Выбрать главу

Кожны раз ён доўга глядзеў на сына, які збіраўся на работу. Бывала, марыў: дзянёк перадыхнуць бы. А цяпер не рад такім дням. Адно слова — пенсіянер… Па вечарах з нецярпеннем чакаў сына: можа, той з аўтабазы навіну якую прынясе? 3 аўтабазай жа, можна сказаць, звязана ўсё жыццё Марка Антонавіча, і ён па-ранейшаму, што ні робіцца ў гаспадарцы, прымае блізка да сэрца. Але сын не вельмі з ім гаваркі:

— Цэглу вазіў на будоўлю школы, «газон» — як звер…

Потым уключыць радыёлу: «Слухай, бацька, музыку, не сумуй!» А сам прыбярэцца ва ўсё новае і ў клуб, на рэпетыцыю. Вершы Ясеніна там развучвае. Ён і дома, калі чысціць касцюм ці глянцуе боты, дэкламуе. Пра тонкую бярозу, што задуменна загледзелася ў сажалку, пра неразумнае жарабя, якое неслася навыперадкі з паравозам…

Толькі і радасці цяпер у Марка Антонавіча, што ўнук Толік.

Перад тым як выйсці з кватэры, Марк Антонавіч павярнуўся, заглянуў праз расчыненыя дзверы ў залу. Толік стаяў ля стала, павязваў піянерскі гальштук і ў каторы раз сёння за раніцу паўтараў:

Знать, оттого так хочется и мне,

Задрав штаны,

Бежать за комсомолом.

Марк Антонавіч ганарыўся ўнукам: расце дасціпны, старанны. Не раз ён бачыў хлапчука такім засяроджаным і за іншым заняткам. Надоечы зазірнуў у гараж да сына, Толікавага бацькі. Той круціў у руках карбюратар. Толік стаяў убаку, шоргаў рашпілем па гумавай камеры — яе трэба было залатаць.

— Чаму сам не зробіш? — спытаў Марк Антонавіч у сына.

— Набіўся на работу, хай працуе.

— Ты ж, унучак, казаў, што касманаўтам будзеш.— Стары паклаў руку хлапчуку на плячо.— А, бач, да аўтамабіля цягнешся?

Толік зірнуў на дзеда знізу ўверх.

— Буду — і шафёрам, і касманаўтам буду. Хіба так нельга?

Унукаў адказ яму спадабаўся.

Цяпер Марк Антонавіч назіраў за хлапчуком з тым жа цёплым пачуццём, што і ў гаражы. Задаволена ўсміхнуўся, выйшаў.

На вуліцы парывісты вецер біў проста ў твар. Марк Антонавіч пастаяў ля веснічак. Жытуха!., Хочаш ці не — гуляй. А што радасці ад такіх прагулак? Душа работы прагне.

На цэнтральнай вуліцы каля чатырохпавярховага дома Марк Антонавіч зачапіў некага плячом. Аглянуўся — гэта быў домакіраўнік Мацвей Пакаціла. Той таксама спыніўся, задраў галаву і ўпяўся позіркам некуды ў вокны апошняга паверха. Адтапыранае вуха яго быццам варушылася — так напружыўся ён увесь. Марк Антонавіч прабег вачамі па ўсяму фасаду: можа, ужо хто на балконе бялізну развесіў пад вецер? Але нічога падазронага не заўважыў. «А нешта ж такі, відаць, угледзела Мацвеева вока»,— падумаў зацікаўлена. Ступіў да Пакацілы, крануў яго за руку.

— Чым залюбаваўся?

Мацвей маўчаў. Навіслы над каўняром карак бугрыўся, наліваўся чырванню.

— Улаўліваеш? — Пакаціла лыпнуў вачамі.— Аж свідруе ўсярэдзіне…

Зверху даносілася бадзёрая мелодыя. Горды звонкі голас спяваў пра мужнае сэрца, што вядзе некуды ўдалеч. Марку Антонавічу здалося, што іменна гэтай песні якраз і не хапала яму ў тую мінуту — так хацелася, каб нешта харошае, няўрымслівае бударажыла душу.

— У гэтай песні, брат, сама Расія…— у захапленні сказаў ён.

Пакаціла адступіў на крок.

— Шыбы, кажу, улаўліваеш?

Не чакаючы адказу, ён крутнуўся і пайшоў.

Марк Антонавіч закурыў. Зацягнуўся дымам, падумаў: якія шыбы?

Зноў Марк Антонавіч убачыў Пакацілу праз акно ў кабінеце начальніка жыллёвага ўпраўлення. Пад акном расла маладая ліпка, і на чыста пабеленай сцяне кабінета парывіста гойдаўся лёгкі цень ад яе тонкай галінкі. Мацвей размахваў рукамі, быццам лавіў яго. Крычаў. Словы былі гулкія, важкія. Ён даводзіў, што летась недзе ў іншым горадзе сам бачыў, як з акна верхняга паверха ўпала шыба і ўдарыла па галаве прахожага. Была заваруха, чуў — папацягалі ў пракуратуру і вінаватых, і невінаватых.

Марка Антонавіча ўразіла, як хутка можа мяняцца гэты на выгляд рахманы таўстун. Ці даўно ён быў засяроджаны і як бы напалоханы, а цяпер, бач, разышоўся! Праўда — яна і сілы, і рашучасці надае чалавеку. Яна распаліць…

— Робяць — абы з рук, абы камісія толькі прыняла. Што, няпраўду кажу? — абураўся Пакаціла.— I яшчэ хваляцца: «Мы, будаўнікі!..» Прэміі толькі атрымліваюць, а тут бегай праз іх. Што ў мяне — сэрца з паралону?

«Правільна, крый,— у думках падтрымліваў яго Марк Антонавіч.— За такое трэба…» З’явілася жаданне зайсці ў жылупраўленне і сваё слова сказаць. Пэўна, ён і зайшоў бы, ды ў тую мінуту шырока расчыніліся дзверы, і Пакаціла борзда вышмыгнуў на тратуар. Ён намерыўся перайсці вуліцу, ступіў, але, відаць, падсвядома адчуў на сабе пільны погляд. Азірнуўся. Марку Антонавічу хацелася неяк аддзякаваць Пакацілу за шчыры клопат, ды ён не ведаў, як гэта лепш зрабіць.