Выбрать главу

— Што, кошкі душу пачынаюць драпаць? — спытала з’едліва.

Ён схамянуўся.

— Не прыдзірайся, Кацюша,— кінуў таропка.

— Як ты сказаў? Паўтары!

— Даруй, Лідачка.— Аркадзь зніякавеў, што назваў яе імем жонкі, хацеў загладзіць прыкрую прамашку прытворнай шчырасцю і памкнуўся абняць Ліду. Яна працяла яго халодным позіркам, адхінулася. Нязвыкла ўзнёслы настрой яго разбурыўся. У той вечар яны так і рассталіся з прыкрым адчуваннем няёмкасці.

Дома Аркадзь упаў на ложак, ускінуў на галаву падушку. Хацелася пазбыцца трывожных думак, што назойліва лезлі ў галаву, заглушыць дакоры сумлення. Варочаўся, кудлаціў валасы.

Назаўтра, як ішоў на работу, сустрэў Ліду. Мяккая, з адценнем зычлівасці, паблажлівая ўсмешка іграла на яе вуснах. I следу не засталося ад учарашняй нацягнутасці.

Увечары яны зноў былі каля рэчкі.

Часам Пінчукову карцела аблаяць і сябе, і Ліду, нагаварыць ёй крыўднага і абразлівага. У такія мінуты яму хацелася зрабіць ёй балюча, каб гэтым адштурхнуць ад сябе. Аднойчы ў лесе ён, паставіўшы нагу на пень, з’едліва загадаў:

— Зашнуруй туфель. Ну, чаго стаіш?

Ліда абурылася, а ён зарагатаў. Гэта было так нечакана, што яна заплакала. Аркадзю стала шкада яе. У той вечар, калі яны рассталіся, яму нясцерпна захацелася зноў пабачыцца з ёю.

Чуткі аб Аркадзевых заляцаннях неўзабаве распаўсюдзіліся ў калектыве аўтабазы, дзе ён працаваў. Яго ўшчувалі таварышы, абмяркоўвалі на рабочым камітэце, з ім гутарыў дырэктар, але ён усім адказваў: «Не маленькі, сам ведаю, як мне жыць». За самаўпраўнае выкарыстанне аўтамашыны на яго накладвалі спагнанні, а ён толькі пасміхаўся: вымова, маўляў, не хвароба, ад яе не памрэш. Сябрам, калі тыя папярэджвалі, што яго, урэшце, зволяць з работы, Пінчукоў кпліва кідаў:

— Загадчыку гаража вунь колькі вымоў наляпілі! I суровых, і з апошнім папярэджаннем, а ён сабе падпісвае пуцёўкі. Так што і я баранку буду круціць.

Дома ён многа не размаўляў. Жонка і дакарала яго, і сварылася. Пазірала крыўдліва, пакутліва. Ён адварочваўся і з нейкай дзікай злосцю, быццам баронячыся ад чагосьці неадступнага і непазбежнага, кідаў жонцы:

— Ты тут са сшыткамі гэтымі возішся, а мне хоць памірай ад нуды… Сумна з табой, ні смеху ў цябе, ні слёз.

Бяда навалілася на Аркадзя з другога боку, адкуль ён ніяк яе не чакаў.

…Вераснёўскі вечар дыхнуў прахалодай на шыбы акна, яны ў душным памяшканні абрасіліся дробнымі кропелькамі. Аркадзь глядзеў застылым позіркам, як утвараліся пацёкі, як з таго боку да шкла, калі дзьмуў вецер, прыпадала лісцем галінка бэзу. Слухаў тлумную рэстаранную гаману, ні пра што не думаў. Ад гарэлкі туманілася ў галаве. Ліда сядзела побач. Нечакана ён рэзка выпрастаўся. Штосьці тугое, што сціскала душу, бы абручамі, лопнула. Ён рыўком прыцягнуў да сябе Ліду, стаў цалаваць.

За суседнім сталом сядзелі пажылыя мужчыны.

— Вы непрыстойна сябе паводзіце, маладыя людзі,— заўважыў адзін з іх.

— А цябе кінула ў дрыжыкі ад зайздрасці? — Аркадзь, не выпускаючы з абдымкаў жанчыну, рагатнуў.

У гэты час паўз іх накіроўваўся да буфета лейтэнант міліцыі.

— Сорам! Паважайце людзей,— зрабіў ён заўвагу, спыніўшыся.

Лейтэнант быў прыземісты, каранасты, у акуратным, добра падагнаным мундзіры. Аркадзь змераў яго пагардлівым позіркам.

— I ты яшчэ абзываешся? Указчык знайшоўся!

— Не супакоіцеся — давядзецца пакінуць рэстаран.

— Газуй адсюль, пакуль матор не заглух.

— Калі так — пайшлі са мной.

— Што?! — Аркадзь сціснуў кулакі, задыхнуўся ў гневе. Дрэнна ўсведамляючы, што робіць, ён мацюкнуўся, штурхнуў лейтэнанта ў грудзі.

— Пайшлі, гавару! — загадаў лейтэнант.

Ліда ўвесь час сядзела моўчкі, сцяўшыся, разгублена глядзела то на аднаго, то на другога. Раптам яна, як уджаленая, падскочыла на крэсле.

— Чаго прычапіўся! Мы папярок дарогі табе стаім? — заверашчала яна.— Турні яго, Аркаша! — Мінуту назад прыціснутая страхам, без’языкая, цяпер апамяталася, адплочвала за перажытае.— Прычапіўся, як смала!..

Мільгануў вялізны кулак. Адзін раз, другі… Кроў заліла твар міліцыянера.

…У вузкай судовай зале Пінчукоў выглядаў веліканам — высокі, плечы шырокія, крутыя. Кінуў рукі за спіну, стаяў, ледзь нахіліўшыся наперад. Час адзначыў яго прадаўгаваты, з цяжкім падбародкам твар першымі зморшчынкамі.

Расказваў ён пра ўсё неахвотна, але падрабяана, праўдзіва.

— Я, значыць, зрабіў правы паварот,— Аркадзь паказаў на сваю правую руку.— Потым злева развярнуўся…

Гаварыў так, нібы слухаў сябе: скажа і памаўчыць, потым зноў пачынае ўспамінаць. Яго твар быў як акамянелы.