Як ручайкі сцякаюцца ў раку, так і атрады сталі сцякацца ў недаступныя, бязлюдныя джунглі. Кожны, хто змог, выканаў загад правадыра. Вырасталі хаціны, зацепліліся вогнішчы.
А правадыр аб’явіў: «Нікому ніколі не сыходзіць з гэтага месца. Ні з кім не страчацца. Ні словам, ні якім іншым спосабам не паведамляць пра сябе. Няшчасце таму, хто парушыць гэты вечны закон».
Не хацеў правадыр новага перасялення.
Шмат гадоў нішто не парушала размеранага жыцця нашага новага Эльдарада. А потым над намі сталі лятаць дзіўныя сярэбраныя птушкі.
«Белыя!.. Гэта ляцяць белыя», — здагадаліся старэйшыны. Белымі палохалі не адно пакаленне. Рахманай авечкай быў кракадзіл у параўнанні з невядомымі белымі. І зноў людзі пачалі разбураць хаціны, а жыллё рабілі на дрэвах. Каб сярэбраная птушка не заўважыла.
Неяк сярэбраная птушка зноў з’явілася над намі. Яна ляцела нізка-нізка, і чамусьці з яе жывата выбівалася полымя, а за ёю слаўся чорны след. Людзі пахаваліся, а праз некалькі хвілін пачулі, як, скалануўшы лес, ударыў пярун. Дзень, ноч сядзелі на дрэвах. Нарэшце смялейшыя злезлі з дрэваў і ўбачылі, што сярэбраная птушка ляжыць каля возера, дзе звычайна лавілі рыбу. І што самае жахлівае: каля вады, на беразе, ляжаў белы чалавек. Сотні вачэй здалёку назіралі за ім. Белы чалавек не варушыўся. І тады людзі зразумелі, што белы чалавек мёртвы. І яго птушка таксама мёртвая. Мёртвы белы чалавек і мёртвая сярэбраная птушка ўжо не здаваліся такімі страшнымі. Хтосьці падышоў да белага чалавека, нагнуўся, прытуліў вуха да яго грудзей і пачуў, што ціха б’ецца сэрца.
Што было рабіць з ім? Праткнуць кап’ём? Але хіба падымецца ў каго рука на безабароннага? Здавён нашы людзі не пакідалі ў бядзе параненых і нямоглых. Гэта быў яшчэ адзін вечны закон нашай краіны. І белага чалавека не пакінулі дзікім звярам. Вылечылі.
Незнаёмы назваўся Кляйнам. Было яму гадоў пяцьдзесят. Кляйн сказаў, што застанецца з намі назаўсёды, што не парушыць нашага вечнага закону. І мы прынялі яго ў сваю сям’ю. Да кожнага Кляйн падабраў ключык. Мужчын навучыў выплаўляць метал, жанчынам рабіў пярсцёнкі, дзецям майстраваў свісцёлкі. Ен нават запалкі прыдумаў. Мы глядзелі на яго як на добрага чарадзея.
«Яшчэ не таму вас навучу, — хваліўся Кляйн. — Толькі вы мне пабудуйце лабараторыю».
Мы яшчэ не ведалі, што такое «лабараторыя». Але раз Кляйн захацеў — трэба будаваць. Кожны стараўся дагадзіць яму.
Пабудавалі лабараторыю, калючым дротам яе абнеслі. Калючы дрот Кляйн навучыў рабіць. Мы дзівіліся, чаму так абгароджваецца, а ён тлумачыў, што дзікіх звяроў баіцца.
І стаў Кляйн жыць у лабараторыі. Некалькі дзесяткаў індзейцаў з сабою забраў. Я таксама да яго трапіў. Зусім малым хлапчуком. Мяне і яшчэ трох хлапчукоў ён стаў розным навукам вучыць. Вучоба мне лёгка давалася. Хутка я стаў першым вучнем у Кляйна. Кляйн вучыў фізіцы, астраноміі, геаграфіі, анатоміі.
Тады і пачаў ён расказваць мне пра сваё жыццё. «Я — немец, у Баварыі жыў, я доктар, прафесар, — казаў Кляйн. — Я шмат для навукі зрабіў. У мяне і ў Германіі свая лабараторыя была. Але тут мы з табой болей зробім. Увесь свет нам пазайздросціць».
Пазней я даведаўся, што Кляйн — фашыст. Ен казаў, што немцы — вышэйшая нацыя, якой усе павінны служыць.
Ен навучыў мяне гаварыць па-нямецку, а пасля — па-руску. Па-нямецку ён вучыў гаварыць ўсіх, хто ў яго працаваў. У яго пакоі вісела радыё. Калі мы слухалі перадачы з вашай краіны, ён ажно шалеў. Бегаў па пакоі і праклінаў вас. Ен расказваў, як яны, фашысты, ваявалі з вамі, з рускімі. Хваліўся, што сам вашых палонных расстрэльваў. А ў канцы вайны яго пасадзілі на самалёт і загадалі ляцець у адну маленькую лацінаамерыканскую краіну. Каб там працаваў. Але самалёт загарэўся. Адзін ён цудам выратаваўся.
Я слухаў Кляйна і стараўся зразумець, чаму ён так моцна ненавідзіць вас. Ваша радыё многа мне расказала. Я даведаўся, што ваша краіна — вялікая краіна, што ваш народ — вялікі народ, што вы за шчасце для ўсіх, хто супраць такіх, як Кляйн.
А тут яшчэ такое стала рабіцца, такое… Са звычайнага маленькага павука-крыжавіка за некалькі тыдняў Кляйн вырасціў павука велічынёю з цялё. І пачаў гэтага павука, як ён сам казаў, выпускаць на паляванне. На нашых людзей. Павук лавіў іх і забіваў. А Кляйн ажно рукі паціраў: «Гэта мая новая біялагічная зброя. Я яшчэ не такое прыдумаю».
Людзі абурыліся, хацелі знішчыць Кляйна і яго лабараторыю, але ён, калі яны падышлі да лабараторыі, атруціў іх газам.
Нашы індзейцы сталі нейкімі бязвольнымі, бездапаможнымі. На Кляйна яны глядзелі як на ўсемагутнага чарадзея. І не дзіва. Ен паветра атручвае, яму павукі служаць. Хіба такога адолееш? Ен яшчэ пусціў погаласку, што бессмяротны. Спачатку і я ў гэта паверыў. Дый як было не паверыць! Колькі гадоў ён у нас пражыў, а амаль зусім не пастарэў!