Далейшае Стах памятае, як скрозь сон. Парторг з Іркай прайшлі ў ягоны бок і спыніліся на паўдарозе пад раскідзістай яблыняй. Парторг дастаў з адной кішэні пінжака пляшку гарэлкі, з другой — нейкую закусь: плаўлены сырок, печыва, цукеркі... і кінуў пінжак пад ногі, на траву. Выглядала гэта гідкавата: ежа з кішэняў... Ірка села на пінжак. Войкнула, і з рогатам дастала з пад сябе зялёны яблык, шпурлянула яго ў бок Стаха. Парторг зубамі адкаркаваў пляшку, і яны выпілі. З горла. Ірка першая. Смачна-смачна (!!!) пацалаваліся. Парторг выцер сьлінявыя губы і зноў падцягнуў да сябе Ірку.
Былі яшчэ нейкія жарты і сьмех, як прэлюдыя, разбаўленыя дапіваньнем гарэлкі, — а потым парторг паваліў Ірку на траву, ус-ка-рас-каў-ся на яе, шкрабаючы тоўстымі пальцамі па плячах, грудзях, сьцёгнах... А затым... яны качаліся па траве пад яблыняй з віскам і стогнамі, і то парторг быў наверсе, то Ірка... Стах успомніў нядаўнюю ноч, і яго ледзь не званітавала...
Аслупянелы, анямелы, асьлеплены, ён даляжаў у траве да самага канца – ажно пакуль яны, рагочучы, ня селі ў “газік” і не паехалі. У ягоных вачах назаўсёды застаўся рух Іркі: двума рукамі яна абцягвае – пасьля таго! – кароткую сваю сукенку: двума рукамі дзелавіта тузае ўніз-уніз, а зьмятая сукенка ня слухаецца...
Стах сабраў падвялую траву – мех быў ня поўны, не хапіла нейкай жмені. Ён ухапіў рукою пук травы, разануў сярпом з усяе сілы і – мізінец, самы згіб яго на костачцы, быў развалены сярпом да касьці. Імгненьне бялела мяса, косьць, а затым пырснула гарачая, чырвона-чорная кроў. Стах заціснуў палец рукою і заплакаў.
Сьлёзы ліліся ручаём. Не ад болю. Ад крыўды. І не было цяпер нікога побач з ім, хто б супакоіў яго, растлумачыў, што нічога ня здарылася, што гэта ніякая ня здрада, што гэта і ёсьць жыцьцё...
8б.
Толькі ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Досыць... До... До... До...
Ірына чакала яго вясёлымі вачыма. Пэўна, і ў яе быў час падумаць. І сапраўды – калі адкінуць усе ягоныя прыдумкі: якая яна прыгожая! Асабліва цяпер, у паўцемры. Як гараць яе вочы, блішчаць пажадай...
Стаху захацелася іх запомніць, сфатаграфаць, каб потым намаляваць... Ён усьміхнуўся ў адказ – аднымі вуснамі: лёгка, прыязна, супакаяльна...
Аўтобус крануўся.
Толькі ня трэба словаў... Ня трэба словаў!
...Маленькая рука пацягнулася да маланкі на Стахавых джынсах, гузік расшпіліўся сам...
8в.
Сьмерць хацела ажаніць Стаха на сабе. Але да таго – даць адпакутаваць неспазнаньнем жанчыны. Каб стаць першай.
З маленства ён адчуваў, што лёс рыхтуе яго да адзіноты. І як мог супраціўляўся таму. Сьмерць не ўлічыла гэта. Яна і падумаць не магла, што ў ягоным кволым цельцы пасяліўся такі моцны дух. Трэба было не даваць яму шанец, не пакідаць яго жыць, а забраць сабе яшчэ тады, калі трое сутак ён ляжаў у коме з пераламанымі нагамі і скабамі пасьля таго, як Сёмка-Гец сьпіхнуў яго ўніз з дзевяціметровай вышыні той самай вышкі. Але яму споўнілася ўсяго дзесяць, і ёй закарцела трохі падрасьціць яго...
А потым яна са сьмехам заўважыла, як хапаецца ён за сваё жыцьцё, не ўсьведамляючы, што ягонае зямное існаваньне можна назваць хіба суцэльнай пакутай, а шчасьце ўяўным і прыдуманым. І яна вырашыла правучыць яго, пазьдзеквацца хоць тым, што патрымаць як даўжэй у гэтым балючым цельцы. Яна думала – Стах паразумнее, убачыць, што апроч болю і пакутаў нічога ня мае. І сам папросіцца да яе: закіне вяроўку за крук над люстрай і павісьне, будзе боўтаць нагамі ў паветры і ўмольваць яе забраць яго. Аднак ішоў час, а ён усё чапляўся і чапляўся за жыцьцё, сталеў, старэў, і да яе не сьпяшаў. Больш за тое, адвучыўся на мастака, потым ажаніўся на звычайнай зямной жанчыне і... ягонае семя дало ўзыходы...
І тады яна зразумела, што падманулася, пралічылася, што ён перахітрыў яе, і ноччу, у сьне, прыйшла да яго, але не бабуляй з касою, як малююць кепскія мастакі, а гожаю жанчынаю, якую тыя ж мастакі могуць назваць Музаю.
І тады Стах усьвядоміў, што жыве ня так, ня дзеля той мэты, з якою прыйшоў на Зямлю, што пралічыўся. Ён цярпеў пакуты, ён супраціўляўся сьмерці, а яна – перахітрыла яго, падкінуўшы спакусу ў выглядзе каханьня, у вобразе зямных жанчынаў... Ён супраціўляўся адзіноце, але ці варта было рабіць гэта толькі дзеля аднаго: працягу жыцьця, працягу радаводу? Бо...