…Дапаўняючы свае паказанні, Кузьмін нечакана змоўк, паляпаў сябе па кішэні. Быццам забыўшыся, дзе ён знаходзіцца, дастаў папяросы, узяў адну. Круціў яе ў пальцах.
— Шкодны ты стары. I як з табой баба жыве? — з’едліва кінуў Пакаціла. Цяжка зварухнуўся, зашамацеў кажушком.
Гэтая яго рэпліка засталася па-за ўвагай Марка Антонавіча.
Было ціха і сумна. Цямнела. Сакратарка ўстала з-за свайго невялічкага прыстаўнога століка, уключыла святло. Кузьмін прыжмурыўся, азірнуўся, агледзеў прысутных.
— У вас усё? — спытаў я.
— Век пражыў — не судзіўся ні з кім, а тут на старасці год давялося.— Ён павярнуўся да залы.— Людзі, а калі ён, як сказаў мне, і ўнукам сваім будзе гаварыць: «Калі каго прыстукне, мая хата з краю?» Што будзе з імі, унукамі?.. Усё ў мяне.
Колькі часу мінула, а памяць, вяртаючыся да падзей, звязаных з тым судом, ажыўляе іх яскрава, да драбніц.
…Пакаціла імкнуўся паказаць тады, што грамадскае ганьбаванне, якім ён быў пакараны па прыгавору суда за знявагу Кузьміна, яго зусім не кранула. Ён хуценька пачаў зашпіляць кажушок, але ніяк не мог справіцца з тугім гузікам: той выслізгваў, не паддаваўся куртатым нягнуткім пальцам.
— От як, бачыш? Ганьбаванне,— прыжмурыўшыся, прытрымаў у куточках губ з’едлівую ўсмешку.— Грамадскае… — Цяжкія сківіцы варушыліся ляніва, інтанацыяй голасу, працяжнай і спакойнай, ён гаварыў: «От так, не пазбаўленне волі, нават не штраф — глупства. Словы. А яны як пухіры. Надзьмуліся, палопаліся, і нічога няма». Але ва ўсёй яго паставе, прыгорбленай і напружанай, у насцярожаных вачах бачылася нейкае прыхаванае замяшанне. У ім, мусіць, насуперак яго жаданню, выспявала штосьці такое, што было для яго зусім нечаканым і незразумелым.
Да дзвярэй Пакаціла ішоў з непакрытай галавой, аблавухую каракулевую шапку заціснуў у руцэ, якую трымаў навыцяжку. Выходзячы з суда, піхнуў плячом дзверы і, ступіўшы за парог, так і пакінуў іх расчыненымі.
Іншы раз чалавеку нясцерпна карціць падзяліцца сваімі думкамі. Мне таксама вельмі хацелася свае ўражанні аб справе Пакацілы выказаць людзям. Я надрукаваў артыкул у раённай газеце. I пра ўсё, што ўспрыняў у судзе, і пра свой роздум.
Неўзабаве пошта прынесла першы водгук на выступленне ў друку. Потым пасыпаліся пісьмы. Было трохі нязвыкла, што столькі ішло іх. Пісалі і гараджане, і вяскоўцы. Ухваляючы Кузьміна, выказвалі свае думкі аб праблемах выхавання. Якой заклапочанасцю пра людзей, пра жыццё, пра будучыню дыхалі скупыя шчырыя радкі! Якое было ў іх простае і глыбокае разуменне ролі чалавека на зямлі!
Зусім нечаканым было для мяне пісьмо Пакацілы. «Грамадзянін суддзя, у слоў няма зубоў, але ж яны балюча кусаюцца. Пэўна, вы гэта добра ўсведамляеце. 3 вашае ласкі пайшла пагалоска…» Яму, мусіць, таксама і пісалі, і гаварылі ў вочы. Яго асудзілі людзі.
Пісьмо Пакацілы роіла мае думкі. Я тады падумаў: хочаш уведаць сілу свайго голасу — слухай рэха. I з таго часу гэтая думка засталася ў мяне назаўсёды.
ДУМКАМІ ДА СЫНА
Гэтую гісторыю расказаў мой калега, народны суддзя Максім Сцяпанавіч Кацура. I пра тое, як судзіў, і пра тое, што пачуў пасля ад Астапа Скакуна — бацькі асуджанага падлетка. Праз тыдзень пасля суда Астап завітаў да Максіма Сцяпанавіча, каб параіцца, як яму надалей выхоўваць сына. А расказаў мне калега вось што.
***
…Перад тым, як рушыць на вуліцу, Мікола пастаяў на сцяжынцы, што вяла да веснічак, паазіраўся, быццам развітваўся з родным кутам. Да яго падляцеў Жучок. Весела віляючы хвастом, церануўся аб нагу і заскакаў ад нейкай сваёй сабачай радасці. Але, не адчуўшы Міколавай ласкі, ён спыніўся, задраў вострую пысу. Мусіць, не жадаючы глушыць сваю радасць, недаўменна пазіраў Міколу ў вочы. Чмыхнуў носам, нібы да чагосьці прынюхваўся.
Астап закурыў, некалькі разоў запар глыбока зацягнуўся дымам. Пацёр цыгарэту ў пальцах і шпурнуў яе пад ногі, утаптаў абцасам у зямлю. Сярдзіта сказаў:
— Ну, развіталіся? Пайшлі, арыштант.— Не азіраючыся на сына, ён пакрочыў з двара.— Во такія табе, неслух, праводзіны, калі і сам зганьбіўся і радзіцелям сэрца рвеш. Во так табе… Адзін цюцька правёў цябе…