— Махае.
— Някепска прыдумаў Кляйн, — прамовіў Міхась. — Працуе ў яго галава.
Кока-Кола спахмурнеў:
— Яго вучонасць для нас бокам вылазіць. Ад іспанцаў хоць уцяклі. А ад Кляйна не ўцячэш.
«Кляйн вучоны, і вялікі вучоны, — думаў я. — Але чаму ў яго такая чэрствая душа? Чаму людзей не шкадуе? Чаму ён так свет ненавідзіць?»
На ўсе гэтыя пытанні я не мог даць адказу і запытаўся пра гэта ў Кока-Колы.
— Ён фашыст, — коратка адказаў Кока-Кола.
— Кока-Кола, — пачулася адтуль, дзе сядзелі Банан і Кальмар.
— Клічуць мяне. Трэба ўзлятаць. Гэтыя двое трасуцца. Не хочуць тут заставацца. Яны ведаюць, што хутка дождж пойдзе. А калі ў «Яшчаркі» намокнуць крылы, яна не ўзляціць. Потым, як набяруць разгон, ім ніякі дождж не пашкодзіць.
Кока-Кола націснуў на адну кнопку, на другую, крутнуў нейкія калёсікі, шчоўкнуў пераключальнікамі — і «Яшчарка» ўзнялася над дрэвамі. Ляцела яна ціха, бясшумна, як звычайна ляціць птушка.
Мы прыліплі да вокнаў-ілюмінатараў. Ні лесу, ні поля, ні рэчкі мы не ўбачылі. Спачатку мігцелі агеньчыкі, а пасля і агеньчыкі зніклі. Мы здагадаліся, што «Яшчарка» паднялася за воблакі.
На душы было цяжка і трывожна. Бывай, Дворны Сад! Бывайце, родныя палеткі! Бывайце, тата і мама! Калі мы зноў вернемся дамоў, калі весела загалёкаем, засмяемся звонка-звонка? Калі?
— Хлопчыкі, не сумуйце, — сказала Наташа. — Расказалі б мне пра Кляйна, пра Эльдарада. Я слухала вас і анічога не зразумела.
Перабіваючы адзін аднаго, мы з Міхасём пачалі расказваць, як першы раз сустрэліся з Кока-Колам, як потым пазнаёміліся з ім. Расказалі пра Кляйна, пра Эльдарада, пра яго біялагічную зброю. А потым заснулі.
Я не ведаю, колькі спаў. Прачнуўся ад таго, што хтосьці трос мяне за плячо і ўсё паўтараў:
— Прачніся! Прачніся!
А прачынацца ой як не хацелася! Сніліся тата і мама, наш дом, вяргіні ў гародчыку. Сніўся наш сабака Шарык, сніўся белагруды кот Цімох.
— Андрэй, прачніся!
Я расплюшчыў вочы. Хто мяне будзіць? Дзе я? Спрасонку зусім забыўся, што мы ў «Яшчарцы», што ляцім у Эльдарада.
— Чаго лыпаеш вачыма? Прачынайся хутчэй. Дык гэта Міхась! Міхась крычыць, Міхась…
— Ну чаго ты? Дай паспаць.
— Мы не дома. Ужо над Эльдарада ляцім. Толькі цяпер да мяне дайшло, дзе мы знаходзімся. Я зірнуў у ілюмінатар і ўбачыў унізе лес. Ні палёў, ні ўзгоркаў, ні вёсак. Толькі лес. Вось якая ты, краіна Эльдарада!
Я ўспомніў, што побач Банан, Кальмар, што недзе ёсць Кляйн. Стала сумна-сумна.
Міхась крануў мяне за плячо.
— Адзень парашут.
Каля Міхася стаяў Кока-Кола. Ен трымаў у руках штосьці падобнае на рукзак.
— І ў гэтым скакаць? З такой вышыні?
— Гэта парашут. Ен надзейны, — сказаў Кока-Кола. — Твае сябры ўжо надзелі парашуты.
— Навошта скакаць? «Яшчарка» спусціцца. Кока-Кола азірнуўся назад і паціху прагаварыў:
— Банан і Кальмар здагадаліся, што вы не з Баварыі. І раскажуць пра гэта Кляйну. Яны пакуль спяць. Устань, Андрэй.
Я ўстаў. Кока-Кола надзеў лямкі парашута на мае плечы, зашпіліў на грудзях.
— А дзе твой парашут? — запытаўся я ў Кока-Колы.
Кока-Кола падштурхнуў мяне да выхаду.
— Я адзену. Мой ляжыць. А ты ідзі, ідзі.
— Кока-Кола, дзе ты? — пачуўся хрыпаты голас. Кока-Кола націснуў на кнопку, расчыніліся дзверы.
— Банан і Кальмар прачнуліся. Скачыце. Мы стаялі, пазіраючы ўніз.
— Хутчэй!
Кока-Кола штурхнуў Міхася, і Міхась паляцеў уніз.
— Скачыце! Ідзіце на поўдзень. Там жыве Кляйн. Кока-Кола штурхнуў Наташу…
— Здраднік! — данеслася да нас.
Я ўбачыў, як Банан і Кальмар кінуліся на Кока-Колу.
— Скачы! Унізе паляна. «Яшчарка» кружыцца над палянай. Я ўзарву «Яшчарку»…
Кока-Кола адпіхваў Банана і Кальмара.
— Андрэй… Да «Ластаўчынага тунеля» пойдзеце… Калі дамоў будзеце вяртацца. Там…
— Кока-Кола, не трэ…
Я не дагаварыў да канца, бо Кока-Кола піхнуў мяне, і я паляцеў уніз.
«Разаб’юся», — мільганула ў галаве думка.
І адразу ж за гэтым адчуў моцны штуршок. Я зразумеў, што раскрыўся парашут.
Я паволі апускаўся на зямлю. Унізе, пада мною, апускаліся Міхась і Наташа, а ўгары, махаючы крыламі, паволі кружылася «Яшчарка», бура-зялёная, прадаўгаватая, зграбная.
Пачуўся выбух. «Яшчарку» ахапіла агнём, і яна стала падаць, развальваючыся на кавалкі.
Я заплакаў.
Частка другая
Эльдарада
«Паляна валуноў»
Мы, як і казаў Кока-Кола, спусціліся на паляну. Дзіўна было бачыць тут гэтую паляну. Вакол лес, а на паляне ніводнага кусціка. Зелянее густая шчотка травы, цвітуць кветкі. І яшчэ я заўважыў, што па краях паляны ляжаць валуны: шэрыя, круглыя, пляскатыя, як капеечныя манеты.