Выбрать главу

Колькі год прайшло ўжо з таго часу, як справа Купрыянава значыцца ў архіўным спісу знішчанай, а і цяпер іншы раз спакваля праплываюць у думках незацярушаныя жыццёвым пылам хвіліны, калі вырашаўся яго лёс. Успамінаю і думаю: як жа бясконца глыбока можа ўспрымаць прыгавор публіка!

— Прыпаяюць адсідку,— кінуў нехта ў старожкай цішыні.— Не такі час, каб забіякам-злодзеям вольна было. Мінулася…

3 усіх куткоў залы глядзелі суровыя, напружаныя вочы.

Нарэшце зачытаны прыгавор. Я зірнуў у залу. Людзі панурыліся, цяжка маўчалі. У позірках былі і здзіўленне, і збянтэжанасць: чаму такому адпетаму задзіру і нахабніку папраўчыя работы, а не пазбаўленне волі?.. Мы, суддзі, былі на скрыжаванні напружаных думак. Мне здавалася, што ніякі крык незадаволенасці і абурэння не гнёў бы мяне так, як гэтае цяжкае людское маўчанне. I тады адбылося амаль неверагоднае ў судовай практыцы, што зусім не прадугледжана законам: я стаў растлумачваць прыгавор публіцы.

— Адзін вядомы юрыст, таварышы, сказаў, што «чалавечая сутнасць не заўсёды праяўляецца ва ўчынку і ніколі не праяўляецца толькі ў ім». I гэта правільна, таварышы, вельмі правільна…

Далей я спрабаваў растлумачыць, што было б несправядліва за паводзіны Купрыянава ў судзе павялічваць меру пакарання. Яго ж судзілі не за характар — за зробленае злачынства. А яно не такое цяжкае, каб за яго сурова пакараць. Страту асуджаны поўнасцю пагасіў напярэдадні суда. Гэта ўлічваецца…

Купрыянаў замаргаў, поўнячыся, відаць, нейкімі неспадзяванымі бурлівымі пачуццямь Разгублена пераступаў з нагі на нагу, не ведаючы, які выраз надаць твару, і таму бездапаможна ўсміхаўся.

…Барвавеў ціхі вечар. У паветры замільгалі рэдкія дажджынкі — з абрыўка хмары. Я павольна, стомлена крочыў па вуліцы — нёс дадому трывожныя уражанні дня. Думаў пра Купрыянава: да чаго ж ён сёння быў розны! То чужы, няблізкі, нават выглядам сваім — чужы: штаны ў абцяжку, касмылі… То нейкі таямнічы і загадкавы. Які ж ён сапраўды?

Назаўтра таксама было парна і крыху дажджыла, а ў прыземістым, доўгім драўляным будынку за гарадскім скверам зноў засядаў суд.

— Назавіце, падсудны, правільна сваё прозвішча. імя, імя па бацьку,— прагучалі нязменныя, засохлыя, як гліняныя камякі, словы.

Пакуль ссутулены чалавек мямліў у адказ цягучым голасам, я абвёў вачыма залу і ўбачыў Купрыянава. Ён стаяў каля дзвярэй, абапёршыся плячом аб вушак. Перахаліў мой позірк, нясмела ступіў уперад.

— Прашу слова,— прагаварыў, падышоўшы.

— Тут не сход, выказваюцца толькі ўдзельнікі працэсу.

— Дазвольце, грамадзянін суддзя, дазвольце,— заспяшаўся ён.— Вінаваты я, вельмі вінаваты. Так непрыстойна паводзіў сябе ўчора. Даруйце.

Мне здалося, што я чуў яшчэ яго нейкі другі голас, унутраны. Ён гучаў надрыўна, ліхаманкава дрыжаў.

— Вы самі прыйшлі ці…— Я не дагаварыў.

— Бацька прымусіў,-— перапыніў мяне Купрыянаў.— Можа, прыкмецілі — такі з пракуранымі вусамі, каля грубкі сядзеў.— Ён сказаў гэта і, спяшаючыся, дадаў: — Я саромеўся на вочы вам паказацца, мне было — хоць скрозь зямлю праваліся, а ён настаяў. «Не будзе табе, кажа, спакою ад самога сябе, пакуль не папросіш прабачэння». Цяпер я і Карагача прымушу павініцца перад вамі. Не буду я Алегам Купрыянавым, калі не спраўджу слова. Жалезна!

— Як жа вы яго прымусіце?

— Ды я яму ніводнага нарада не падпішу, пакуль прабачэння не папросіць,— выпаліў узрадавана.

Я не стаў яму растлумачваць, што гэтага рабіць нельга. Ён сам усё прачытаў у маім позірку і ціха сказаў:

— Прабачце.

ЁН САМ СУДЗІЎ

Ёсць у мяне знаёмы інжынер-будаўнік Міхась Шаўцоў. Энергічны, няўрымслівы чалавек. Кожны раз, як сустрэнемся, ён, бліснуўшы жвавымі вачамі, кіне дасціпны жарт, потым абавязкова завядзе размову пра новабудоўлі. Там ужо ўзвялі Палац культуры — светлы, белакаменны, там распачалі шматкватэрны дом…

— А ты ўсё судзіш? — пераводзіць раптам гаворку.— Ну-ну, судзі, распраўляйся з нягоднікамі. Толькі глядзі, не вельмі ліберальнічай, лірык…

Потым наступала мая чарга гаварыць. Міхась слухаў, гарэў ад нецярплівасці, каб запярэчыць мне, але не перабіваў, чакаў, пакуль я скончу. Я старанна даводзіў яму, што суд заўсёды, пры любых умовах павінен быць справядлівым. «Атрымай што заслужыў,— ні больш ні менш…»

Ілюструючы ўсё рознымі прыкладамі, я расказваў, што ў судовай практыцы шлях да ісціны доўгі і цяжкі. Але ж гэта не дае, вядома, суддзям ніякай скідкі. Разбярыся ва ўсім да канца… I яны, суддзі, добра ўсведамляюць гэта. Нейкая дробязь не праверана — не спяшаюцца ў дарадчы пакой. Калі доказы выклікаюць хоць крыху сумнення — яны аслабляюць «логіку фактаў», не даюць падстаў зрабіць канчатковы вывад. Прынцыповасць, цярплівасць патрабуюцца ад суддзяў, каб высветліць усё, што дасць магчымасць вынесці справядлівы прысуд. Пакаранне павінна быць такім, якое б злачынец унутрана прызнаў. Хай сабе не адразу, але ўсё-такі прызнаў.