Выбрать главу

— Я пакрыю нястачу, а бухгалтар не пакажа яе па дакументах,— сіпеў Харытон.— План выкананы, растраты няма, і вы, Сазонавіч, рублёў трыста прэміі атрымаеце. Згода?

Усю ноч тады не спаў Бабошка. Рознае думалася. Але прагнасць адолела. Спачатку ён усё ж перажываў за свой учынак, ды з цягам часу махнуў рукой: усе, маўляў, людзі грэшныя.

Калі, як гэта было абумоўлена ў распісцы, надышоў час разлічвацца, Каралюк спакойна адказаў яму:

— Якія вам грошы, Сазонавіч? Вы ж мне далі дзвесце рублёў, а прэміі атрымалі больш за трыста. Вунь які прыбытак, ні ў якой ашчаднай касе такіх працэнтаў не налічваюць. I зноў жа: калі-нікалі да чаркі мы разам прыкладваліся.

— Ты што гэта, рабаваць? — закрычаў Бабошка.— Мала пасядзеў за кратамі, зноў захацеў? Дык я цябе…

— Спакойна, Сазонавіч, спакойна. Не падымайце шуму,— Харытонавы вочы пазіралі на хаўрусніка пагрозліва.— Цінціль-вінціль нам абодвум будзе. Вы ж саўдзельшк: растратчыка пакрылі і незаконную прэмію ў кішэню паклалі.

Бабошка надумаўся быў пайсці да пракурора і аб усім яму расказаць. Ды па слабасці характару не адважыўся. Допыты пойдуць, цяганіна… Клопату не абярэшся. А тут Каралюк падышоў і кажа:

— Усё, Сазонавіч, як кажуць — завязаў! Пальцам больш чужога не крану. I з вамі разлічуся.

Неўзабаве Бабошка напомніў Харытону, што яму патрэбны грошы: плот ля хаты завальваецца, дык неабходна ў лесагандлёвым складзе шалёўкі купіць. Каралюк задумаўся.

— Мы, Сазонавіч, інакш зробім. Звалю я пару гонкіх сасёнак і распілую на пілараме. А вы мне за пазыку залічыце.

«3 паршывай авечкі хоць воўны касмыль»,— падумаў Бабошка.

Увечары таго дня, як былі спілаваны сосны, Каралюк прыйшоў да Бабошкі дадому.

— Табе чаго? — устрывожана спытаў Гаўрыла Сазонавіч.

— Справа ёсць.

— Мо зноў грошы пазычаць?

— Ляснік бярвенні на пілараме апісаў.

— Ты што, здурэў? Гаварыў жа — усё ў парадку будзе. Як цяпер будзеш выкручвацца?

— Не мне, вам жа трэба выкручвацца.

— Мне? Я сосны не валяў. Жартуеш?

— Не жартую. Квітанцыю на пілараме я выпісаў на ваша імя. Ляснік і акт склаў на вас.

— Квітанцыю на мяне выпісаў? Навошта?

— На ўсякі выпадак, Сазонавіч. Я судзімы, з турмой знаўся, а вы — іншая справа. Вы чалавек паважаны, у розных установах бываеце, мусіць, і з лясным начальствам страчаецеся. Ды і ляснік жа родзіч вам, я гэта пранюхаў.

— Ды я ж цябе да пракурора!

— Ты пачакай, паслухай.— Каралюк перайшоў на «ты».— Да пракурора не пабяжыш і не балбачы дурнога. I ты цяпер такі ж, як я. Абое мы з табой растратчыкі, лесапарушальнікі. А страшнага нічога няма, калі, вядома, паварушыць мазгамі. Я пні ўкарачу, а ты настойвай, каб ляснік, гэты твой родзіч, адпілаваў ад камлёў цурбаны. Як толькі падмераем цурбаны да пнёў, будзе поўны канфуз. Цінціль-вінціль, адным словам.

…— Вось і ўсё, грамадзяне суддзі. Астатняе вы ўжо ведаеце,— закончыў свой расказ Бабошка.— Я разумею, адказваць мне давядзецца.

Ён гаварыў, не хаваючы ад нас позірку. Цяжка, відаць, пазіраць людзям у вочы, калі даводзіцца адкрыта гаварыць пра тое, што хацелася б утаіць. Так, мусіць, чалавек робіць толькі тады, калі глыбока раскайваецца.

У дарадчым пакоі раіліся мы нядоўга, пагадзіліся аднадушна. Былі вынесены два судовыя дакументы: пастанова і прыватная пастанова.

Па справе аб лесапарушэнні суд прыцягнуў Харытона Каралюка суадказчыкам. У прыватнай пастанове даводзілася да ведама пракурора аб правапарушэннях у канторы Галоўчармета. Абодва яны, і Бабошка, і Каралюк, будуць трымаць адказ перад законам: кожны за сваё.

Доўга яшчэ пасля таго, як закончыўся судовы працэс, у зале чулася гамонка.

— 3 драпежніцкай сякераю ідзе ў лес той, хто ўсохся душою,— гучна даводзіў сваё ляснік Цімчанка. Ён гаварыў нетаропка, як чалавек, які ведае важнасць таго, што кажа.— Усохлая душа — жорсткая. От і трэба, каб мы ўсе гуртам адбіралі ад такіх сякеры. Каб усе гуртам…

А на дварэ пад страхой будыніны стомлена шумеў пацішэлы сухавей.