Выбрать главу

— Ехалі, гэта праўда, а каб дрот перавозіў — не было такога. Не, Фядос, не ўмею я маніць,— прастадушна развёў ён рукамі.— Табе, калі б я ману ўзвёў, не пагана было б, а чалавеку як? — кіўнуў на Мялешку,

— Ты што гэта: то было — то не было! Не памятаеш, дык не кажы лішку! — Гарбыля прарвала. Ён раз’юшана сыпануў словамі.— Не верце яму, грамадзяне суддзі, розум у яго памутнелы. У ім з маленства сядзела чорная хворасць, не верце яму! — Густы хрыплы голас трашчаў, бы ламаўся, як сушняк.

На вострым твары сведкі застылі прыкрасць і роспач. Уважлівыя шэрыя вочы глядзелі з нейкай дзіцячай недаўменнасцю. Банадык памаўчаў і са скрухай, з дакорам самому сабе, кінуў:

— Як сляпы быў, і гасцяваў з ім у кампаніях, і так часцяком страчаўся — а не раскусіў, што ён за чалавек.

Быццам растраціўшы ўсю сваю палкасць у гарачай успышцы, Гарбыль праз мінуту аціх. Сядзеў пануры, змарнелы, безуважны да ўсяго, што адбывалася потым,— да прамоў пракурора і адваката, да гневу і абурэння, што чуліся ў прыцішаным гомане прысутных. Зразумеўшы, што выкрыты да канца, ён ужо гатовы быў прыняць тое, да чаго даўно, відаць, на ўсякі выпадак рыхтаваў сябе бяссоннымі начамі.

Выслухнўшы прыгавор, Гарбыль недарэчна кінуў: «Вось яно». Так, ён ведаў, што не толькі дабро адгукваецца дабром, а і ўсякае зло аддаецца караю. Затаіўшыся ў прадчуванні, жыў страхатлівай трывогай: нішто не знікае бясследна, на ўсё прыходзіць такі водгук, якога заслужыў.

Гарбыль паглядзеў наўкола, быццам пытаючыся ў людзей, куды яму трэба будзе ісці зараз, што рабіць. Раптам на яго твары запалалі чырвоныя плямы.

— А канфіскацыю маёмасці за што? — зноў узгарэўся ён.— Ці ж у калоніі не адраблю?.. Дык за што яшчэ пабытак мой адбіраеце? Дзе тая праўда? Дзе яна?

У тую мінуту ён больш за ўсё шкадаваў, што не спажыве ўкрадзенага.

ПІСЬМО

Справы аб знявагах мне асабліва былі непрыемныя. Станеш праводзіць дасудовую падрыхтоўку, і высвятляецца іншы раз, што і абвінавачваемы і пацярпеўшы адзін аднаго вартыя. Як у той прыказцы: абое рабое. Адзін слова — другі два ў адказ. I счапіліся, і пайшла сварка. Відаць, таму я так насцярожана паставіўся да Марка Кузьміна, які падаў заяву на Мацвея Пакацілу.

— Абразіў ні за што. Трэба ж! — Ён цераз сілу ўсміхнуўся, быццам хацеў сказаць гэтаю ўсмешкай, што яму няёмка быць тут, у кабінеце суддзі.

У судзе, калі разглядалася справа, Кузьмін распрануў паліто і паклаў яго побач на лаўцы. Пакуль праводзілася падрыхтоўчая частка працэсу, ён сядзеў задумлівы. Мне ўспомнілася: «У чалавеку павінна быць усё прыгожае: і твар, і адзенне, і душа, і думкі…» Хударлявы твар Марка Антонавіча быў сапраўды прыгожы — правільныя рысы, тонкі нос. Адзенне простае, але акуратнае: паношаны, добра адпрасаваны шавіётавы касцюм, свежая белая сарочка. А думкі? Якія яны ў яго, пра што?

Пакаціла сядзеў воддаль ад Кузьміна з такім выглядам, быццам ён быў прывінчаны да лаўкі. Расшпіліў свой жоўты кажушок, развёў крыссе. Апрануты ён быў у паласатыя штаны, запраўленыя ў валёнкі, сінюю суконную гімнасцёрку. Каўнер гімнасцёркі не сыходзіўся і зверху быў расхрыстаны.

Калі я зачытваў заяву пацярпеўшага, падсудны ўвесь час нездаволена ківаў галавой: маўляў, ну і лухта ж… Ці вінаваты ён? Праўда, сказаў непрыстойнае слова — дык Кузьмін жа да яго чапляўся.

Першым дапытвалі пацярпеўшага. Марк Антонавіч нетаропка падняўся, паглядзеў на Пакацілу.

— Дык вось, грамадзяяе суддзі,— пачаў ён,— ёсць у мяне ўнук Толік. Харошы хлапчук, я яго люблю. Ды і як дзяцей не любіць?..

— Гаварыце па сутнасці справы,— перапыніў я яго. Пры чым тут унук? Хто вас зняважыў, за што — вось аб чым расказвайце.

— Па сутнасці? То добра. Можна і па сутнасці. Ага, дык, значыць, Толік, унук мой… Хлапчанё такое дапытлівае, цікаўнае.

Я зразумеў: колькі не перапыняй яго, ён усё роўна будзе гнуць сваё — як задумаў, як вынасіў у сабе. Здараецца ж: хочаш хутчэй — будзе даўжэй. I я вырашыў не перашкаджаць, хай выгаварыцца. Часу ў мяне ў той дзень не бракавала, ды і падумалася, што імя хлапчука, мусіць, нейкім чынам звязана з гісторыяй, якую належала разгледзець.

Расказваў ён падрабязна, думкі свае выкладваў скрупулёзна. Потым Пакаціла даваў паказанні, пасля зноў Кузьмін — дапаўняў.

Што ж здарылася?..

Пасля цёплага бабінага лета ў тую раніцу ў горад раптоўна ўварвалася восень. 3-за Дняпра падзьмула сіверам. Зашумелі дрэвы, пасыпалася з іх лісце.

Выпіўшы чаю, Марк Антонавіч выйшаў у пярэднюю. Не спяшаўся. А куды ж яму спяшацца?