.— А калі, напрыклад. і ён цябе нахабнікам лічыць, тады што? Тады і ён хае права пад дых табе?
— Дык вы б і самі, дзед Логвін…— раптам успыхнуў Аляшкевіч.— Не стрывалі б самі, каб вас хто конскім хвастом абазваў. А ён як што, дык на мяне — выхлапная труба.— Кастусь аж пачырванеў ад узрушанасці.— I па-рознаму потым, па-рознаму…
Касматыя бровы дзеда Логвіна ссунуліся над пераносіцай, пальцы палезлі ў бараду.
— Па закону дзейнічай, калі так. А то кулакамі пудовымі абзавёўся, а на розум не разжывешся.
— Дык жа мяне крані за жывое — я вогненны раблюся.
— Словам, маладзец, добра робіш — так?
Кастусь зірнуў на суддзяў, схіліў набок галаву і з гэтага становішча пільна пазіраў на Ясонаву.
Як дапытвалі пацярпеўшага Грабілку, Аляшкевіч сядзеў, бы скамянелы.
Грабілка, маленькі, хударлявы, быў у новых сініх галіфэ і хромавых ботах з доўгімі халявамі. Стаяў, шырока расставіўшы ногі. Адкінуў рукі за спіну, выпнуў жывот і падазрона сачыў за Кастусём.