Выбрать главу

— Сустрэў гэты разбойнік мяне і выскаляецца: «У пшанічцы ўсё купаешся?» А я — што, маўчаць буду? Які ж я злодзей? Хто мяне злавіў? — Ён памыляў тонкімі губамі, быццам нешта смакуючы, і кінуў: — Не злоўлены — не злодзей, кожнаму вядома…

Кастусь раптам насцярожыўся, зірнуў на акно. 3 вуліцы даносіўся гул матора. Прамчалася машына, разразаючы цемру святлом фар. «Пшаніцу возяць»,— падумаў я, успомніўшы словы дзеда Логвіна. Пра Кастуся неяк не падумаў — чаго ён так страпянуўся?

Я быў упэўнены, што суддзі перададуць справу ў пракуратуру, каб правесці расследаванне і прыцягнуць Аляшкевіча да крымінальнай адказнасці. Быў упэўнены і тым не менш чамусьці не здзівіўся, калі настаўніца абвясціла: «Грамадскае ганьбаванне…»

Выходзячы з клуба, я сутыкнуўся з дзедам Логвінам.

— Словам, вучоны юрыст, самі, калгасам, будзем Кастуся ад брыдоты адвучаць,— сказаў ён і крануў за руку Ясонаву, што ішла побач з ім.— Ты, Марыя Фёдараўна, ведаеш гэтага чалавека? Гэта Мані-цялятніцы сын, юрыст.

Дадому нам з Ясонавай было па дарозе, і мы пайшлі разам. Далёка на паўнеба бліскалі зарніцы. I тады на міг з цемры выскаквалі абмытыя дажджом дрэвы пад вокнамі хат, слалася шырокая вясковая вуліца.

Марыя Фёдараўна расказвала мне пра вёску — як яна абнаўляецца і прыгажэе. Успомніла і пра цагляныя дамы на Зарэчнай вуліцы, і пра камбінат бытавога абслугоўвання, што ўзнік на месцы ранейшай царквы, і пра кнігарню. Усё гаварыла-гаварыла… Гэтая яе прыўзнятасць пакрысе пачала захмарваць мой настрой: няўжо яна так хутка адключылася ад таго, чым нядаўна жыла,— нялёгкага і складанага? Ці ёй усё роўна, як будзе далей?

Я хацеў завесці пра гэта гаворку, і мне не цярпелася пачаць яе хутчэй. Выбраўшы нарэшце момант, я спытаў:

— Як жа атрымалася? Аляшкевіч учыніў сур’ёзнае злачынства і, можна сказаць, лёгкім спалохам абышоўся.

Ясонава адказала не адразу.

— Чалавек, Міхаіл Пятровіч, як вам вядома, ні ў добрым, ні ў дрэнным не ўвесь. Аб гэтым калісь Максім Горкі трапна сказаў. Вы ж таксама, напэўна, прыкмецілі, што тварылася ў душы ў хлопца. Мы паверылі яму.

Пры ўспышцы я ўбачыў яе спакойную ўсмешку. Марыя Фёдараўна чамусьці азірнулася, затрымала погляд на ярка асветленых вокнах клуба.

— Моладзь танцуе. Вы танцаваць любіце? — спытала нечакана.

«Што гэта яна — забаўляецца са мной?» — зазлаваў я і рэзка адказаў:

— Яшчэ як! — у душы варухнулася непрыхільнасць да яе.— Сёння, Марыя Фёдараўна, як мне здалося, быў той выпадак, калі публічнай уладзе належала вырашаць справу. А вы вось так…

Яна хутка павярнулася да мяне, быццам спытала: як — вось так?

— Даруйце, але ж так вось, па-школьнаму…— Мусіць, таму, што адчуваў яе нейкую перавагу над сабой, гэтыя словы я сказаў з ноткамі высакамернасці.

— Учора я прачытала ў газеце вершы аднаго рабочага пра глушцоў. Дзівакі птушкі сабраліся на сваім нядаўнім такавішчы. Заплюшчылі вочы і затакавалі. А калі «ранак ссунуў фіранку чорную», убачылі, што сядзяць на плошчы Піянернага горада. Цудоўны верш…— Марыя Фёдараўна задумалася, крыху памаўчала і працягнула мне руку: — Бывайце здаровы, Міхась. Рада была сустрэцца з вамі. Гэта ж столькі не бачыліся…— У голасе яе былі крыўда і дакор.

Даўно мяне ніхто так не называў. Для блізкіх быў я цяпер Міша, а для ўсіх астатніх — Міхаіл Пятровіч ці «грамадзянін суддзя». I вось зноў — Міхась… Ад гэтага адзінага слова павеяла на мяне нечым бясконца дарагім, быццам усміхнулася мне цудоўнай усмешкай светлае маленства. Я нават забыўся папытаць, пры чым тут верш пра глушцоў. Пільна прыгледзеўся да настаўніцы, спытаў, адкуль яна ведае мяне.

— I вы мяне ведаеце,— адказала яна цішэй, з сумам.— Я — Маша. Ну, тая самая Маша… Памятаеце? Тады маё прозвішча было — Гардзіенка.

Маша Гардзіенка…

Гэтае імя мне адразу нагадала незабыўны выпадак, які здарыўся ў маленстве.

…Мароз вывеў на вокнах мудрагелістыя ўзоры, развесіў на дрэвах сярэбраныя карункі інею. Блішчаў, іскрыўся на сонцы снег. Гаманлівымі гуртамі вярталася са школы дзятва. Дзед Логвін, мінаючы нас, туга нацягнуў лейцы, моўчкі хітравата ўсміхнуўся ў бараду. Гарачы стаеннік па-лебядзінаму выгнуў шыю, нецярпліва затупаў тонкімі доўгімі нагамі. Мы з віскам і рогатам кінуліся на сані. Як уселіся, Маша спытала ў мяне:

— Ну чаму ты, Міхась, злуешся? Хіба я вінавата, што мяне пахваліла настаўніца, а цябе — не? Злуешся, а я ніякая не выскачка.

Яе вочы блішчалі, як сняжынкі на сонцы. Я нічога не адказаў ёй, а як толькі стаеннік ірвануў з месца — штурхнуў у спіну. Яна потырч паляцела ў сумёт. Дзед Логвін сядэеў у перадку саней і не бачыў гэтага, таму і не сагнаў мяне самога.