Выбрать главу

— З заплюшчанымі вачамі?

— Так цікавей. Вы хоць ведаеце, каго злавілі?

— Поні,— упэўнена прагаварыла Наташа. «Гэта не поні. У поні рост большы, — разважаў я. — Можа, жарабя? Не. Грыва доўгая, як у дарослага каня, і зубы старыя, з’едзеныя. А яшчэ пальцы на нагах. Не капыты, а пальцы. Пальцы, пальцы… Чаму ў яго пальцы? Дык гэта ж, гэта ж…»

— Наташа! Міхась! Гэта старажытны конь! Першы конь быў ростам з лісіцу. Як гэты. І пальцы ў яго на нагах былі. Старажытныя коні ўпершыню ў Амерыцы з’явіліся. Амерыка — іхняя радзіма. Калісьці Амерыка з Еўропай і Азіяй сушаю злучаліся. На тыя мацерыкі коні перасяліліся. А ў Амерыцы яны чамусьці вымерлі. Так вучоныя лічаць.

— Лічылі,— паправіў мяне Міхась. — Застаўся ў Амерыцы старажытны конь. Мы яго ў Маскву завязем, вучоным пакажам.

Міхась, радуючыся, размахваў рукамі. — Ой, — войкнула Наташа, — старажытны конік вырваўся.

Наташа стаяла на каленях, бездапаможна расставіўшы рукі, а наш конік, высока падскокваючы, імчаўся па траве. Мы кінуліся за ім. Нашы ногі блыталіся ў густой траве, і мы таксама падскоквалі, як гэты конік.

Няўжо не дагонім, няўжо ўцячэ? Няўжо?.. Пот засцілае вочы… Неспадзявана штосьці пругкае спыніла мой бег. У гэтым пругкім заблыталіся рукі, ногі. Я рвануўся, каб вызваліцца, і адчуў, што заблытаўся яшчэ болей. Краёчкам вока ўбачыў, што побач вырываюцца Міхась і Наташа.

«Трапілі ў павуціну, — працяло мяне, як токам. — У павуціну павука-людаеда…»

Шымпанзэ з Экватарыяльнай Афрыкі

Я памыліўся. Гэта была не павуціна, а сетка, сплеценая з тонкіх, як ніткі, ліян. Я змог бы парваць іх, калі б вызваліў рукі. Ды яны былі аплецены ліянамі, нібы павуцінай.

Я ўспомніў, як на ўроку геаграфіі нам расказвалі, што такія сеткі звычайна плятуць афрыканскія пігмеі — самыя маленькія людзі на зямлі, рост якіх не большы чым сто сорак сантыметраў. Пігмеі прывязваюць сеткі да дрэваў ці кустоў, а потым крыкамі заганяюць жывёл. Спалоханыя жывёлы бягуць, ратуючыся ад загоншчыкаў, і трапляюць у сетку.

А вось нас дык ніхто не заганяў, мы самі ў сетку трапілі. Вядома, калі б так не гналіся за старажытным конікам, калі б не ляцелі на злом галавы, то заўважылі б гэтую пастку. А цяпер…

Што нас чакае? Што падпільноўвае ў гэтым загадкавым лесе?

Я пачаў лічыць нашых ворагаў. Мураўі і тэрміты, якія знішчаюць усё жывое на сваім шляху, — раз, хмары маскітаў і камароў — два, змеі… Не, хопіць лічыць, хопіць… Як недарэчна заблыталіся ў сетцы! Думалі коніка ў Маскву завезці! Праславіцца захацелася! І навошта нам той конік спатрэбіўся? Хай качаўся б у траве, хай ржаў бы.

Вось так я думаў. А непадалёку курчыліся ў сетцы Міхась і Наташа. Вядома, і ў іх думкі невясёлыя. Развесяліць іх, ці што?

— Міхась, Наташа, вы жывыя?

— Жывыя, — азваўся Міхась. — Панастаўлялі розных сетак у лесе. Хіба гэта возера? Ну й парадачкі тут! Усё шыварат-навыварат перакручана.

— Вы не бойцеся. Паляўнічыя сетку паставілі. Яны нас вызваляць.

«Вызваляць…» Невядома, калі вызваляць. Ды хіба скажаш так Наташы? Навошта мы яе з сабою ўзялі? Там, у «Яшчарцы», трэба было прыдумаць штосьці такое, каб не паляцела з намі, каб дома засталася.

— Андрэй, думаеш, прыйдуць паляўнічыя? — спыталася Наташа.

— Абавязкова прыйдуць.

— Але ж паляўнічыя індзейцы. Яны не любяць белых. Што, калі…

Наташа не даказала да канца, ды я выдатна зразумеў яе.

Як жа падтрымаць яе? Што прыдумаць?

— Наташа, такія сеткі індзейцы не ўмеюць плесці. Іх плятуць пігмеі. Пігмеі жывуць у Афрыцы.

— Ты што хочаш мне сказаць? Яны з Афрыкі ў Амерыку на паляванне прыехалі?

— Не. Я думаю, што сетку Кляйн сплёў. Ен усё ўмее. У яго кацялок варыць.

— Кляйн прыйдзе сюды? Хутка прыйдзе? Як ты лічыш?

— Абавязкова прыйдзе. Чаго нам баяцца? Крыху павісім, адпачнем. Я ўжо нахадзіўся. Ажно падэшвы пякуць. Ведаеш, гэта добра, што мы ў сетку трапілі. Хоць не прыйдзецца па лесе блукаць. Кляйн сам у лабараторыю завядзе.

Наташа ўсміхнулася:

— Андрэй, я ўжо не баюся.

Усё-ткі супакоіў я Наташу. Нездарма стараўся. І ў самога неяк павесялела на душы. Чаму Міхась маўчыць? Надзьмуўся, як індык. Злуецца, відаць. А на каго злавацца? Сам у сетку заляцеў.

— Міхась, ты не заснуў?

— Думаю…

Думае… А чаго тут асабліва думаць? Вісі ды на сонейка пазірай.

— Будзеш многа думаць — хутка палысееш, — кажу.

— Я думаю, як нам з сеткі выкарабкацца.

— Хлопчыкі,— усклікнула Наташа, — на дрэве хтосьці сядзіць.

— Дзе? Дзе? — вырвалася і ў мяне, і ў Міхася адразу.