Адкуль яны тут? Няўжо людзі знарок з усяго лесу насцягвалі?
Але думаць пра гэта не было калі. Да мяне падышлі Міхась і Наташа, дапамаглі скінуць парашут. Наташа заўважыла на маім твары пісягі ад слёз.
— Андрэй, ты плакаў?
— Плакаў,— прызнаўся я. — Кока-Кола «Яшчарку» ўзарваў. На яго Банан і Кальмар накінуліся…
Я ўспомніў, як Кока-Кола моцна, па-мужчынску, ціснуў маю руку, як усміхаўся нам, як ратаваў нас. Слёзы зноў навярнуліся на вочы.
— А вы ведаеце, што Кока-Кола свой парашут аддаў? У яго было тры парашуты: адзін Банана, другі Кальмара і трэці яго. Ведаеце?
— Не плач, — абняў мяне за плечы Міхась.
Я не хацеў, каб мяне суцяшалі, бо адчуваў: заплачу, калі пачнуць суцяшаць.
— Міхась, вакол лес. А тут паляна, валуны. Чаму так?
Знарок я перавёў гаворку на іншае: І Міхась зразумеў мяне:
— У прыродзе многа таямніц, яшчэ не ўсё адкрыта. У 1937 годзе, напрыклад, упершыню стаў вядомы шэры бык Камбоджы — двухметровы велікан. Яго «бык Савела» звычайна называюць.
— Давайце і нашу паляну як-небудзь назазём, — прапанавала Наташа.
— Назавём яе «Паляна валуноў», — сказаў Міхась.
— А цяпер пойдзем лабараторыю Кляйна шукаць, — прамовіў я. — Кока-Кола хацеў, каб мы яе знішчылі. Падкрадземся ноччу і знішчым.
Мне вельмі хацелася ў гэтую ж хвіліну разбурыць лабараторыю, усё там панішчыць, паламаць.
— Знішчыць лабараторыю не так проста, — прагаварыў Міхась. — Туды яшчэ трэба трапіць. Што Кока-Кола казаў? Вакол лабараторыі калючы дрот, роў, у рове піраньі плаваюць. А мост ахоўваецца. У мяне такі план. Знойдзем Кляйна і скажам яму, што нас прыслала арганізацыя «Агонь і меч». Скажам, што на «Яшчарцы» прыляцелі, што яна ўзарвалася.
Скажу шчыра, не спадабаўся мне Міхасёў план. Казаць Кляйну, што мы з арганізацыі «Агонь і меч»? Казаць, што мы фашысты? Нізавошта.
— Міхась, я не змагу так. Не змагу прытварыцца.
— І я, відаць, не змагу. А што зробіш?
— Андрэй, — дакранулася да маёй рукі Наташа, — ты можаш не прытварацца. Ты будзеш нямым.
Я ажно галавою пакруціў. Ну й прыдумала! Што гэта найшло на яе?
— Наташа, я не разумею цябе.
— А што ж тут разумець. З Кляйнам па-нямецку трэба гаварыць. Каб паверыў, што мы з Баварыі. Па нямецкай мове ў нас з Міхасём пяцёркі. А ў цябе тройка. Лепей табе памаўчаць.
— Я магу памаўчаць. Магу. Але ці паверыць вам Кляйн? Хіба будзе арганізацыя «Агонь і меч» у Эльдарада нямых пасылаць?
— Скажам Кляйну, што ў цябе вялікія здольнасці.
— Нямым дык нямым! — у роспачы махнуў я рукою. — А як вы зваць мяне будзеце? Я ж стану немцам. Нямым немцам.
— Не злуйся, Андрэй. Назавём цябе Рудольф, я буду Клара, а Міхась — Макс.
— А як мы знойдзем лабараторыю Кляйна? Свайго адрасу ён нам не пакінуў.
Не, не хацелася мне ісці да Кляйна, прытварацца, маўчаць, як старажытная мумія. Вось каб індзейцаў знайсці ды разам з імі падпільнаваць Кляйна дзе-небудзь у лесе, звязаць. Хай сам сваю лабараторыю разбураў бы. Ды не згодзяцца Міхась і Наташа. Скажуць, што індзейцы баяцца белага чалавека, што не павераць нам.
— Хлопчыкі,— звярнулася да нас Наташа, — Кока-Кола казаў, каб на поўдзень ішлі. Там Кляйн жыве.
Я сеў на траву.
— А дзе той поўдзень? У якім баку? Вось каб компас быў…
— Каб компас, а яшчэ каб асфальтаваная дарога, а яшчэ каб «Масквіч» ці «Жыгулі», — паморшчыўся, як ад зубнога болю, Міхась. — Без компаса абыдземся. Калі б мы былі ў Паўночным паўшар’і і ў поўдзень сталі спіною да сонца, то наш цень паказваў бы на поўнач.
— Але ж мы ў Паўднёвым паўшар’і,— кажу Міхасю.
— А ў Паўднёвым паўшар’і цень паказвае на поўдзень. Геаграфію трэба вучыць. Да поўдня гадзіны дзве засталося. Пачакаем крыху.
І мы сталі чакаць. А потым Міхась стаў спіною да сонца, і мы пайшлі на поўдзень, туды, куды паказваў Міхасёў цень.
Казачны рай і зялёнае пекла
Раней я думаў, што паўднёвыя лясы густыя, цёмныя, як, напрыклад, наш яловы лес, ды ўбачыў другое. У гэтым лесе было светла.
Дрэвы раслі не купінамі, а стаялі воддаль адно ад аднаго. Сонечныя промні прабіваліся да самай зямлі і залівалі лес яркім святлом. Нам здалося, што мы трапілі ў казачнае царства. Такіх дзівосаў, як тут, мы ніколі не бачылі. Дрэвы прамыя, як струна, і скрыўленыя, нібы стогадовыя дзяды, густы кустоўнік, праз які, як ні старайся, не прадзярэшся. Ліяны, быццам канаты, сцелюцца па зямлі, паўзуць на ствалы, перакідваюцца з аднаго дрэва на другое. Пальмы, бамбук…