— Бліжэй сунься, не саромейся. Раней сядзеш — раней выйдзеш.
— Устаньце, сведка. I зрабіце ласку, пастойце перад судом.
Ён ускочыў, заграбаючы крывымі нагамі, адступіў убок.
— Можна і пастаяць.— Вочы ў яго былі запалёныя, як бы ён не спаў некалькі начэй.
— Падсудны прад’явіў распіску, што вы атрымалі Ў яго на захаванне дрот. Атрымлівалі?
Мялешка журботна паглядзеў на Гарбыля і адвярнуўся. Чамусьці палез у кішэню пінжака. Рука яго заблыталася ў складках, ён сярдзіта выхапіў яе. Пакутліва зморшчыўся, глядзеў убок. Я паказаў яму распіску. Ён доўга чытаў, варушачы патрэсканымі губамі. Шырокі скуласты твар пакрыўся барвовымі плямамі.
— Ваша распіска?
— Наўродзь мая,— здзівіўся Мялешка і тут жа таропка дадаў: — А дроту я ніякага ў яго не браў.
— Тады раскажыце, чаму распіску выдалі.
Ён няўцямна маўчаў, усё роўна як не чуў, не разумеў усяго.
— Каму гэта інтарэс прызнавацца,— буркнуў Гарбыль.— Вядома ж, па галаве не пагладзяць.
Мялешка нечакана выпрастаў плечы — рослы, касцісты, з упартымі агеньчыкамі ў бляклых зрэнках.
— У яго, грамадзянін суддзя, нож. Ён такі, што і пад бок можа садануць,— устрывожана перасцярог Гарбыль.— Быў выпадак у маленстве…
Мялешка не звярнуў увагі на яго словы.
— Не ведаю, вось гэты самы Фядос,— ён тыцнуў сагнутым у кручок тоўстым пальцам,— да мяне ўчашчаў. А па якой прычыне я распіску напісаў — не вазьму ў толк. Памятаю, аднойчы дзяўчаты на вуліцы ў песнях сумавалі, а мы з ім за сталом сядзелі… Цыбуляй тады закусвалі… Памятаю, ён мне сшытак і аловак падсунуў, а астатняе з галавы вылецела.
— Брэша ён, грамадзяне суддзі, я ж не п’ю і не куру — нічым грэшным не забаўляюся. Я сваім мазалём хаціну сабе не горшую як у людзей прыдбаў. Правільна, скрываць не буду, і на кніжку ладную капейку паклаў. На чорны дзень… Дык гэта ж усё са свайго мазаля. А як жа? Хто дбае, той і мае, а хто не рупіцца, у таго скура лупіцца. Ну, хіба няпраўду я гавару?
— Вы сказалі, што дрот перавозіўся ў склад райспажыўсаюза ў сакавіку. А што распіска сведчыць? Паглядзіце — тут люты значыцца. Як жа тут зразумець? Выходзіць, распіску Мялешка выдаў раней, чым атрымаў дрот?
Падсудны маўчаў, думаў.
— Дык што вы на гэта скажаце?
— А што скажу? Памылка, значыць, атрымалася, палачку Антон не паставіў — і замест трэцяга месяца аказаўся другі. Хіба не бывае? Ісціну гавару.— Гарбыль скрыжаваў рукі на грудзях.
Памылка, палачку не паставіў… Так, гэта магло здарыцца. Чалавек памыліцца можа. Аднак чаму, пакуль не былі выведзены вынікі рэвізіі, падсудны не заікнуўся нават нікому, што перадаў дрот на захаванне? Чаму? Не перадаваў? Але ж распіска… Паспрабуй разбярыся, хто з іх вінаваты…
Я падумаў, што зайшоў у тупік і не здолею дакапацца да ісціны. Нерваваўся. На мінуту ўспомнілася: як добра было на сенакосе! Пазбыцца б цяпер гэтага клопату і — туды. Намахацца б касой, напрацавацца б і заваліцца ў траву, слухаць разважлівую дбайную гаману пра хлеб, пра зямлю…
А Гарбыль усё гаварыў, гаварыў, яго застылыя вочы глядзелі на мяне пільна і неадрыўна. Здалося, быццам у звужаных зрэнках бліснулі ледзяныя іскры.
— На чым перавозілі дрот да Мялешкі? — Я спытаў рэзка, гучна, быццам спадзяваўся, што рэзкасцю саб’ю яго халодную зацятасць. Ён адказаў мне ў тон:
— На палутарцы прамкамбіната.— I цішэй, скрозь роблены кашаль дадаў: —Здаецца, грамадзянін суддзя, вы не вельмі даяце мне веры. Не спяшайцеся, тут трэба абмазгаваць усё радком ды ладком, тут вялікая асцярожнасць патрэбна.
Доўгі напружаны допыт цягнуўся марудна. Мне часам здавалася, што яму не будзе канца. Гэта, мусіць, таму, што Гарбыль, пра што б ні гаварыў, заўсёды настырна заканчваў свае маналогі словамі: «Маё — някрадзенае. Салодкі кусок упоперак горла становіцца, а маё ўсё — з поту, з мазаля».
Пасля перапынку на абед дапытвалі шафёра прамкамбіната Андрэя Банадыка.
Усе, хто быў у зале, сачылі за Банадыкам з пільнай увагай, мацалі позіркамі яго шчуплую несамавітую постаць. Ведалі, што ён — Гарбылёў родзіч. Падсудны цікаваў за ім напружана, нецярпліва, мыляў сухімі губамі, нібы яго адольвала смага.
— А так што, каб не зманіць, ніякага дроту на склад да етага Мялешкі не перавозіў,— адказаў Банадык на маё запытанне.
— Як жа не перавозіў? — падхапіўся Гарбыль.— Памятаеш, мужчыны стабуніліся на пляцы ля чайной, а мы з табой ехалі? Ну, паднатуж памяць — ехалі ж?
— Ехалі, было.
— Чуеце, грамадзяне суддзі, было, перавозіў.
Банадык як бы поўніўся паслухмянасцю і пакорай, баючыся, каб не кінуць пустое слова, пацёр лоб, зноў патупаў на месцы.