Выбрать главу

Стах жа, нават калі заставаўся з дзяўчынаю сам-насам, баяўся абняць яе, а ня тое што пацалаваць.

Тую дзяўчыну, пэтэвэшніцу, звалі Ірка... Таксама, дарэчы, Іра. Бывае ж такое, што па жыцьці суправаджаюць жанчыны з адным і тым жа імем. (Гэта потым яго вучыў старшакурсьнік-клоўн, што каханку трэ выбіраць з імем жонкі: тады ў ложку не памылішся...) Ірка мужна, штовечар, выхадзіла з ім колькі тыдняў – самае большае за руку патрымацца ды ў вочы пазазіраць – слухаючы расповяды пра зоркі, пра цікавосткі жыцьця вясковага, пра сьмешныя выпадкі са Стахавага такога кароткага вопыту... і нарэшце не вытрывала і сказала яму пры разьвітаньні: “Ты мне падабаешся...” Для яго гэта было нечакана, але не зьдзівіла: а як жа іначай, калі яны столькі часу “ходзяць”... І яна яму таксама падабаецца... Яны стаялі каля падворку яе бабулі, і ён моўчкі лыпаў на Ірку, не выпускаючы ейныя рукі, сьціскаючы іх усё мацней і мацней. І тады яна вызваліла рукі, прыгарнула яго да сябе і пацалавала. Лёгка, аднымі сухімі вуснамі. У цішыні пачулася: “Па-а-а...” – чмокнулі яе губы... Цалуючы, Ірка ўкалола-кранулася яго пругкімі ў станіку ўзгоркамі сваіх грудзей, і ён ледзь не самлеў ад гэтага дотыку. А яна прашаптала: “Бывай...”, і пабегла дамоў.

6б.

Такім чынам, яна назвалася Ірай. Ён – Стахам (“Якое незвычайнае імя!” – Караткевіча, відаць, не чытала). Яна ехала праведаць бабулю, у якой некалі жыла кожнае лета. Вёска яе была далекавата ад ягонай – у іншым раёне. І бачыцца яны раней ніяк не маглі. Праводзіў яе жаніх, з якім яна заручылася і ў ліпені будзе вясельле. Іра і сапраўды студэнт­-ка – перайшла на апошні курс. Вучыцца ня любіць. Лічыць, што ўся кар’ера для жанчыны – удала выйсьці замуж. Разумна. Выгадна. Будучы муж – сын дыпламата і сам стане дыпламатам... Стах слухаў яе і адразу забываў, што яна кажа, бо словы цяпер нічога ня значылі. Ён не заўважыў, як яе рукі апынуліся ў ягоных. Ён трымаў іх – маленькія, кволыя, цёплыя – і ня мог натрымацца. Ён кахаў яе – так, кахаў, хіба для гэтага трэба шмат часу? – гэтую чужую жанчыну. Ён пакахаў яе з першага погляду, яшчэ там, на пероне, калі праходзіў паўз іх з хлопцам у аўтобус. Ён тапіўся цяпер у ейных бліскучых, вільготных, вялікіх вачах, у якіх прабягала сьвятло рэдкіх сустрэчных. Стах паднёс яе рукі да вуснаў і пацалаваў. Ён дзівіўся сабе: раней ніколі ня змог бы адважыцца на такую сьмеласьць. Іра дрогнула – страпянулася так тонка, быццам нябачная хваля прабегла па ейным целе – але рукі не забірала. І Стах адчуў сябе зусім хлопчыкам у параўнаньні з гэтай жанчынай, з гэтай ільвіцай, якая ў любы момант можа яго разарваць на кавалкі, можа ўзьняць, узвысіць, а можа апусьціць, выкінуць, зруйнаваць, зьнішчыць... Стах разумеў, што і яна гэта ведае, што ягоны лёс, ягоная будучыня цяпер у гэтых маленькіх руках, якія ён трымае ў сваіх. Яна ўжо адчула, што можа дыктаваць яму ўмовы, і ёй гэта спадабалася: чаму б не пагуляцца з нявопытным шчанючком... Ноч, глухая ноч. Іх двое. Ён хваравіта гарыць, палае. Людзі вакол для яе – ня больш чым манекены, антураж, ён жа іх увогуле не заўважае. Мілы, наіўны вясковы хлапчук, які, напэўна, у жыцьці яшчэ нічога ня бачыў, толькі што вырваўся ў сьвет са сваёй вёсачкі... Чаму б не завесьці яго... Тым больш, што ноч, сумна і спаць ня хочацца, тым больш, што ў любы момант гульню гэтую можна перапыніць...

Стаха прываражыла гэтая жанчына, як ніхто раней, ён не валодаў са­бою, ня мог спыніць сябе, нібыта і сапраўды прыйшоў ягоны час. Яна была так блізка і здавалася такой даступнай. Яму хацелася большага і большага... Ён закахана глядзеў у яе вочы, і яна разумела, што гэта не акцёрства, не гульня, што гэта шчыра, што і ў яе, мусіць, такога яшчэ не было і наўрад ці калі будзе... І яна таксама моўчкі, крыху стомлена, пазірала ў ягоныя вочы, якія глядзелі шырока-шырока... Крыху стом­лена глядзела, але быццам бы дазваляльна-заахвочвальна... Прынамсі, яе бліжэй, адчуў ейнае цела – яно зноў страпянулася, затрымцела, чуйна напялася, як леска, калі рыбі­на кратае нажыўку... Вочы яе яшчэ больш заблішчэлі, пакрыліся туманам... Пажадай? Жаданьнем? Прагай?.. Стах ня думаў пра гэта. Ён думаў толькі: “Якая ж ты прыгожая, Ірынка...”, і праз паўзу: “Як жа я цябе хачу...”