Выбрать главу

— Там, там…

Пачуўся сухі трэск. Быццам з рэвальвера стрэлілі.

А потым… Потым мы ўбачылі, што да нас ідзе вялізная малпа. Яна ішла па-старэчы, сагнуўшыся, абапіраючыся на тоўсты сук. Не дайшоўшы да нас колькі крокаў, малпа спынілася. Уважліва-уважліва паглядзела на нас, лыпаючы вялізнымі вачыма, паківала галавою.

«А што, калі зараз трэсне суком па галаве?» — падумаў я.

— Гэта шымпанзэ, — шаптаў Міхась. — Не бойцеся. Шымпанзэ вегетарыянцы. Яны мяса не ядуць. Ен не кране нас.

Малпа насцярожылася, як бы прыслухоўваючыся. Потым падышла бліжэй, заплюшчыла вочы і гучна закрычала. У мяне мароз прабег па спіне.

— Ен плача, — пачуў я Наташын голас. — Так малпы плачуць. Без слёз. Я фільм бачыла.

«Яшчэ невядома, плача ён ці радуецца, — падумаў я. — Вось калі суком агрэе…»

Малпа перастала крычаць, чамусьці падышла да мяне і пачала хутка, са злосцю рваць ліяны. Я на секунду ўбачыў перад сваім тварам яе маленькі нос, вялізныя зубы, аголеныя далоні, доўгія пазногці на пальцах…

Праз імгненне шымпанзэ вызваліў мяне з гэтых путаў. Затым падбег да Міхася і Наташы, стаў шкамутаць сетку. Міхась і Наташа застылі, быццам салдацікі з волава. А шымпанзэ рваў, грыз ліяны…

Праз некалькі хвілін мы — гэта значыць я, Міхась і Наташа — стаялі, анічога не разумеючы. Цяпер не шымпанзэ лыпаў на нас вачыма, а лыпалі мы, пазіраючы на яго.

— Гляньце, ён усміхаецца, — сказала Наташа. І праўда, шымпанзэ зажмурыў краёчкі вачэй, куточкі губ адцягнуў угору…

— Ён радуецца, што вызваліў нас, — прамовіла Наташа. — Тады плакаў, бо шкадаваў. Цяпер радуецца.

Не ведаю, чаму ў мяне так выйшла, але і я ўсміхнуўся яму, гэтаму дзіўнаму шымпанзэ.

А шымпанзэ ажно заскакаў. Пасля заляпаў рукамі па нагах, подбегам накіраваўся ў лес, зноў вярнуўся.

«У-у», — закрычаў.

— Ен просіць, каб мы за ім ішлі. Ен хоча вывесці нас з лесу, — здагадалася Наташа.

«У-у», — закрычаў шымпанзэ і паклыпаў у лес.

Мы пайшлі за ім. Шымпанзэ, азірнуўшыся, зноў зажмурыў краёчкі вачэй, куточкі губ адцягнуў угору.

— Ен радуецца, што мы зразумелі яго, — пракаменціравала Наташа.

Не адстаючы ад шымпанзэ, мы чэпалі па лесе з паўгадзіны, а мо і цэлую гадзіну. Я гэтага добра не памятаю. Памятаю, як раптоўна расступіўся лес, як мы ўбачылі шырокую паласу вады. Не дрэвы, не кусты, не кветкі, а шырэзную паласу вады. Ад радасці ажно дыханне перахапіла. Цяпер я зразумеў адчуванне тых падарожнікаў, якім пашчасціла, як і нам, вырвацца з абдымкаў зялёнага пекла.

— Вада! — ва ўвесь голас закрычаў я.

— Вада! Вада! — падхапілі Міхась і Наташа. «У-у», — закрычаў шымпанзэ. А потым павярнуўся і знік у лесе. Быццам яго і не было.

— Які разумны! — усклікнула Наташа. — Непадалёку павінны быць людзі. Ен нас да людзей прывёў.

— Цікава, — прагаварыў Міхась. — Вельмі цікава. Шымпанзэ звычайна жывуць у Экватарыяльнай Афрыцы. А як гэты тут апынуўся?

— Тут усё шыварат-навыварат перакручана, — напомніў я Міхасю яго словы.

Што робяць рабінзоны

Шымпанзэ вывеў нас да вялікага возера. З самым гарызонтам злівалася люстраная гладзь вады.

Каля возера раслі дрэвы, дзе-нідзе стаяў густы непралазны чарот. Астраўкамі бялеў пясок, гарачы, як прысак. Між астраўкоў пяску зелянела сакавітая трава.

Знямоглыя, мы паваліліся на траву.

— Давайце пакупаемся, — прапанаваў я. — Горача.

— Але, ідзі купайся, — пазяхнуў Міхась. — Там цябе чакае кракадзіл з кракадзіляняткам.

Я зусім забыўся, што ў возеры могуць быць кракадзілы. Добра, што папярэдзіў Міхась. З сеткі выблытаўся, а цяпер кракадзілу ў пашчу? Не.

Я адсунуўся далей ад возера. Моўчкі ляжаць не хацелася.

— Ведаеце, хто нас з лесу вывеў? — кажу. — Індзеец.

Міхась павярнуўся набок, уважліва-уважліва паглядзеў на мяне.

— Ты сур’ёзна?

Я і вокам не змаргнуў.

— Сур’ёзна.

— Марозік, ты не перагрэўся? Табе галава не баліць?

А я знарок, каб пазлаваў Міхась:

— Індзеец вывеў. Я яшчэ ў лесе пазнаў.

— Андрэй, — прысела каля мяне Наташа, — ты перахваляваўся? Так?

— Я зусім не хваляваўся. Я ведаў, што індзеец выведзе.

— Андрэй, ты сам сказаў, што шымпанзэ вывеў. Шымпанзэ з Экватарыяльнай Афрыкі.

— Мала што я мог казаць. Дзе вы бачылі такіх разумных шымпанзэ? Шымпанзэ ніколі не здагадаецца з лесу вывесці. Ен можа сук выламаць. Гэтым суком мёд дастаць альбо…

— Альбо трэснуць табе па ілбе, — закончыў за мяне Міхась. — Шкада, што не трэснуў. Мо паразумнеў бы.