…ХТО ЎСОХСЯ ДУШОЮ
Судовае пасяджэнне пачалося ўжо, калі ў залу ўваліўся адразу цэлы гурт. Зайшлі, спачатку стоўпіліся ля дзвярэй, потым, агледзеўшыся, сталі рассаджвацца. Я пачакаў, пакуль пацішэла.
— Назавіце правільна сваё прозвішча, імя, імя па бацьку,— звярнуўся да адказчыка.
— Бабошка Гаўрыла Сазонавіч.
— У якім вы годзе нарадзіліся?
— У адна тысяча дзевяцьсот пятнаццатым.
— Чым займаецеся?
— Упаўнаважаным канторы па нарыхтоўцы металалому працую.
На дварэ шалеў сухавей. Сонца і вецер даймалі гарачынёй.
Бабошка зірнуў у акно і, нібы гутарачы з суседам, сказаў:
— Глядзі, што робіцца. Пыл хмарай ляціць, не прадыхаць.
— А ты яшчэ лес нішчыш. Каб усе так, як ты, сякерай размахвалі — што з зямлёй было б? — Высокі, падцягнуты чалавек, гаворачы гэтыя словы, устаў з лаўкі і ступіў крок да суда, але, спахапіўшыся, змоўк, сеў на сваё месца.
Бабошка нетаропка азірнуўся на яго.
— Ляснік, мой стрыечны брат, калісь у клёка разам гулялі.— Іранічная ўхмылка рассунула куточкі губ.— Ён, грамадзяне суддзі, і ў маленстве быў…
— Хто ў вас пытае пра вашага брата?
— Даруйце, грамадзянін суддзя, буду расказваць, пра што пацікавіцеся. А ляснік гэты — гарачка. Вось так і з тым актам было. Не разабраўся і шах-мах — папера ўсё сцерпіць… Дык што там — пытайце.
— Сведка Цімчанка з’явіўся? — выклікаў я.
Зноў устаў той высокі.
— Я і ёсць Цімчанка.
Я папярэдзіў яго аб адказнасці за хлуслівыя паказанні, прапанаваў выйсці на час у пакой для сведак. Як ён выйшаў, зачытаў іскавую заяву.
— Ці прызнаяце вы, адказчык, іск? — спытаў у Бабошкі.
— Лесніку хочацца пні спісаць. Прычапіўся, як смала. Іск яго не прызнаю. Сосны на пілараме — мае, але я купіў іх у сувязістаў. Лінію мянялі, дык прасеку трэба было расшырыць. А ім што трапляецца на шляху, тое і з пня.— Бабошка на хвіліну замоўк, а потым дадаў: — Што тут няяснага? Усё можна адразу скончыць. Давайце адпілуем цурбаны ад камлёў, паедзем у лес, дзе парушэнне зроблена, і прымераем іх да пнёў.
— На лесаматэрыял, які набыты вамі, павінен быць лесапарубачны білет. У вас ёсць ён? — спытаў засядацель.
— Якія ў сувязістаў білеты? Я разумею вас, грамадзяне суддзі, дзяржаўныя інтарэсы вышэй за ўсё. Дзяржава не павінна несці страты. Але ж якая гэта будзе справядлівасць, калі спагнаць не з таго, хто вінаваты?
— Купілі, кажаце? Назавіце прозвішчы сувязістаў, дапытаем іх, праверым.
— Прозвішчаў не ведаю, не цікавіўся. А чаму не хочаце ў лес, як я кажу? Машыну знайду.— Ён павярнуўся да залы.— Каралюк, дзе ты?
— Тут, Сазонавіч,— падхапіўся ссутулены, чорны, як грак, мужчына.
— Машына наша дома?
— А як жа.
— Грамадзянін суддзя, мы вас у кабіну пасадзім. Каб пыл не глытаць… Добра?
Такое працэсуальнае дзеянне, як агляд на месцы, законам прадугледжана. Я параіўся з засядацелямі, і мы пагадзіліся, што варта задаволіць Бабошкава хадайніцтва.
Праз паўгадзіны да суда падкаціў грузавік. Бабошка адчыніў дзверцы, ветліва запрасіў мяне ў кабіну.
Заехалі на пілараму.
— Хай сам ідзе адпілоўвае,— кіўнуў Бабошка на Цімчанку,— бо скажа потым: не з тых камлёў адхапіў. Ведаю я яго…
Заклапочанасць легла ценем на твар лесніка. Ён пераклаў з рукі ў руку скамечаны мяшок, які ўзяў у кузаве, пашыбаваў пад павець, дзе ляжалі апісаныя сосны.
Неўзабаве грузавік пыліў паўз густую жытнёвую ніву да лесу. На полі сухавей шалеў яшчэ больш. Запалавелае жыта клалася як не да самай зямлі.
У лесе было хораша. Разгалістыя дубы, стромкія выносістыя сосны, узбуджана шапочучы, размахвалі гаманлівым голлем. Паветра поўнілася духмянымі пахамі.
— Хораша як! — Бабошка ўздыхнуў, паглядзеў наўкола, перавёў позірк на мяне.— А вы, грамадзянін суддзя… У вас выгляд стомлены.— Ён паківаў галавой.— Разумею, не з дрэвамі, як во ён, браценік мой,— з людзьмі маеце справу.
У гэтым спачуванні гучаў намер улагодзіць мяне, падлашчыцца. Зразумеўшы, што сказаў неўпалад, Бабошка сумеўся, пачаў папраўляць сарочку.
Я ўсміхнуўся: што ён ведае пра маю стомленасць, пра мае клопаты? Нечакана мне падумалася, што я ніколі яшчэ так пільна не разглядаў людскія твары, як Бабошкаў. Злавіўшы сябе на гэтай неспадзеўцы, адчуў няёмкасць, адвярнуўся. Захацелася пазбыцца і Бабошкі, і суда, без тлумных думак, без клопату крочыць між соснаў, на поўныя грудзі ўдыхаць водар жывіцы і слухаць вясёлы птушыны гармідар.
— Будзем, грамадзянін суддзя, прымяраць? — парушыў мае думкі Цімчанка.