Аднойчы, цярпліва выслухаўшы маю чарговую «лекцыю», Міхась паклаў мне руку на плячо, зазірнуў у вочы:
— Разважаеш ты добра. Але ж каб табе хоць раз так папала, як таму міліцыянеру, як бы ты тады разважаў!
— Якому міліцыянеру?
— Не чуў хіба? 3 месяц назад, у рэстаране… Ды я за гэта б не менш чым пяць гадоў…
— А ты прыходзь на суд, калі будзем судзіць таго хулігана,— прапанаваў я.— Паслухаеш, свой прысуд вынесеш. Кожны, хто прысутнічае ў зале, у душы таксама суддзя…
На суд Міхась прыйшоў.
…Аркадзь Пінчукоў не адмаўляў сваёй віны і апраўдваўся толькі тым, што ўсё абышлося без цяжкіх вынікаў.
— Не пакалечыў жа я яго,— даючы паказанні, паўтараў ён час ад часу.— Ну, паляжаў таварыш лейтэнант у бальніцы, а цяпер вунь зноў па горадзе носіцца — машынай не дагнаць.
Зрэдку ён кідаў позірк на жонку. У такія хвіліны, здавалася, у свядомасці Аркадзя была толькі яна адна — і больш анікога.
Кацярына Пінчукова, жонка яго, была схуднелая, бледная. У куточках каля рота сабраліся горкія маршчынкі.
Калі Пінчукоў, паглядзеўшы на яе, паварочваўся да суда, то прабягаў вачамі па твары Ліды Варанковай. Яна сядзела ў тым жа радзе, што і жонка. Тады ў яго поглядзе можна было заўважыць усплёскі нейкіх пакутлівых пачуццяў.
…Вабная жанчына была Ліда: са свежым румянцам на бялявым твары, стройная, рухавая. I спявачка.
Са школьных гадоў выступала ў самадзейнасці, потым стала салісткай мясцовага народнага хору. Голас мела звонкі, прыгожы. Заспявае — зала Палаца культуры быццам ушыркі раздаецца. Ёй заўсёды горача і доўга апладзіравалі.
Не шкадаваў далоняў і Аркадзь Пінчукоў. Ён пляскаў так, што ажно суседзі крывіліся і шматзначна пазіралі на яго. Ліда, абводзячы вачамі залу, затрымлівала на ім позірк.
Першы раз на канцэрце ён быў з жонкай, потым стаў хадзіць адзін. Жонка — настаўніца, увечары за сшыткі садзілася, а яму вальней: загнаў машыну ў гараж і што хочаш рабі. Апранаючыся тады ў святочнае, ён казаў дома, што пойдзе да таварыша: ведаў, калі скажа праўду, жонка насцярожыцца — яна ж таксама заўважыла, з якім захапленнем выказваў ён сваю прыхільнасць да таленту спявачкі.
Аднаго разу пасля канцэрта Аркадзь затрымаўся на прыступках ля ўвахода ў Палац культуры. Стаяў, курыў, перакідваўся жартамі з маладымі хлопцамі, што таўкліся побач, і нецярпліва пазіраў на дзверы. Ліда выйшла адна.
— I не боязна познім вечарам без праважатага? — гукнуў ён жартаўліва.
— А ты правядзі,— яна ўсміхнулася.— Чаго маўчыш, спалохаўся? Не бойся, я пажартавала.— Ведаючы, што Аркадзь глядзіць услед, яна нетаропка ўскінула руку, паправіла пышныя, завітыя кудзеркі. Ён рашуча дагнаў яе. У маўклівай удзячнасці сціснуў яе пальцы.
У тую ноч у Аркадзя ў вушах доўга гучала вясёлая песенька:
Домино, домино, будь веселой,
не надо печали.
Домино, домино, нет счастливее
нас в этом зале…
I тады ўначы, і назаўтра за баранкай руля, і пасля ён бачыў Лідзіны вочы, у глыбіні якіх таілася нешта загадкавае і недаступнае. Праз колькі дзён ён зноў, дачакаўшыся яе на прыступках, праводзіў дадому. У той раз Аркадзь прызнаўся жанчыне ў сваіх пачуццях, што ўспыхнулі так раптоўна і горача.
— Ды я для цябе, калі загадаеш, ваду з цэглы выцісну,— гаварыў ён узрушана.
Ліда смяялася.
— I загадаю.
Яны не таіліся. Калі аднойчы ён спытаў, ці не боязна, што ўгледзіць муж, яна адказала:
— У нас поўная дэмакратыя. Ні я яму не стаю на дарозе, ні ён мне.— I бестурботна засмяялася.
Людзі сталі заўважаць, як часта надвячоркамі самазвал Аркадзя імчаўся ў лес да невялікай пакручастай рэчкі Ведрыч. Бачылі, што ў кабіне побач з шафёрам сядзела Ліда Варанкова.
Ля Ведрыча пад дубамі было прыгожа і ўтульна, пахла ляснымі кветкамі, вільготнай зямлёй. Аркадзь «страляў» у вецце шампанскім, адкаркоўваў бутэлькі і з чым-небудзь мацнейшым. I яму, і Лідзе было весела, бесклапотна.
Але аднойчы пасля таго, як удосталь павесяліліся, немаведама чаму неўпрыкмет да Аркадзя падкраўся одум. Ліда пільна, насцярожліва назіраючы за ім, сарвала рамонак, паказытала кветкай яго нахмураны твар…