Павячэраўшы, я ўзяўся вастрыць свае канькі. Крыху пашарпаў напільнікам і шпурнуў іх пад печ, стаў чытаць «Рабінзона Круза». За доўгі вечар я перагарнуў усяго некалькі старонак. Незразумелае трывожнае пачуццё выбіла мяне з раўнавагі, закруціла мае думкі. У іх былі і спагада дзяўчынцы, і дакор сабе самому, і яшчэ нешта нязвыклае, пакутлівае. Неўзабаве Маша кудысьці пераехала — яе бацьку-настаўніка прызначылі дырэктарам школы ў іншай вёсцы. 3 той пары яснавокую дзяўчынку з чорнымі косамі я больш не бачыў. Толькі калі бязлітасная памяць іншы раз нагадвала пра яе, даймала нейкая застарэлая нязгасная прыкрасць.
I вось — неспадзеўка. Я, здзіўлены і збянтэжаны, маўчаў.
— Да пабачэння, Міхась,— пачулася ад веснічак.
Я хацеў нешта сказаць Марыі Фёдараўне, але так і не знайшоў патрэбных слоў.
Потым я доўга сядзеў на лавачцы ля бацькоўскай хаты. То чуў, як дзед Логвін вёў разважлівую размову пра жыццё, то добразычлівая пакрыўджаная Маша і ўсхваляваная шчырая Марыя Фёдараўна стаялі перад вачамі. Думы-ўспаміны пераскоквалі з аднаго на другое: то пра дзяцінства, то пра цяперашняе. Здавалася, канца ім не будзе. Прыгадаўся суд над Аляшкевічам. Тады чамусьці нечакана вывернуўся ўспамін пра тое, што надарылася перад самым ад’ездам у водпуск.
Вечар. За акном аўтобуса цячэ сіняе святло. Я еду на завод растлумачваць новы закон.
А за маёй спіной нехта малады бубніць:
— У мяне. брат, аж сарочка да лапатак прыліпла. Ці то ад сораму, ці ад злосці ўпарыўся. Зменшчык мой Грышка Брэль быў ужо не дружбак для мяне, а суддзя. Сядзіць за сталом — і погляд у яго нейкі судзейскі стаў, і голас. «Думаеш, кажа, калі за адным станком стаім, дык паслабка ад мяне будзе? Не будзе. Давай слова, што больш не станеш бузацёрыць». Ты чуў, які ён — Грышка? Я яго, здаецца б, растрыбушыў — ну толькі што, перад судом, закурыць у мяне прасіў, а сам які? А з усіх куткоў хіхікаюць, кепікі падпускаюць: «Так яго, сябрука свайго закадычнага, добра падпячы, хай ведае, з кім сябруе…» Цяпер Грышка — зноў дружбак. Працуем разам, спаборнічаем. От, брат, як бывае. Дзіўна, праўда ж?
Я азірнуўся. За мной сядзелі два чубатыя чарнявыя хлопцы. У аднаго з іх на пінжаку чырванеў значок ударніка камуністычнай працы. Потым я ўсю дарогу разважаў: якога ж з тых чубатых, ударніка ці другога, абразуміў дружбак-суддзя?
Даўно ўжо не ўспыхвалі зарніцы. 3 пасвятлелага неба мігатліва пазіралі зыркія летнія зоры. Сціхлі песні і залівістыя гукі гармоніка, што разносіліся ў наваколлі, калі расчыняліся дзверы клуба. Бралася за золак. Мацней запахла гваздзікамі і яблыкамі. «Ці не час табе, адпускнік, класціся спаць?» — пакпіў я з сябе. У тую мінуту, як ступіць за парог, мяне раптам кальнула: «А вершам гэтым яна хацела сказаць, што ты, таварыш суддзя, бы той глушэц, такуеш з заплюшчанымі вачамі». I прыкрасць, і нейкі салодкі сум, і незразумелая ўзнёсласць ляжалі на душы.
Водпуск мой заканчваўся, і назаўтра я развітаўся з роднымі мясцінамі. 3 таго часу заўсёды ў пісьмах да маці перадаваў прывітанні Марыі Фёдараўне і дзеду Логвіну. Аднаго разу папрасіў яе, каб напісала, як паводзіць сябе Кастусь Аляшкевіч. Але адказ на гэта атрымаў раней, чым пісьмо.
У рэспубліканскай газеце я пабачыў фотаздымак карэспандэнта БелТА. Перадавы трактарыст раёна Кастусь Аляшкевіч араў поле. Мне тады падумалася, што не шкодзіць іншы раз павучыцца і ў таго, каго табе самому закарцела павучыць. Як мне тады на таварыскім судзе… Адтуль, дзе праўда, заўсёды ідзе добрая навука.
ЖЫВІЦА
Начальнік канвоя, стройны чарнявы старшына міліцыі, бойка далажыў, што Грозны ў суд дастаўлены. Знізіўшы голас, ён задаволена, як жаданую прыемную навіну, паведаміў:
— Сёння адпеты злачынец у гуморы. Кажа, бацьку роднага так не любіў, як любіць суддзяў. I смяецца.
Злодзей-рэцыдывіст Андрэй Пушкарэвіч, па мянушцы Грозны, знаходзіўся за невялікай загародкай з точанымі стаякамі, дзе ў час суда ўтрымліваюцца арыштаваныя. Ён ужо двойчы судзіўся за кватэрны крадзеж. Цяпер абвінавачваўся, што ўкраў дзве тоны бульбы — перавозіў з калгаса на крухмальны завод і адзін рэйс завярнуў «налева».
На папярэднім следстве ён не прызнаў сваёй віны. Патрабаваў, каб яго вызвалілі з-пад арышту, буяніў, адмовіўся даваць паказанні. «Замкнуў» рот — пракалоў вострым дроцікам губы і скруціў канцы.
Цяпер ён сядзеў ціхмяны, спакойны, быццам быў само ўвасабленне рахманасці і дабраты. Калі слухаў абвінаваўчае заключэнне — не паварухнуўся. I тут, у судзе, ён заявіў, што невінаваты. Таму вырашана было спачатку заслухаць сведак.
Першай выклікалі сведку Гаўрылаву. Яна падышла неяк асцярожна, павольна пасоўваючы нагамі — бы ступала па кладках. У куточках губ яе трымцела дзёрзкая гаркаватая ўсмешка. Бойка агледзеўшы кожнага, хто сядзеў за судзейскім сталом, Гаўрылава прыгладзіла кучаравую пасму валасоў, што звесілася над вокам.