Выбрать главу

Кляйн загадаў, каб вакол лабараторыі выкапалі вялікі роў, напоўнілі яго вадою і напусцілі туды піраньяў. Гэтыя маленькія рыбкі такія ж драпежныя і пражэрлівыя, як і сам Кляйн. Нават буйную жывёлу за некалькі хвілін здольны аб’есці да костачак. У лабараторыю можна было трапіць толькі праз пад’ёмны мост. Дзень і ноч стаяла каля моста варта.

Ужо тады я здагадаўся, што Кляйн не бессмяротны. Здагадаўся, што ён дрыжыць за сваю скуру. Я стаў думаць, як мне знішчыць Кляйна і яго лабараторыю. Але за мною сачылі. Дый Кляйн адзін ніколі не хадзіў. І ў нас знайшліся такія, што, як сабакі, служылі Кляйну. Раней сярод нашага народа такога не страчалася.

А нядаўна Кляйн захварэў. Ніхто пра гэта не ведаў, бо ён зачыніўся ў сваім пакоі і нікога да сябе не пускаў. Сам лячыўся. Праз некалькі дзён ён выйшаў з кабінета схуднелы, згорблены. Я здагадаўся, што ён хварэў.

Кляйн выклікаў мяне да сябе і сказаў: «Кока-Кола, ты паляціш у Баварыю. Вось пакет. Апусціш яго ў паштовую скрынку і прыйдзеш на дамоўленае месца праз некалькі сутак. Цябе сустрэнуць маладыя людзі. Магчыма, хлапчукі. Яны скажуць пароль: „Доктар Кляйн прыслаў нам прывітанне“. Гэтых людзей прывядзеш да нас».

Я не сказаў вам, што Кляйн сканструяваў лятальны апарат, які ляціць далей і хутчэй, чым птушка. Гэтым апаратам ён навучыў кіраваць мяне. Сам Кляйн не часта лятае, не хоча на доўга пакідаць лабараторыю.

Я згадзіўся. Кляйн паслаў са мной яшчэ двух індзейцаў — Банана і Кальмара. Яны ў тэхніцы не вельмі разумеюць, але затое Кляйну аддана служаць. І вось утрох мы паляцелі ў Баварыю. Я цішком разарваў канверт, бо здагадаўся, што Кляйн задумаў нядобрае.

Я не памыліўся. Кляйн пісаў, што нядаўна пачуў пра тое, што на яго Радзіме, у Баварыі, ёсць сапраўдныя патрыёты — нашчадкі Гітлера, якія стварылі арганізацыю «Агонь і меч». Ен просіць, каб сюды, у Эльдарада, прыслалі здольных хлапчукоў, адданых фюрэру. Ен хоча зрабіць з іх сапраўдных вучоных, перадаць ім сакрэты новай біялагічнай зброі, якая дапаможа ім, нашчадкам Гітлера, заваяваць увесь свет. Яшчэ Кляйн пісаў, што вынайшаў такі прэпарат, які на пяцьдзесят гадоў па падаўжае жыццё. Толькі на пяцьдзесят, не болей, і таму вучняў трэба прыслаць хутчэй, бо жыць яму не бясконца.

Я вырашыў не ляцець у Баварыю. Мы селі ў вас, у Савецкім Саюзе. Кальмар і Банан, канечне, не ведалі, дзе мы спусціліся, а я сказаў, што мы ў Баварыі. Яшчэ сказаў ім, што пайду ў бліжэйшую вёску і кіну ў паштовую скрынку канверт. А яны заўнарціліся, відаць, здагадаліся, што за нос ваджу. Яны хітрыя, вельмі хітрыя. Кальмар забраў у мяне канверт і сам пайшоў у вёску. Ды ў кустах сустрэў нейкую бабулю, уцякаў ад яе і згубіў канверт. Банан вельмі раззлаваўся, крычаў на яго. Ну а я, пакуль яны сварыліся, непрыкметна кінуў у ваду бутэльку з запіскаю. Бутэльку ў кустах знайшоў. Я спадзяваўся, што хто-небудзь прачытае запіску, дапаможа нам пазбавіцца ад Кляйна.

А Кальмар і Банан, параіўшыся, вырашылі каго-небудзь у палон захапіць, у Эльдарада прывезці. Яны разумеюць, што Кляйн не даруе за згублены канверт. І тады, тады…

Кока-Кола закрыў твар рукамі. Яму, відаць, не хацелася ўспамінаць ні пра Кляйна, ні пра яго памагатых — Банана і Кальмара.

— Кока-Кола, гэта ты нас нядаўна ў парку сустрэў? — запытаўся Міхась.

— Я. Даруйце, што напалохаў. Вы смелыя хлапчукі. Я верыў, што вернецеся.

— А Наташа дзе? Банан і Кальмар яе схапілі?

— Банан і Кальмар. Гэтыя імёны Кляйн прыдумаў. Ен усё на нашай зямлі перайначыў. Вы яшчэ пабачыце.

— Пабачым? Як? — вырвалася ў мяне.

— Я вельмі хачу, каб вы паляцелі з намі, у Эльдарада. Вы дапаможаце мне знішчыць лабараторыю Кляйна. Я скажу яму, што гэта вы з Баварыі, што вас накіравалі да яго. Вы не бойцеся: я пасля вас абавязкова назад прывязу.

— Мы не баімся, — сказаў Міхась. — Але Банан і Кальмар ведаюць, што пісьмо ў арганізацыю «Агонь і меч» не дайшло.

— Скажу ім, што хтосьці знайшоў канверт і апусціў у паштовую скрынку. Яны павераць. Хадзем са мною. Кожная хвілінка дарагая. Невядома, што з Наташай.

Кока-Кола надзеў на галаву агідную скуру і пайшоў у кусты. Мы з Міхасём накіраваліся за ім.

«Яшчарка» доктара Кляйна

Праз некалькі хвілін мы падыходзілі да развалін панскага палаца. У мяне не было вялікага жадання ляцець у Эльдарада. З фашыстам Кляйнам страчацца, з павуком-людаедам? Не. Хацелася хадзіць на рэчку, чытаць кнігі, гуляць у футбол. Хацелася жыць, як жыў да гэтага, як жывуць усе.