— Так-такі — і хочаце?
— А то — не, думаеце? Я цяпер зусім іншы — канчаткова перавыхаваны чалавек, вядома, вамі, дзякуй вам, грамадзянам суддзям.
Падсудны слухаў Карагача, упяўшы вочы ў падлогу. Потым узняў галаву, махнуў рукой:
— Не трэба, дзядзька Антон, мяне бараніць. Я ва ўсім прызнаўся.
Ад нечаканасці сведка залыпаў вачамі. Неяк сутаргава каўтнуў — аж маршчыністы сухі кадык падскочыў ледзь не да барады.
— Прызнаўся? У чым? Што ты на сябе гразь кідаеш? Нікому гэта непатрэбна.— Карагачоў позірк чакаў, дамагаўся, патрабаваў адумацца, не прызнавацца і асуджаў.— Уласць не зацікаўлена невінаватага судзіць. Следчы памыліўся — суд выправіць недарэчнасць. Так што, брат, непатрэбна тваё геройства.
Я перапыніў яго:
— Яшчэ раз папярэджваю, сведка, што за хлуслівыя паказанні — крымінальная адказнасць.
Карагач з-пад ссунутых броваў наставіў на мяне пранізлівыя нерухомыя вочы.
— Што, зноў мне рыхтаваць торбу?
У Карагача за спіной было шэсцьдзесят год бесталковага жыцця і дзве судзімасці. Як толькі ў кішэні ў яго заводзілася капейка, ён дападаў да гарэлкі і прыносіў не мала рознага клопату людзям — асабліва свайму суседу Івану Грабенніку.
Жылі суседзі ў двухкватэрным драўляным доме. Калісь даўно Карагач западозрыў: Грабеннік паведаміў у міліцыю, што ён украў цэглу на будоўлі. Як скончылася адсідка за кратамі, ён, не заходзячы дадому, аброслы шчаціннем, з пустой торбай за плячамі завітаў да Грабенніка. Той якраз абедаў, запрасіў падсілкавацца. 3 дарогі ж чалавек…
— Як бачыш, прыяцель, я вярнуўся цэлы і здаровы,— адказаў Карагач.— Цяпер у нас вясёленькае жыццё пойдзе, можаш не сумнявацца.— Ён сеў за стол, стаў гучна, са смакам сёрбаць боршч.
3 таго часу ў іх і пачалося. I абражаў Карагач суседа, і кідаўся біцца, і ў размовах падкалупваў пад «дзевятае рабро». Чаго толькі не вытвараў! А аднойчы прыдумаў.
Зімой Грабеннік спаў на рускай печы. Карагач у сябе са сценкі, за якой была суседава чарэнь, зняў тынкоўку, выдраў мох паміж бярвеннямі. Сярод ночы падыдзе да сценкі, ляпае рукамі па бёдрах, бы певень крыллем, гарланіць па-петушынаму. Рабіў суседу пабудку. Іншы раз да раніцы грукаў малатком па жалезе, нешта майстраваў. Каб работа спорылася, спяваў або свістаў. Раніцай пры сустрэчы з суседам, жмурачыся, пытаўся:
— Ну, як спалася, дарагі прыяцель? Якія радасныя сны бачыў? Можа, па звычцы прыемны дакумент страчыў у чулы, клапатлівы орган?
Быў выпадак, калі яны схапіліся загрудкі. Карагач тады размаляваў суседаў твар сінякамі, за што па прыгавору суда заплаціў ладны штраф.
Цяпер гэты чалавек па хадайніцтву падсуднага, якое той заявіў на папярэднім следстве, выступаў сведкам.
— Ну кажу ж — прызнаўся,— зморшчыўся Купрыянаў.
— Што вы цяпер, сведка, скажаце?
У зале стала вельмі ціха.
— Што скажу? Значыць, я памыліўся… Чаго вы так на мяне глядзіце? Добрасумленна памыліўся. А калі чалавек добрасумленна памыляецца — за гэта яго не судзяць, не-е. Каб судзіць — трэба даказаць, што ён наўмысна. Гэта нам, грамадзянін суддзя, вядома, так што вы не вельмі націскайце.
Карагач, мінуту назад прыціснуты страхам, цяпер апамятаўся, хацеў адплочваць за перажытае чым мог. Пасля допыту, клыпаючы да адведзенай для сведак лаўкі, ён злосна кінуў, павёўшы вачамі па постаці Купрыянава:
— Не ведаў я, што ты такая размазня.
Потым увесь час, пакуль дапытвалі іншых сведак, Карагач сядзеў з такім выглядам, быццам яму страшэнна апрыкраў цягучы судовы тлум.
У апошнім слове падсудны гаварыў абы гаварыць — пустое і нахабнае.
— Прашу не паскупіцца, адламаць мне як мага больш,— сказаў напаследак.— Каб хапіла для поўнага выпраўлення.— Вусны склаліся ва ўсмешку, але гэтая ўсмешка была чужой на яго твары, яна існавала як бы асобна, быццам прыкрыццё нечага супярэчлівага яго робленаму настрою. Было падобна, што ён стаміўся, змучыўся ў нейкай жорсткай барацьбе з самім сабою.
Купрыянаў ведаў, што ў зале сядзяць яго дружбакі, адчуваў, як яны пазіраюць яму ў спіну, у стрыжаную патыліцу, і ад гэтага большала яго свавольнай сілы. Магчымасць пакуражыцца, паздзекавацца над тымі, хто пасадзіць яго ў турму, была цяпер нейкім азартам.
«I знаку ніякага, каб адумаўся»,— мільганула ў мяне ў галаве. Думкі мае пацяклі далей. Растуць два дрэвы побач, з адной глебы цягнуць сокі, а такія розныя. Адно — пахучае, другое — калючае. Вось і людзі: адным хлебам кормяцца, а ўнутры ў кожнага сваё…