Недзе далёка, за агароджай калоніі, быццам насуперак стылай непагадзі, весела іграў баян. Доўга стаяў Пушкарэвіч, прыхінуўшыся плячыма да мокрай драўлянай сцяны, прыслухоўваўся да гукаў ночы і да самога сябе.
Назаўтра ён моўчкі, раз’юшана дзёўб кіркай зямлю. Добра ўгрэўшыся, разагнуўся, шаркнуў далонню па лбе, з горкай іроніяй сказаў:
— Асвойваць трэба кірку, бо з непрывычкі нават у пот кідае.
Успамянуўшы чарцей і багоў, ён дзёўб і дзёўб.
I пацягнуліся аднастайныя, цяжкія дні.
Выйшаў Пушкарэвіч з калоніі сонечным ранкам. Доўга шыбаваў без аглядкі. Перадыхнуць спыніўся на вуліцы невялічкага пасёлка. Расхрыстаўся, пацёр халоднай рукой грудзі, уздыхнуў глыбока, аблегчана. Сэрца гулка ўдарыла, закалацілася часцей. Чамусьці ўпершыню ён так востра адчуў радасць волі. Паўз яго ішлі людзі, і яму паказалася несправядлівым, крыўдным, што ніхто з іх не заўважае яго радасці.
Гледзячы на прахожых, Пушкарэвічу нечакана захацелася даведацца, аб чым яны думаюць, куды спяшаюцца. 3-за лесу пачуўся глухі перастук колаў па рэйках. Ён ляцеў удалячынь, слабеў, павольна знікаў. Ён некуды клікаў.
…Пушкарэвіч змоўк так жа нечакана, як і разгаварыўся. Апусціў галаву, пасядзеў. Раптам спытаў:
— Скажыце, начальнік, як далей жыць? Дзе тая жывіца, што дапаможа, каб душа ачуняла? Дзе? Ці вы толькі ведаеце, як за краты кідаць?
Сухая абветраная скура на яго шчоках нацягнулася, губы задрыжалі. У кабінеце згушчаўся змрок. Вочы Пушкарэвіча пацямнелі, як цямнеюць нябёсы, зацягваючыся навальнічнымі хмарамі.
— Праца ад вашай хваробы вылечвае. Толькі праца. Шафёрам хочаце ці куды? — спытаў я.
— Нельга мне шафёрам, перавучвацца трэба. Хоць куды ўладкуйце, толькі хутчэй.
Згорбіўшыся, няўклюдна перакасіўшы плечы, ён выйшаў.
***
У парках і садах ціха перашэптваліся лісцем дрэвы. 3 зарэчнага лесу цягнула смалістым водарам хвоі. Сонца не скупілася на ласкавае цяпло.
Двухпавярховы цагляны дом, у якім я жыў, засялілі на мінулым тыдні, і цяпер работнікі камунальнай гаспадаркі добраўпарадкоўвалі двор. Пасярод яго, дзе меркавалася разбіць сквер, пабудавалі дзіцячыя арэлі. Астатнюю плошчу меліся заасфальтаваць. Пад асфальт навазілі пяску.
Завярнуўшы ў двор, я адразу ўбачыў Пушкарэвіча. Ён сядзеў на кукішках, прытуліўшыся плячамі да сцяны дома. Перад ім з вясёлым пранізлівым ціўканнем імкліва праносіліся ластаўкі. Ён праводзіў іх журботным позіркам і дыміў цыгаркай. Відаць, нешта ўспомніў, устаў, выплюнуў цыгарку і абцасам утаптаў у зямлю.
Праходзячы міма, я паздароўкаўся з ім. Каля дзвярэй азірнуўся, спыніўся. Пушкарэвіч, абапёршыся на рыдлёўку, стаяў, пазіраў на дзяцей, якія з радасным віскам гушкаліся на арэлях.
Высока сінела бясхмарнае неба. Толькі далёка на захадзе віднелася нерухомае шэрае воблачка. Белагаловы хлапчук, выбелены летнім сонцам, прыжмурыўшыся, глядзеў на неба. Потым сеў у сядло арэляў, павярнуўся да Пушкарэвіча, закрычаў:
— Дзядзя Андрэй, у вашай ракеце на Месяц палячу.— I памахаў рукой. Пушкарэвіч усміхнуўся, узмахнуў у адказ — парывіста, таропка, аж увесь падаўся наперад.
Ён яшчэ пастаяў з мінуту, закасаў рукавы і глыбока ўсадзіў рыдлёўку ў зярністы пясок. Шырокая ссутуленая спіна ў чорнай палінялай сарочцы мерна згіналася, і было відаць, як пад нацягнутай тканінай рухаліся лапаткі.
Я падумаў: што ж сапраўды стане той жывіцай, якая зарубцуе душэўныя раны гэтага чалавека? Праца? Шчырасць да людзей, што познім парасткам, як сасна між каменняў, прарастала ў ім?
Безумоўна, не так проста перамагчы дрэнныя звычкі. Не прыкрыць, не прыхаваць — а выкараніць з душы. Для гэтага трэба вялікая сіла волі, мудрая мужнасць. Ці хопіць іх у яго?
Сонца апусцілася нізка. На дварэ станавілася па-вячэрняму ўтульна і ўрачыста. Я нечакана адчуў шкадаванне, што заканчваўся светлы, цудоўны дзень позняга лета.
НА ДРУГІ ДЗЕНЬ
Яго звалі Алег Купрыянаў. Быў ён у пары самага росквіту — малады, дужы. Абвінавачваўся ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў. Не, Купрыянаў не ўзломваў сейфаў, не прысвойваў давераных яму па службе каштоўнасцей, не нападаў на інкасатараў. Ён знайшоў іншы спосаб «заграбаць грошыкі». Працаваў майстрам-будаўніком і выпісваў фіктыўныя нарады на работу. За перавыкананне планаў, вядома, атрымліваў незаконныя прэміі.
Зала стракацела белымі і блакітнымі кашулямі, квяцістымі кофтамі. Людзі прыціхлі. Сонца яшчэ добра ўгравала, стаяў душны і парны дзень. Вокны былі расчынены. Па бруку суседняй галоўнай вуліцы грукалі грузавікі, з парку даносіліся ажыўленая гамана, смех. Дзесьці ў высокім бялёсым небе, як улавіць слыхам, жураўлі неслі лета ў вырай. Але па клопатнасці і засяроджанасці на тварах прысутных відаць было: усё, што адбывалася ў шырокім і вольным прасцягу, захапляла ўвагу іх ненадоўга. Усё саступала месца таму, што дзеелася ў гэтай драўлянай немаладога веку будыніне.