Жорсткая сутнасць хуліганства таілася ў яго фанабэрыстым прызнанні. Я ўсё чакаў ад яго нейкіх слоў, дужа патрэбных і яму самому, і ўсім, хто і гневаўся, і глыбока трывожыўся за яго. Чамусьці верылася, што ёсць у яго такія словы.
Потым суд дапытваў лейтэнанта міліцыі, Варанкову і іншых сведак.
Стаяла цёплае надвор’е. У зале было душна, ціха і трывожна. Толькі зрэдку чуліся кароткія, адрывістыя ўздыхі. Яны ўзнікалі, быццам нейкі глыбокі ўнутраны крык. Уздыхала Кацярына Пінчукова. Аркадзь варушыў засмяглымі вуснамі, бы нешта шаптаў у адказ на словы сведак.
Варанкова кусала пухлую верхнюю губу, рукі яе, сплеценыя пальцамі, нервова перакідваліся з калена на калена. Мне здалося тады, што яна пакутавала і ад сораму, і ад усведамлення сваёй віны.
I мы, суддзі, і прысутныя добра разумелі атмасферу суда. Адным з галоўных маральных урокаў гэтай справы была рэакцыя людзей на злачынства, надзвычайны эфект грамадскай галоснасці. Не толькі гнеў і жаданне кары былі ў гэтай атмасферы. I не толькі спачуванне пацярпеўшаму. Паглыблялася разуменне і сутнасці і мэты жыцця чалавека. Выпрацоўвалася нецярпімасць да праяўленняў жорсткасці, да права кулака, да грубай дзікай сілы. Людзі асуджалі гэта ўсё — такое чужое і высокаму гуманізму асобы, і квітнеючаму вясенняму саду, і ціхаму звону каласістай нівы, і гарачай чырвані расплаўленага металу, і прыгожаму звонкаму голасу жанчыны. А яшчэ яны глыбока і трывожна думалі пра чалавека, які сядзеў за невялікай загародкай, прыгорбіўшы крутыя шырокія плечы.
…Калі абвяшчаўся прыгавор, Пінчукоў стаяў з такім выглядам, быццам яму ўсё на свеце абрыдла і цяпер яго нічога не цікавіць, не трывожыць. Быццам і ў бяздумнай разгульнай вольніцы той, і ў сваім скрытым ад людскога вока перажыванні, што здабыў сабе долю арыштанта, ён выдыхся ўвесь дазвання.
Нё ўзрушыў яго і Лідзін крык. Ліда ступіла да суда, захлёбваючыся словамі, залямантавала:
— За што?.. Можна ж было ўмоўна!.. Чаму ў тур-у? Чаму так бессардэчна?..
Пінчукоў павярнуўся да яе, доўга глядзеў моўчкі. Чамусьці расшпіліў кашулю.
— Эх, даміно, даміно, да чаго ж ты мяне давяло,— сказаў, уздыхнуўшы. У ціхім голасе было столькі журбы, жалю і адчаю, што ён аж задрыжаў. Твар нядобра перасмыкнуўся: напэўна, Пінчукоў хацеў сказаць штосьці бадзёрае, ды само сабой вырвалася тое, аб чым пакутліва думалася. Варанкова ўстрапянулася, адкінула валасы і зірнула востра, але, няўцешная і прыгнечаная, адразу ж панікла.
Пасля суда Міхась Шаўцоў зайшоў да мяне ў кабінет. Закурыў, сеў. Пазіраў у акно, маўчаў. Я таксама маўчаў. Міхась павярнуўся, і мы сустрэліся позіркамі. Вочы сябра бліснулі. Аднак ён не распачынаў сваю звычайную гаворку. I я падумаў з нейкай злой радасцю: «Куды ж падзеліся твае палкія эмоцыі? Вось так: ведай, што мы падначальваемся не пачуццям, а закону, абавязку. Мы таксама не пазбаўлены эмоцый. Але яны павінны стасавацца з думкай, што нараджаецца дзяржаўнай мудрасцю закону».
— Напэўна, слабае суцяшэнне — разумець, што ты толькі напаказ выстаўляешся ў сваім непахісным раўнадушшы,— нарэшце загаварыў Міхась.— Як яго прарвала!.. I яна таксама… Напелася, навесялілася…— Ён пацёр пальцамі лоб.
— I яна таксама…— машынальна адказаў я. Нечакана мне чамусьці вельмі захацелася, каб Міхась зноў стаў іранічна распякаць мяне: «міратворац», «ліберал», «асцярожненькі дабрадзей»… Як ніколі раней, закарцела падыскуціраваць з ім. А ён сказаў:
— Паглядзі, восень, а такая цяплынь. Можна было б у рэчцы акунёў пацягаць.— Адвярнуўся, зноў утаропіўся позіркам у акно.
Над прасцягам людных гарадскіх вуліц, над велічным Дняпром і журботна задумлівымі паплавамі звінеў і ўсміхаўся светлы дзень.
Мне падумалася: «Што, адпала ахвота спрачацца, зубы акунямі загаворваеш, хітрэц?»
— От быў бы цяпер сярод людзей добрых, разам з сябрамі — дык не, гарэлка… I яшчэ ўсё напускаў на сябе ў судзе абыякавасць: было — не каюся і цяпер, маўляў, не перажываю.— Міхась нібы разважаў сам з сабою, потым запаліўся: — Ды як яго прарвала, а? Глядзі ты, не на суд жа — на яе, на Варанкову, і на сябе… Даміно давяло. Не, ты звярнуў увагу, як ён сказаў гэта?
Дзіўна і радасна было чуць, як Міхась даводзіў мне тое, у чым доўгі час я не мог пераканаць яго сваімі «лекцыямі». Я задаволена пасміхаўся ў душы, а ён ніяк не мог зразумець гэтага, змаўкаў і зноў гаварыў. Ён адганяў думкі пра суд і міжвольна вяртаўся да іх зноў. Драматызм падзей, якія раскрыліся ў час судовага следства, і ўсведамленне таго, што вось зараз, у цябе на вачах, жыццё чалавека ці надломіцца, ці выпраміцца,— усё гэта надзвычай абвастрыла і паглыбіла яго ўспрыманне таго, што ён пачуў і пабачыў. Дзень у судзе быў для яго днём душэўнага перажывання, днём, які не можа не пакінуць следу ў думках і пачуццях.