Выбрать главу

Іра раптам адабрала ў яго свае рукі, адсунулася на край крэсла, грубавата адштурхнула ад сябе – і настойліва, працяжна, бы зьмяя ў мульціку, прашаптала: “Сьпі-і-і!” Стах не зьдзівіўся гэтай нечаканай перамене. Са свайго невялікага вопыту ён ведаў ужо, што гэта свое­асаблівая лакмусавая паперка: праверка мужчыны на трываласьць, што гэта і ёсьць дазвол жанчыны ісьці далей, пераступаць мяжу... Ён пяшчотна абхапіў яе галаву, прыцягнуў да сябе і пацалаваў гарачымі вуснамі ў шчаку, у вусны, у шчаку, у вушка, вушка, вушка... Прагна, па-даросламу, як не цалаваў яшчэ нікога.

— Сьпі-і, сьпі-і, — шаптала яна, і дыханьне яе зьбівалася, — сьпі-і..., — бо вусны ня слухаліся яе і лавілі ягоныя, — сьпі-і..., — і грудзі шалёна, адчайна ўздымаліся, — сьпі-і...

6в.

Асалода – гэта самападман.

І каханьне – самападман.

Любое імкненьне шукаць асалоду – хвароба. Але любое імкненьне атрымаць асалоду ёсьць нармальная зьява, незалежна ад таго, якім чынам гэтая асалода даецца. Няма нічога забароненага. Як можна забараніць тое, ад чаго чалавеку добра? Галоўнае, каб пры гэтым было добра кожнаму паасобку і ўсім разам. І ніякога гвалту. Ні над кім. Ніколі. Усё толькі па згодзе.

І тады любыя спосабы і любыя варыянты атрыманьня асалоды мажлівыя. Рознаполыя, аднаполыя, калектыўныя...

Толькі – ні кроплі прымусу, зьдзеку, гвалту, падману, хітрыкаў. Усё па добрай згодзе: “Табе “калясо” і мне “калясо”...

Вам добра? Ну дык – “упярод”.

Стаха ж цікавілі выключна жанчыны. Яго задавальняў толькі адзін варыянт: мужчына+жанчына. Ён шукаў яго. І гэта было адзінае, што жыцьцё магло супрацьпаставіць ягонай самоце. Жанчына не давала яму быць адным. Адзіным – так, але не адным... Жанчыны – вось што ўрэшце рэшт разьбіла ягонае ўяўленьне пра адзіноту. Пакуль ёсьць жанчыны – ён не самотны...

І цягнецца адная адзінота да другой. І разам ім добра.

Жанчыне добра – пакуль добра, пакуль ідзе “працэс трэньня”. Мужчыну добра – пакуль ня выштурхне з сябе семя. Жанчына схопіць імпульс звышдобрага і зноў вяртаецца да ранейшага – да проста добра. І так да бясконцасьці. І ў любы момант гэтай даброты яна можа ад­піхнуць мужчыну, устаць, абцягнуць спаднічку, паправіць прычоску, падфарбаваць вусны, і як ні ў чым ні бывала сысьці... Жанчына можа не заўважыць “разрыву”, перайсьці ад стану трэньня да стану спакою амаль імгненна. Гэтаксама лёгка яна можа падняць спаднічку, растуліць ногі і быць гатовай прыняць порцыю асалоды...

Жанчына больш дасканалая істота, чым мужчына, бо менш тонкая.

Жанчына адзінокая заўсёды. І да таго, і пасьля. Адзінокая і няшчасная. Падманутая сама сабой. І найбольш адзінокая яна якраз тады, калі носіць у сабе другое – новае – жыцьцё...

Мужчына ж не супакоіцца, пакуль ня выкіне з сябе семя. Ён будзе страшэнна пакутаваць, калі гэта не здарыцца, пакуль гэта не здарыцца. А калі ўсё адбудзецца – гэтчаснае расслабленьне, млявасьць, санлівасьць, абыякавасьць. У аднаго бывае так пасьля першага разу, у другога хай сабе і – дзясятага... Але бывае абавязкова. Ізноў мужчыну агортвае адзінота. Яшчэ большая, чымсьці да таго. І пачуцьцё віны. Без віны вінаватага...

Ці не таму, што Бог выгнаў Адама з Раю пасьля першага, самага першага, спазнаньня жанчыны.

7a.

Наступным разам Ірка вучыла Стаха цалавацца. Ноч была не па-летняму чорнаю і ярка-зорнаю. Проста над ягонаю, пахіленаю ў пацалунку, галавою вісела сузор’е Ліры і Вега была зьдзіўлена-вялікаю, велізарнаю, бы зоркавае вока, што бачыць усё, вялізнаю, як срэбны рубель, як асалода, як шчасьце ніколі не каштаванае ім у такой колькасьці.

Было хваляваньне, быў мандраж, быў, нарэшце, сорам. Але толькі напачатку. Потым усё забылася. З мулкай лаўкі яны ўпалі на мяккую, халодную, яшчэ ня росную траву, качаліся па ёй і Стах, калі быў зьнізу, і калі шырока расплюшчваў вочы, бачыў толькі аграмадную Вегу, што бессаромна зазірала проста ў ягонае нутро. Вялізная, як сонца, Вега – сімвал ягонага шчасьця. Першы пацалунак: паэма і няскончаны, скамечаны вершык – разам... Вусны ня слухаюцца, вусны драўляныя, вусны нічога ня ўмеюць, вусны сухія-сухія, гарачыя-гарачыя...

Ірка была непадобнай да сябе. Нястрымнаю, палкаю, шалёнаю... Яна літаральна ўпівалася, усмоктвалася ў яго, рассоўвала языком вусны, тра­пятала ў руках, білася, як рыбіна... Потым супакойвалася, і, лежачы пад ім, вучыла, як цалавацца “па-школьнаму” – цнатліва... “як муж з жонкаю”... “як з каханкам”... проста – “узасос”... Затым па “Камасутры” – пацалунак “лёгкі”... “паветраны”... “трапяткі”... Ён не дзівіўся – адкуль яна гэта ведае, ён ня думаў ні пра што, ён бачыў толькі яе, нават нічога не бачачы...