— Здорава ты, брат…— Ён падышоў.— Відаць, набалела…
Домакіраўнік пазіраў сярдзіта, тым не менш Марку Антонавічу здавалася, што ён зараз усміхнецца.
— Во дзе яны цяпер усе ў мяне.— Пакаціла ляпнуў рукой па кішэні.— А ты мо хацеў што? Дык гавары, не цягні, мне ў лазню трэба. 3 венічкам, пад парок.— Прыўзнятыя бровы выказвалі задаволенасць. На момант здалося, што ён забыўся і пра шыбы, і пра гарачую спрэчку, якая так раз’ятрыла яго, і пра нікчэмных бракаробаў.
— Я чуў тваю гаворку. Правільна, Мацвей, з такімі нечага цацкацца,— пахваліў Марк Антонавіч домакіраўніка.
Пакаціла падсунуўся да яго ўсутыч. Сцепануў крутым плячом, падміргнуў:
— Канечне ж, правільна. Тут толькі празявай… А цяпер, калі каго прыстукне, мая хата з краю. Начальнік жылупраўлення дакладную ў мяне прыняў? Прыняў. I на копіі распісаўся. Хі-хі…
Хаваючыся ад ветру, Пакаціла паставіў каўнер. Згорбіўся, уцягнуў галаву ў плечы.
Марк Антонавіч маўчаў, не ведаў, як успрымаць яго словы пра дакладную: жартам або ўсур’ёз? Але неўзабаве пачаў усведамляць, што гэта сур’ёзна: на твары Пакацілы застыў выраз бязлітасыасці. Гэта было неверагодна, але Марк Антонавіч мусіў верыць сваім вачам.
Ён збянтэжана глядзеў на Пакацілу. Раней ён не заўважаў на азызлай шчацэ Мацвея валасатую радзімку. А цяпер вочы быццам зачапіліся за яе.
— Чаго сіпіш? Гавары, як трэба,— сказаў Марк Антонавіч, асільваючы абурэнне.
— А як — трэба? — Вочы Пакацілы злосна бліснулі.
— Дык гэта ты такую праўду шукаў?
— Якую такую?
— Значыць, табе галоўнае — каб ты не адказваў. А калі сапраўды прыстукне каго — няхай?
— Слухай, ёлупень, ты чаго прыстаў да мяне? Каціся ты сваёй дарогаю! — Пакаціла са злосцю і пагардай паглядзеў на яго. Ужо на хаду павярнуўшыся, гучна кінуў: — Ёлупень, дурыла стары! Прычапіўся чорт ведае чаго!
Марк Антонавіч доўга глядзеў у той бок, дзе за вуглом знікла прыгорбленая постаць…
Апоўдні, невядома адкуль узяўшыся, над горадам пранеслася запозненая навальніца. 3 таго часу задажджыла.
Непагадаь не перашкаджала Марку Антонавічу. Ён па-ранейшаму кожны дзень хадзіў на прагулкі. Вярнуўшыся, вешаў у калідоры мокры адубянелы дажджавік, ставіў на пліту ў кухні чайнік. Піў чай, адаграваўся. Потым браўся што-небудзь рабіць. Майстраваў вешалку, розныя паліцы для кухні, рамантаваў прас, фарбаваў скрынкі для кветак. I чакаў Толіка са школы. Прыемна было ўяўляць, як хлапчук шпарка і лёгка ўзбягае на ганак, шырока расчыняе дзверы і паведамляе з парога:
— Па геаграфіі пяцёрка, па спевах — чатыры!
Звечара ўсе тыя дні Марку Антонавічу не спалася. Па шыбах барабаніў дождж. Са станцыі даносіліся ўздыхі паравозаў. Натужна гулі грузавікі. Ён варочаўся, прыслухоўваўся да начных гукаў.
Неўпрыкмет думалася, што Пакаціла раззлаваўся тады, бо быў не ў настроі пасля размовы са сваім начальнікам. Вядома, ён абразіў Марка Антонавіча. Ды гэта глупства. Марк Антонавіч умее дараваць. Ці мала каму не такое дараваў на сваім вяку…
Чорныя хмары, што густа завалаклі неба, на золку рассеяліся. Марк Антонавіч, лежачы ў ложку, глядзеў, як уваходзіў у пакой досвітак. Сцены нібы рассоўваліся. Насупраць акна ўсё выразней вызначаўся «Карабельны гай» у строгай пазалочанай раме, ужо добра віднеўся шкляны абажур пад столлю.
3 карніза над акном узляцеў голуб. Вось так шумна некалі ў дзяцінстве, калі Марк Антонавіч з бацькам ішоў па пожні, з-пад ног у яго ўзляцела перапёлка. Тады ён спалохаўся, аж сэрца закалацілася: моцна, з усяе дзіцячае сілы сціснуў бацькаў палец, за які трымаўся.
Здаля пачуліся шпаркія крокі: спяшаўся ранні прахожы. А вось яшчэ — павольныя, як бы пацяжэлыя… Стары слухаў і адчуваў, як нейкая няпэўная трывога вярэдзіла яго душу.
За шырмай салодка пасопваў, зрэдку мармытаў неша ў сне Толік. Марк Антонавіч прыслухаўся. Слоў не разбіраў, але яму здалося, што ўнук дэкламуе тыя вершы.
З’явілася думка: можа, і ў Пакацілы ёсць такі ж унук?
Незразумелая разгубленасць ахапіла Марка Антонавіча. Яна знянацку навалілася цяжарам, сціснула сэрца. Зрабілася горача. «Ну, ёсць і ў яго ўнукі — дык што з таго? Шчасце ж гэта, калі ёсць, хай расце дзятва добрымі і разумнымі людзьмі. Цяпер жа яна вунь якая кемлівая і дасціпная!»
Раптам яму выразна ўявілася, як бляклае вадзяністае вока Пакацілы хітра жмурыцца, падміргвае ў адказ на прагную дзіцячую дапытлівасць. Што ж гэта атрымліваецца?.. Нікому ж так не трэба шчырасць, як дзецям!..
А мы потым абураемся і здзіўляемся, чаму ў нас паганцы растуць…
Марк Антонавіч рэзка скінуў з сябе коўдру, устаў. «Не, перажытак пракляты, я знайду на цябе ўкарот, знайду,— гнеўна думаў ён.— За тое, што ты баязліва прыкрыўся той нікчэмнай паперкай, сваёй дакладной, Цябе не прыцягнеш да крымінальнай адказнасці, яно так. Але ж калі ты сядзеш на лаву падсудных за тое, што абазваў мяне ёлупнем і старым дурылам, у зале будзе знаходзіцца публіка. Там я раскажу людзям пра тваю подласць, яны за яе будуць па-свойму судзіць цябе, перажытак нікчэмны». Ён таропка стаў апранацца.