— Вы ў мяне яшчэ прабачэння папросіце. Вы не ведаеце, што я знайшла. Папросіце! — крыкнула яна і, павярнуўшыся, пабегла ў вёску.
— Цяжка з дзяўчынкамі гаварыць, — сказаў Міхась.
— Асабліва з такімі,— дадаў я. Крышку пастаяўшы, мы пайшлі ў вёску.
Такі цудоўны настрой зранку быў, такі настрой! За некалькі хвілін Наташа сапсавала. А з-за чаго? З-за нейкага казачнага Эльдарада. Вось як бывае.
Бутэлечная пошта
Я прыйшоў дамоў і стаў пераглядаць свой «архіў». Вы не падумайце, што ў мяне ёсць нейкія старажытныя дакументы ці кнігі. Не. Я ўжо некалькі гадоў розныя артыкулы збіраю. З газет, з часопісаў вырэзваю. Канечне, не ўсе, а тыя, якія найболей даспадобы. Яшчэ ў чацвёртым классе пачаў іх збіраць. Проста так, для цікавасці. А пасля захапіўся. Так захапіўся, што нават асобныя папкі завёў. Гэткіх папак у маім «архіве» ажно пяць: «Вакол смеху», «Вакол свету», «Самае неверагоднае», «Фізіка і прырода», «Прырода і мы».
Думаеце, чаму да мяне Наташа і Міхась прыбеглі? Яны бачылі мае папкі, ведаюць, што чытаю артыкулы, што таксама сёе-тое кумекаю. І цяпер я гэтыя папкі дастаў, каб пра Эльдарада што-небудзь прачытаць. Адчуваў: сённяшняя спрэчка яшчэ не закончылася.
Узяў папку, дзе напісана: «Вакол свету». Гартаю, назвы артыкулаў чытаю. «У краіне вулканаў і гейзераў…» Не тое… «Пад кожным бананавым лістом па чалавеку…» І гэта не тое. «Бутэлечная пошта. Як узнікла і калі». Цікава, што там напісана? Бутэлечная пошта, бутэлечная пошта… Ого, яшчэ ў старажытнасці закаркаваныя бутэлькі ў ваду кідалі, запіскі пасылалі! Трэба пачытаць.
Пачаў пра бутэлечную пошту чытаць. І зусім пра Эльдарада забыўся…
Вось плыву на караблі, карабель гіне, наскочыўшы на падводныя скалы, і я трапляю на бязлюдны востраў. А там гарачыня, ні яды, ні прэснай вады. І тады, і тады… Тады пішу запіску, засоўваю ў бутэльку, бутэльку закаркоўваю і кідаю ў акіян. Плыві, бутэлечная пошта, плыві… Калі ты прыплывеш да людзей?..
Потым я ў старажытнай Англіі, у палацы каралевы Елізаветы… Потым…
Напэўна, я яшчэ доўга думаў бы, уяўляў, невядома, на якія моры-акіяны мяне занесла б. Ды раптам штосьці стукнула ў шыбіну. Няйначай, каменьчык.
Я адклаў папку ўбок і падбег да акна. На вуліцы стаяла Наташа. Убачыўшы мяне, махнула рукою.
— Андрэй, хадзі сюды. Я выйшаў.
«Зноў штосьці выдумала, — думаю. — Не сядзіцца ёй. Нават артыкул не дала дачытаць».
— Мабыць, спаў? — адразу накінулася на мяне. — Гукаю, гукаю, а ён не чуе.
— Зачытаўся, — кажу. — Пра бутэлечную пошту артыкул знайшоў.
Наташа неяк хітра прыжмурылася.
— Пра бутэлечную пошту? Цікава напісана?
— Не адарвацца. Дам і табе пачытаць, калі хочаш. Ты ведаеш, што здарылася ў 1560 годзе?
— Андрэй, ты нейкі дзіўны. Адкуль я магу ведаць, што здарылася ў 1560 годзе? Гэта ж не ўчора было.
— Я таксама не ведаў,— кажу. — А цяпер ведаю. Паслухай. У 1560 годзе адзін англійскі рыбак злавіў сеткаю залітую смалою бутэльку. Ен разбіў яе, а там — пергамент. Стаў чытаць — тайнае пісьмо… Прынёс яго да англійскай каралевы Елізаветы І. Узяла Елізавета Першая пісьмо…
— І ў мяне пісьмо, — сказала Наташа. — Я сама знайшла бутэльку з пісьмом. Глядзі.
Наташа працягнула бутэльку, якую хавала за спіною.
— Асцярожна трымай. Не разбі,— папярэдзіла. Я ўзяў бутэльку ў рукі. Бутэлька як бутэлька.
Самая звычайная. У такіх напітак «Бураціна» прадаюць, Я паціснуў плячамі.
— І ты хочаш сказаць, што гэта твая бутэлечная пошта?
— Але. Бутэлечная пошта, — кіўнула галавою Наташа.
— Наташа, не смяшы. Даўно напітак выпіла?
— Перавярні бутэльку, — загадала Наташа.
Я перавярнуў бутэльку донцам уверх. На далоню выпала паперка, згорнутая ў трубку. Я аддаў бутэльку Наташы, разгарнуў паперку. Няроўнымі друкаванымі літарамі на паперы было напісана: «Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада. Мы загінем, калі вы не дапаможаце. Кляйн…»
Далей літары расплыліся, няйначай як залітыя вадою.
Я заморгаў вачыма і паглядзеў на Наташу.
— Ты… Ты дзе гэта знайшла?
Наташа ўзяла запіску і спакойна адказала:
— У нашай рэчцы. Бутэльку плынню да берага прыбіла. Шкада, што ўвесь тэкст не зможам прачытаць. Той, хто прыслаў гэтае пісьмо, відаць, вельмі спяшаўся. Корак ледзь-ледзь трымаўся. Вада ў бутэльку трапіла.
«Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада…» Гэтыя словы стаялі ў маіх вушах. Я, здавалася, чуў іх…
«Мы загінем, калі вы не дапаможаце…» Гэта ўжо нават не просьба, а крык роспачы. Адчай.
Каму так цяжка? Адкуль гэтая бутэлька? Няўжо сапраўды ёсць краіна Эльдарада? Як яе жыхары да нас трапілі? І чаму менавіта да нас?