Пакуль я растлумачваў абавязковы ў судзе працэсуальны рытуал, Купрыянаў сядзеў ляніва жмурачыся, разваліўшыся. Паклаў нагу на нагу і спакваля пакалыхваў наском моднага чорнага чаравіка.
— Трэба, падсудны, сядзець у больш прыстойнай позе,— папярэдзіў я яго.
— Прабачце, грамадзянін суддзя, мне так зручней.— Ён не паварухнуўся.
— Устаньце.
— О, гэта іншая справа.
— Вінаватым у прад’яўленым абвінавачанні прызнаяце сябе?
— Невінаваты.— Купрыянаў паправіў гальштук, абцягнуў пінжак і чамусьці пацёр рукі.
— Значыць, фіктыўных нарадаў не складалі, так трэба разумець вас?
Нейкая думка, што бліскавіцай адбілася ў яго пільным, як у коршака, позірку, надала яму порсткасці, і ён яшчэ нахабней прагаварыў:
— Ну навошта, грамадзянін суддзя, так спрошчана думаць? Складаў, але віны ў гэтым не бачу. Грошы трэба былі.— Усміхнуўся, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем.
Я выразна адчуў яго нядобры штучны настрой, за якім хавалася нейкая марнасць.
— Вы ж сумленнай працай зараблялі не мала. Навошта вам спатрэбіліся крадзеныя?
— Каб прыгожа жыццё абсталяваць. Рэстаранчык, уцехі розныя… Душа патрабуе — дай ёй.
— Не вякай пустога,— азваўся пануры стары з апушчанымі пракуранымі вусамі, што сядзеў каля грубкі. Відаць — бацька: сказаў з болем і схаваў вочы пад гушчынёй шырокіх броваў.
— У кішэню дзяржавы палез, турмы захацелася,— асуджальна кінула ў яго за спіной жанчына з мядзянымі пафарбаванымі валасамі.
Тон яе голасу прыйшоўся не да спадобы старому, ён непрыхільна крутнуў галавой. Потым прыгорбіў плечы, відаць, з бояззю чакаў, што яшчэ скажа сын.
— Але для таго, каб жыццё было прыгожым, перш за ўсё патрабуецца нешта для душы. Трэба чэсна працаваць.
— Правільна, грамадзянін суддзя,— усклікнуў Купрыянаў, пстрыкнуўшы сябе пальцам па горле каля кадыка.— Для душы заўсёды чалавеку трэба.
Хоць гаварыў ён дзёрзка і насмешліва, але мне пачуліся ў яго словах неспакой і скруха.
Праз кожныя паўгадзіны Купрыянаў прасіў перапынку і абавязкова, пасмоктваючы папяросу, наўмысна затрымліваўся на ганку. На заўвагі, што марна траціць час, ён, прыжмурыўшы прадаўгаватыя цёмныя вочы, жорстка, з выклікам адказваў:
— А вы б, грамадзянін суддзя, каб былі на маім месцы, спяшаліся б?
Фанабэрыстасць Купрыянава вельмі гнявіла мяне і засядацеляў, але мы стараліся не праяўляць гэтага свайго пачуцця. Сарвацца, закрычаць — значыць, паказаць сваю слабасць. Гнеў, як вядома, дрэнны памагаты, калі шукаеш праўду, ён засціць справядлівасць, якой суддзя павінен усёй душой спрыяць.
Чым далей, тым больш нам стала здавацца, што штукарствы Купрыянава ў судзе былі крыкам душы, вынікам бязлітаснага ўнутранага разладу. Ён, відаць, пераканаў сябе, што яго абавязкова суд арыштуе. Значыць, губляць няма чаго, няхай ведаюць яго… Ён пойдзе ў няволю не пакорліва, а гучна стукнуўшы дзвярыма, з высока ўзнятай галавой. Ён не прынізіць сябе пакорай, не.
Калі дапытвалі сведак, Купрыянаў раптоўна зыначыўся. Напэўна, насуперак сваёй волі аддаўшыся таму, што жыло глыбока ў душы, сядзеў, закрыўшы вочы рукой.
…Да судзейскага стала падышоў сведка Карагач Антон. Падсудны зірнуў на яго, занепакоіўся. Соп носам, у напружанасці ўзняў плечы.
Карагач — нізкі, чырванатвары, з вузкімі скуламі. На запытанне, што ведае па справе, ён пачакаў, як бы даючы ўсім адчуць важнасць моманту, сказаў:
— Значыць, так. Ніякія фіктыўныя нарады не складаліся. У нас усё па-сумленнаму. Да прыкладу, я, муляр, што ў сцяну ўклаў, тое і ў нарад запішуць. Ні цагліны лішняй. А пра Купрыянава скажу: агонь хлопец, і руплівы, і ўвішны, і паслухмяны.
— Каго ж ён найбольш слухаў — ці не вас? — не стрываў я.
— Цяпер не ў модзе слухаць старэйшых. Начальства слухаў, своечасова загады розныя выконваў, каторыя даваліся.
— Можа, вы ведаеце, за якія асаблівыя паказчыкі падсудны, ну і некаторыя іншыя, хто каля яго бліжэй, прэміі атрымлівалі?
— Ведаю. Тут вы, грамадзянін суддзя, якраз патрапілі са сваім пытаннем. Муравалі ўпраўна — от і прэміі выганялі. Стараліся…
— Вашы паказанні, грамадзянін Карагач, супярэчаць іншым доказам. Што гэта значыць?
Сведка ўздыхнуў:
— Накляпалі на чалавека, а я праўдзіва сведчу. I праверачныя абмеры, што праводзіліся камісіяй, калі следства было, таксама няправільныя. Найшлі мне спецыяліста — Міцьку з міжкалгасбуда. Ды з яго такі інжынер, як з мяне, не раўнуючы, начальнік міліцыі. Я ўсё праўду кажу, хачу дапамагчы суду правілыіа разабрацца ў гэтай нікчэмнай справе.