— Не фанабэрцеся, Пушкарэвіч, сур’ёзна адказвайце.
— Я ўсё сказаў сур’ёзна. А калі хочаце, магу і сур’ёзней.
— У мяне больш няма пытанняў.— Пракурор нешта падкрэсліў у сваім дасье. На яго высокі прамы лоб упала рудая пасма. Светла-шэрыя пільныя вочы пазіралі з-за акуляраў задумліва. Погляд не пасаваў да рэзкага голасу, які нядаўна ўладарыў у зале.
I раней я неаднойчы бачыў Паўла Іванавіча такім — незвычайна засяроджаным, паглыбленым у свае думкі да самазабыцця. Тады мне іншы раз чамусьці здавалася, што гэты непахісны, строгі ахоўнік законаў дома па вечарах тайком ад усіх ці то стварае музыку, ці вершы піша. Я неяк сказаў яму аб гэтым. Ён рассмяяўся, а вочы яго зрабіліся яшчэ больш задумлівымі.
Калектыў аўтабазы, дзе працаваў Пушкарэвіч, прыслаў у суд грамадскага абвінаваўцу — шафёра Сцяпана Барсукова. Прадстаўнік калектыву выступаў у спрэчках першым.
— Давай, салажонак, павішчы, павучы, як жыць,— пагардліва скрывіў губы Грозны, калі ён устаў, каб сказаць сваю прамову.
Барсукоў бліскучымі вачамі павёў па зале.
— Што я магу сказаць, грамадзяне суддзі? Зганьбіў гэты чалавек нашу перадавую аўтабазу.— Ён рэзка паказаў рукой у бок загародкі.— Абяцаў, што сумленна будзе жыць, і ашукаў. Мы ж табе, Пушкарэвіч, паверылі, новую машыну выдзелілі. Работай, давай план. А ты што? Ты дабіў яе, хоць у капіталку пасылай. I зноў жа з бульбай. Дакументы — яны не хлусяць. Грамадзянін суддзя вось тут зачытваў іх. Загрузіў ты ў калгасе пяць машын, а на завод адвёз чатыры. Дзе пятая? А наконт подпісу — дык тут таксама зачытвалі заключэнне экспертызы. Твой подпіс.
«А гэты таксама музыку стварае?» — нечакана злавіў я сябе на думцы. Здзівіўся, што падумаў пра гэта сур’ёзна. У судзе, напэўна, пра ўсё ў першую чаргу імкнешся сур’ёзна падумаць.
— Я пытаю ў цябе, Пушкарэвіч, як ты мог так зрабіць?
— Змоўкні, гад! — Грозны ўскочыў, засоп. I тут ён хістануўся, ловячы рукамі поручні.— Доктара...
Маці яго застагнала. Па зале пракаціўся трывожны гул.
Быў абвешчаны перапынак. Пушкарэвіча завялі ў мой кабінет, далі вады.
Судова-медыцынскі эксперт Парфен Якімавіч Дзякаў працаваў у паліклініцы на прыёме. Паліклініка знаходзілася непадалёку, і ён хутка з’явіўся ў суд. Грозны скоса глянуў на яго. Парфен Якімавіч страсянуў тэрмометр, паглядзеў, ці спала ртуць, і, усунуўшы яго Пушкарэвічу пад сарочку, чамусьці папярэдзіў:
— Не ўпусці.
— Табе, морда, шкада градусніка? Дык я яго з’ем.
Грозны выхапіў з-пад пахі тэрмометр і піхнуў яго ў рот, сутаргава глытнуў. Начальнік канвоя недарэчна закрычаў:
— Чаму парушаеш? Адставіць!..
Пушкарэвіч хрыпла зарагатаў, погляд яго гарэў лютасцю.
Гэтая прыкрая падзея глыбока ўразіла ўсіх. Было да болю ніякавата і крыўдна. Навошта такая бязглуздая жорсткасць і да сябе, і да людзей?
— Калі градуснік цэлы — выратуем,— паўтараў Парфен Якімавіч, камечачы ў руках кардонны футараз з-пад тэрмометра.— Абы толькі ртуць не разышлася па страўніку, дык выратуем.
Начальнік канвоя, расчырванелы і спацелы, то чамусьці кранаўся казырка шапкі, то абцягваў кіцель. Але Пушкарэвіч не звяртаў увагі ні на яго, ні на Парфена Якімавіча. Ён пераводзіў позірк з мяне на пракурора, і скрозь застылую зларадную ўсмешку на яго твары, скрозь лютасць у цёмных вачах прабівалася нейкая непераадольная нясцерпная туга. Зрэнкі блішчалі, як дзве застылыя кроплі.
У той дзень я больш нічога не мог рабіць. Застаўшыся адзін, папрасіў сакратарку, каб адшукала ў архіве ранейшыя крымінальныя справы на яго. Потым доўга перагортваў пажоўклыя старонкі. 3 іх адзін за адным паўставалі ўчынкі дзёрзкага легкадумнага хлапчука, падзеі яго крымінальнай хронікі.
Былі калісьці і ў Андрэя Пушкарэвіча добрыя захапленні. Любіў ён гуляць у валейбол, азартна кідаўся да мяча. Аднойчы, калі хлапчук з’явіўся на валейбольнай пляцоўцы, яго шлёгнуў вокрык: «А ну каціся адсюль, двоечнік». Стараста класа схапіў яго за каўнер, даў каленам пад зад. Пасыпаліся насмешкі. Андрэй залез на тын і доўга сумным позіркам сачыў за гульнёй. Потым, пакрыўджаны і злы, адправіўся ў горад. Бадзяўся па вуліцах, зазіраў у магазіны, кідаў у скверы каменьчыкі, цэлячыся ў дрэвы і ў птушак. Каля кінатэатра падышоў да яго падлетак Сяргей Смалянчук.
— Кіно паглядзець хочаш?
— Грошай няма.
Смалянчук смешна паказаў язык, падміргнуў падбітым вокам і ўціснуўся ў натоўп ля білетнай касы. Андрэй бачыў, як ён спрытна двума пальцамі выцягнуў з кішэні ў хлопца грошы. Пасля сеанса Смалянчук сказаў: