— Так-так, калі ласка.
Ляснік выцягнуў з мяшка цурбан, прымераў. Ні да першага, ні да другога пнёў цурбан не падыходзіў. Другі выцягнуў — таксама не падышоў. Пні былі шырэйшыя.
— Ну, бачыце? Што я казаў? — Бабошка радаваўся.— Не трэба і сувязістаў тых шукаць, усё ясна.
Цімчанка нахмурыўся. Нічога не адказаўшы, высыпаў з мяшка яшчэ два цурбаны. Прымераў іх да вяршынь, якія ляжалі побач з пнямі.
— А гэтыя, бачыце, падышлі,— адказаў стрымана.— Тут хітрыкі-мітрыкі. Не ведаю я Бабошкі?.. Думаю, чаго гэта ён так настойвае, каб цурбаны адпілавалі іменна ад камлёў? Вось я і рашыў ад вяршынь таксама адпілаваць,— растлумачыў ляснік.— Дык падыходзяць ці не? Глядзі, браценік!
— Здорава! — усклікнуў Бабошка.— Як у той казцы…
Не зважаючы, што можа запэцкаць смалою штаны, ён сеў на шырокі пень, закурыў.
— Дык як жа гэта так? — прагаварыў змарнела, ціха.
— Вось і мне хочацца даведацца: як жа так? — запытаў я.
Бабошка доўга маўчаў.
— Хай ён растлумачыць…— сказаў нарэшце глухім голасам, прыжмурана глянуўшы на Харытона Каралюка, які моўчкі стаяў воддаль, прытуліўшыся да сасны.
— Давайце спярша нешта высветлім, потым тлумачыць будзем.— Каралюк віхлястай паходкай падышоў да лесніка.— Адкажы, таварыш Цімчанка, чаму камлёвыя цурбаны не падышлі?
— Таму, што нехта пні ўкараціў. Толькі вось не дадумаўся мудрэц той таксама вяршынкі падправіць,— з’едліва, падрабляючыся пад яго тон, сказаў Цімчанка.
— Здагадкі, якія даказаць трэба. А вось я зараз выкрыю цябе. Адкуль нам вядома, што гэтыя пятакі ты адпілаваў ад вяршынь тых апісаных бярвенняў? Можа, ад іншых — што побач з тымі ляжаць? Правільна, Гаўрыла Сазонавіч,— адкуль нам вядома?
— Каля апісаных іншых бярвенняў няма. Будзем ехаць назад — заедзем, пабачыш. I заадно, як ты кажаш, пятакі гэтыя там падмераем. Там яны таксама падыдуць.
Назад ехалі ранейшай дарогай. Грузавік прагрукатаў па мастку. Вузкая рачулка, што пятляла па лажку, непадалёку зноў завярнулася і падступіла бліжэй да дарогі, метраў сто цякла ўздоўж. Там, дзе ў лукавіне зелянела асакой балацянка, пахаджваў бусел — шукаў жаб. Ён спыніўся, застыў, яго ахапіў неспакой. Прысеў, наважыўся ўзляцець. I, калі мы ад’ехалі, заспакоены, сігануў далей.
А да мяне падкраліся ўспаміны. Такая вось рачулка была прытулкам маіх дзіцячых гульняў і мар. Навязаўшы на поплаве цяля, я разам з хлапчукамі-равеснікамі аддаваўся сваім забавам. Воддаль, не звяртаючы на нас увагі, у маладых асоках гаспадарылі буслы. Мы іх не чапалі: паважная птушка — не тое што нейкія там вераб’і. Намардаваўшыся ў жмуркі ці ў кала-забівалу, мы ўсаджваліся на траву, паўгінаўшы свае стрыжаныя галовы, слухалі аб прыгодах дзеда Талаша. Чыталі па чарзе.
Успамін гэты выклікаў нечаканыя развагі. Мне падумалася: можа, і ён, Бабошка, некалі ля такой вось рачулкі загадваў сваё жыццё, у сваіх мроях бачыў шырокі свет, а цяпер успамінаў пра гэта? Я павярнуўся, праз задняе акно кабіны паглядзеў у кузаў. Бабошка, прымасціўшыся на нейкім яшчыку, сядзеў сагнуўшыся, пазіраў у дол. Відаць было, што яго душа нудзілася. Што ён думаў, што адчуваў?
I самому мне стала трывожна. А чаму? Іншы раз цяжка даўмецца, калі табе больш трывожна: калі ты сам не можаш разабрацца ў сваіх пачуццях ці калі бачыш, што не можа ў іх разабрацца нехта іншы, каго табе абавязкова трэба зразумець.
Пасля абеду судовае пасяджэнне прадоўжылася.
— Калі, Бабошка, прызнаяце іск, раскажыце, як было,— прапанаваў я.
Ён доўга стаяў, у задуменні апусціўшы галаву, потым павярнуўся да залы.
— Каралюк, дзе ты, мо сам раскажаш? — Глухаваты голас яго хрыпеў.
— Што мне расказваць? — Каралюк устаў, трасянуўшы галавою, адкінуў з ілба кудлы.— Падумай, Сазонавіч, што ты гаворыш?
— Калі не хочаш, я раскажу. Пра ўсё.
I расказаў.
…Бабошка ў свой час вырашыў ужо вывесіць на дзвярах канторы Галоўчармет аб’яву, што патрэбен загадчык склада, калі ў пакой зайшоў Харытон Каралюк.
— Чуў, шукаеце кладаўшчыка? Лепшага, чым я, не знойдзеце,— весела пажартаваў ён.
Гаўрыла Сазонавіч распытаў, дзе Каралюк нарадзіўся, чым займаўся раней, і, азнаёміўшыся такім чынам з яго біяграфіяй, строга папярэдзіў:
— Каб растраты — ні на капейку. Бо глядзі, у турму ўпяку.
Будзьце спакойны, начальнік. Калі што — каб мне волі не бачыць,— пакляўся Харытон.
Праз паўгода ў Каралюка на складзе была выяўлена нястача металалому на дзвесце рублёў. На другі дзень пасля рэвізіі ён сцішана, таямніча звярнуўся да Бабошкі:
— Пазычце грошай, Сазонавіч.
— 3 глузду з’ехаў,— спалохаўся Бабошка.— Дзе я табе іх вазьму?