На брыгадным двары непадалёку ад купкі людзей, што згуртаваліся вакол мяне, дзед ладкаваў граблі. Здавалася, ён не звяртаў на мяне ніякай увагі, клапатліва сагнуўшыся, забіваў зуб’е ў брускі.
— Зямлёй усе жывём, а пры хлебе толькі селянін састаіць,— заўважыў ён, як я скончыў сваю кароткую гутарку.— Ты б, грамадзянін суддзя, тыя дні, што тут, з касой пазабаўляўся. Сілы ж, відаць, не бракуе, спраўны. Бачыш — у сяле адны бабы. А касцы — вунь яны, спяць.— Ён паказаў рукой у край вуліцы, на агароджаную штыкетнікам брацкую магілу. Працягнутая рука яго на нейкія секунды як бы застыла. Я заўважыў: бледна-зялёныя плямы ядавітага соку пустазелля пакрывалі далонь, на згібах пальцаў патрэскалася скура. Відаць, перад тым як прыйсці сюды, ён нешта рабіў у агародзе. Стары зноў павярнуўся да мяне, глядзеў, як бы гаварыў: акурат самая пара зараз — рассесціся, языком мянташыць.
I нейкая няпэўная радасць, і трывога, і сорам агарнулі тады мяне. Не памятаю, што я адказаў старому, узяў у яго граблі і разам з усімі адправіўся на луг. Да вечара зграбаў і складваў у копы сена.
Камандзіроўка мая ў той дзень закончылася, і я апоўначы вярнуўся дадому.
Назаўтра, як толькі адкрыў судовае пасяджэнне, я чамусьці адразу паглядзеў на рукі падсуднага Фядоса Гарбыля. Яны былі сінявата-чырвоныя, вялікія. Гарбыль прасачыў за маім позіркам з нейкай патайной вострай насцярожлівасцю, пашавяліў пальцамі і залажыў рукі за спіну.
— Жыву я, грамадзянін суддзя, паціхеньку: ступ ды ступ, ступ ды ступ… Нікому не замінаю, нікога, можна сказаць, не трывожу. А гора вось усё роўна накараскалася,— забедаваў ён, перш чым расказваць пра тое, у чым абвінавачваўся.— Гора — яно бязлітаснае і нахабнае, спасцігнуць кожнага можа.
Гарбыль быў чалавек не старога веку. Высокі, ладна складзены, з рыжымі пышнымі вусамі пад тонкім кручкаватым носам, з учэпістым позіркам карых вачэй. Загаварыўшы, ён вельмі паныла згорбіўся. Я слухаў яго далікатную ліслівую гаворку, пільна ўглядаўся ў непранікальны для вока нерухомы твар, і мне здалося, што ў глыбіні вузкіх зрэнак прасвечвалася нешта жорсткае і калючае.
Працаваў Гарбыль кладаўшчыком райпрамкамбіната. Рана ён ад бацькавай навукі на свой хлеб узбіўся. Спачатку ў гандаль падаўся, крамнікам. Доўга ў перадавіках значыўся, але неяк праштрафіўся — аблічваў пакупнікоў. Зволены па ўласнаму жаданню. 3 таго часу — колькі год ужо кладаўшчыком. I ўсё было добра. Ды вось неспадзеўкі выткнулася непрыемнасць: налётная рэвізія выявіла недастачу дроту на дзесяць тысяч рублёў у старых грошах.
Расказаўшы суду пра ўсё тое, чым цікавіўся на допытах следчы, Гарбыль уздыхнуў, пачухаў патыліцу. Потым коса зірнуў на сваё плячо, стаў стрэсваць з яго перхаць. Як абтросся, кашлянуў у кулак, прачысціў горла і прагаварыў:
— Хваробаю змораны я. I яшчэ сказаць — неспакой томіць нутро, аж моташна. Саўсім няма зладу э нудой. Крыўды над сабой душа не церпіць.— Ён глядзеў на мяне так, як бы хацеў дазнацца, што я думаю, і маўчаў — аж трываць цяжка стала гэтую маўчанку.
— Вы сказалі, што дрот здалі кладаўшчыку райспажыўсаюза Антону Мялешку на часовае захоўванне. А чым вы гэта можаце пацвердзіць?
— Вось жа распіска, знайшлася. Столькі шукаў яе для грамадзяніна следчага, усё ў хаце перавярнуў, а яна за іконаю завалілася. Жонка, глядзі што, запраторыла.— Ён выхапіў з кішэні пажоўклую паперку, разгарнуў яе і, трымаючы ў працягнутай руцэ, ступіў да стала. У голасе яго чулася вінаватасць.— Калі б знайшоў яе, праклятую, дык і судовай прыкрасці б гэтай не спазнаў.
«Цяпер распіску трэба правяраць — а як? — устурбавала мяне думка.— Каб следчаму прад’явіў яе — той бы праверыў, таму лягчэй».
— Па складу райспажыўсаюза таксама рэвізія была, ніякага дроту там не выяўлена. Куды ён падзеўся?
— Гэта невядома мне. Хіба толькі к слову: Антон на гарэлку вельмі ласы. Спытайце — кожны скажа вам. Быў выпадак…— Прыкрыўшы далонню рот, Гарбыль неяк ненатуральна, тонка хіхікнуў.— Халасцякаваў тады яшчэ Антон. Собіла яму трапіць у вёску на фэст. Вечарынку граў. Ну і награўся. 3 першымі пеўнямі павалокся дамоў. За ваколіцу выбраўся, а далей — зямля, як параход у буру, захісталася, казаў. Дык ён прывязаў гармонік папругай да нагі і на карачках прыпоўз. Смеху тады было… А вы пытаеце, дзе дрот.— Гарбыль чамусьці адтуль, дзе стаяў, падаўся крыху ўбок, быццам некаму саступіў дарогу.
Мялешка знаходзіўся ў пакоі для сведак і не ведаў, што Гарбыль прад’явіў суду яго распіску. Пераступіўшы парог у залу, ён сарваў з галавы зашмальцаваную, няпэўнага колеру кепку, прайшоў і сеў побач з падсудным. Па зале пракаціўся прыглушаны смяшок. Нехта кінуў падначку: маўляў, ведае сваё месца. Падбадзёраны Гарбыль схапіў Мялешку за руку, пацягнуў да сябе: