Аляксей Якімовіч
Эльдарада просіць дапамогі
Эльдарада просіць дапамогі
Частка першая
Няпрошаныя госці
Ці ёсць краіна Эльдарада?
Той цёплы сакавіцкі дзень — першы дзень нашых школьных канікулаў — памятаю як сёння.
Зранку я пайшоў за вёску, на раку. Непрыкметнай тоненькай нітачкай цягнецца на карце наша рака. А мы ведалі, што тут і віры круцяць на паваротках, што ёсць і яміны-бухты трохметровай глыбіні, і брод. Ведалі, дзе пантоны ляжаць, засмоктаныя пяском. Тут у тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртым годзе нашы салдаты перапраўляліся…
Тады, увесну, рэчка разлілася. Далёка-далёка, кіламетры на два, ажно да лесу, да самага хвойніку, зацішнага, парослага ядлоўцам, дзе так многа цёплых сунічных палянак!
Заклаўшы рукі за галаву, я ляжаў на высокім абрывістым беразе і глядзеў на хмаркі. Хмаркі, лёгкія пухнацікі, павольна праплывалі нада мною.
Я стараўся адгадаць, куды, у якую далеч яны плывуць. Думалася: а што, калі і я некалі недзе там, далёка, буду?
I соладка было на душы, і шчымліва.
Нечакана непадалёку пачуліся галасы:
— Андрэй, а мы цябе даўно шукаем!
— Марозік, растлумач ты ёй!..
Па беразе ішлі мае сябры — шасцікласнікі Міхась Кадыш і Наташа Весялуха.
— Марозік, — паўтарыў Міхась, падышоўшы бліжэй, — я болей не магу. Яна мяне да ікаўкі давяла.
Па-сапраўднаму маё прозвішча Мароз, але колькі памятаю, сябры заўжды клічуць мяне Марозікам. Напэўна, ім так болей падабаецца. I я зусім не крыўджуся на іх: прывык.
— Што вы не падзялілі? — пытаюся, прыўзняўшыся.
Наташа і Міхась праз дзень спрачаюцца. Міхась у нас фізікай захапляецца. Ён нават транзістарны прыёмнік сабраў. А вось літаратуру і мову не вельмі любіць. Кажа, што без літаратуры пражыве. Ен толькі тыя кнігі чытае, якія па праграме даюць. А Наташа сапраўдны філолаг. Яна і ў мовазнаўчым, і ў літаратурным гуртках займаецца. А яшчэ яна вялікая выдумшчыца. Неяк даказвала, што літаратурныя героі — гэта жывыя людзі, з якімі нават сябраваць можна. Вось якія ў мяне аднакласнікі. Не засумуеш з такімі.
Я ўстаў.
— Дык чаго спрачаецеся?
— Глупства яна выдумляе! — амаль не ў самае вуха закрычаў Міхась.
А Наташа:
— Сам ты глупства!
«Ну, зараз паб’юцца, — думаю. — Памірыць трэба».
— Цішэй, — паморшчыўся я. — У маіх вушах хутка перапонкі лопнуць.
Наташа, відаць, пакрыўдзілася, бо падцяла вусны і адвярнулася. Яшчэ гэтага мне не хапала! Прыйшлі, думкі перабілі ды яшчэ злуюцца. Цікава: чаго яны так спрачаюцца?
— Расказвай, — звяртаюся да Міхася.
— Вось гэтая разумніца, — паказаў пальцам Міхась, — даказвае, што недзе ёсць краіна Эльдарада.
— А ты не тыцкай пальцам, — абурылася Наташа. — У мяне імя ёсць.
— Міхась, не тыцкай пальцам, — папрасіў я.
— Яна даказвае, што ў Амерыцы ёсць Эльдарада — краіна золата і каштоўных камянёў,— зноў пачаў Міхась. — Іспанцы, заваявальнікі Амерыкі, думалі, што існуе такая краіна. Яны доўга шукалі яе. Золата ім хацелася. — Міхась махнуў рукою. — Ат, было б пра што гаварыць. Ты сам гісторыю вучыў, ведаеш, што няма такой краіны. Легенда гэта.
— Ёсць! — усклікнула Наташа. — Ёсць краіна Эльдарада.
Нарэшце я зразумеў, з-за чаго яны спрачаюцца… «Эльдарада… Краіна золата і каштоўных камянёў…» Правільна сказаў Міхась: няма такой краіны. Прагным іспанцам яна мроілася. Даўно навукай даказана, што няма. Нейкую пустую гаворку завялі. Відаць, разумеюць гэта. Але не хочуць адно аднаму саступаць. Найшла каса на камень. Абое рабое.
— Няма Эльдарада. Выдумка, — падтрымаў я Міхася.
Думаеце, пагадзілася са мною Наташа? Не. Кепска вы яе ведаеце.
— Ёсць! — яна ажно нагою тупнула. Ды якраз абцасам па маёй назе. Цяпер ужо я ўзлаваўся:
— Чаго ты па маіх нагах, як па асфальце, топчашся? Думаеш, не баліць?
А яна бровы насупіла. Быццам гэта я на яе нагу наступіў.
— Веcялуха, — кажа Міхась, — калі б была краіна Эльдарада, то яе даўно з космаса сфатаграфавалі б. З космаса любую макулінку можна сфатаграфаваць.
— У мяне імя ёсць. Я ўжо казала табе… Веcялуха, Весялуха… Яшчэ хлопчыкі называюцца. Я дакажу вам, што ёсць Эльдарада. Я…
Штосьці хацела сказаць Наташа, але Міхась перапыніў яе:
— Калі ты ўпэўнена, што ёсць, то хутчэй білет туды заказвай. На хуткі. На экспрэс. Толькі там цябе не бачылі.
У Наташы адразу і шчокі, і вушы пачырванелі.