Цар-чараўнік нечакана заплакаў. Вялікія, як боб, слёзы каціліся па яго шчоках, мачылі бараду.
— Не шкадуеце вы мяне. Старога чалавека не шкадуеце, пакрыўдзілі. Вы кепскія. Вельмі кепскія.
«Вырашыў слязьмі праняць, — здагадаўся я. — Не скокам, так бокам. Хітры гэты дзядок, ой хітры! З ім трэба востра вуха трымаць». Хацеў я папярэдзіць сяброў, каб не паддаваліся на яго хітрыкі, ды Аня ні ў пяць ні ў дзесяць:
— Давайце пагуляем. Толькі не плачце.
У цара-чараўніка адразу слёзы высахлі, твар ажно засвяціўся ад шчасця.
Дастаў з кішэні гусінае пяро:
— Распішыся.
Мы думалі, што Аня перавядзе на жарт, і на гэтым усё скончыцца. А яна паважна, як які прафесар, узяла гусінае пяро і распісалася. Цар-чараўнік ажно падскочыў ад радасці.
— Ад мяне Сіняя світа хаваўся. Ён стаяў перада мною добрым малайцом, па двары бег чорным собалем, пад вароты бег белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у трыдзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў, але яго я знайшоў. У другі раз забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, перакінуўся ў рыбу-акуня і схаваўся ў мохавым балоце — і там яго знайшоў. Вы ад мяне таксама не схаваецеся. Бачыце чароўную кнігу? — цар-чараўнік паказаў на тую вялізную кнігу, якую трымаў пад пахаю. — Гэтая кніга ўсё-ўсё ведае. Яна мне ўсё-ўсё раскажа. Што ж будзе? Як думаеце?
— Крыху пагуляем і разыдземся, — сказаў Сяргей.
Цар тоненька захіхікаў:
— Галовы вам паадсякаю.
Ну й дзядок! Ну й пярэварацень! Спачатку слязьмі заліваўся, а цяпер на сёмым небе ад радасці. І навошта мы спыніліся? Хай бы сам ад сябе і хаваўся. Усё з-за Ані. Пагуляць ёй захацелася…
Цар-чараўнік гучна шчоўкнуў пальцамі, пацёр рукі.
— Хавайцеся.
Я хацеў бегчы ў лес, знайсці там якое дупло, залезці ў яго, да самай ночы не вылазіць. Дзіма, Андрэй і Іра таксама, заўважыў, нарыхтаваліся навастрыць лыжы. Галава з плеч — гэта не жартачкі. Але Аня спыніла нас:
— Пачакайце. Не разбягайцеся.
Яна расшпіліла партфель, дастала тэрмас. «Апошні раз хоча чаем напаіць», — нявесела падумаў я.
— Я з ручая вады набрала. Запас бяды не чыніць, — чамусьці пахвалілася, адкруціўшы крышку.
— Жывой вады? — ажно напяўся цар-чараўнік.
— Звычайнай, — усміхнулася. — А пасля пытаецца ў нас:
— Хлопчыкі, у каго сцізорык з сабою ёсць?
— У мяне, — прамовіў Андрэй.
— Зрэж, калі ласка, бярозавую галінку.
Паціснуўшы плячамі, Андрэй падышоў да маладзенькай бярозкі, коса зрэзаў галінку, падаў Ані.
Мы не разумелі, навошта ёй гэтая галінка спатрэбілася. Цара-чараўніка галінкаю па спіне пасцёбаць, каб глупствам не займаўся? Дык для яго трэба было б не галінку зрэзаць, а добрую ляшчыну. Каб скура пісягамі пакрылася. Інакш не дойдзе да яго.
Аня ўзяла галінку, зрэзаным канцом апусціла ў тэрмас з вадою, крыху патрымала і асцярожна выняла.
— Глядзі, — паказала цару-чараўніку. — На зрэзаным канцы кропелька.
— Кропелька, — шмаргануў носам цар.
— А хутка кропелькі не стане. Знікне. Ты хацеў, каб мы схаваліся. Спачатку адгадай, куды кропелька схаваецца. Згодны?
— Згодны. Гэта я і без чароўнай кнігі адгадаю.
Цар-чараўнік, не зводзячы вачэй, пазіраў на кропельку, якая крышталікамі пералівалася на сонцы.
Нечакана кропелька знікла.
— Дзе яна? — усклікнуў цар-чараўнік.
— Шукай, — сказала Аня. — Сам гульню прыдумаў.
Цар-чараўнік выхапіў з Аніных рук галінку, стаў хутка-хутка круціць яе.
— І тут няма. І тут няма. Куды падзелася кропелька?
Схамянуўшыся, разгарнуў кнігу, паклаў на траву і, укленчыўшы, пачаў чытаць, смешна, як заяц, перабіраючы губамі.
Устаў, як збянтэжаны Саўка.
— Пра кроплю ў чароўнай кнізе не напісана. Яшчэ раз апусці.
— Можна яшчэ раз.
Цяпер цар-чараўнік кроплю далонямі закрыў. Напэўна, каб у бяздоннае неба не паляцела.
— Няма! — крыкнуў. — Зноў знікла. Дзе ж яна?
— Здаешся? — спыталася Аня.
Цар-чараўнік сарваў з галавы карону, кінуў вобзем.
— Прапала кароўка — хай прападае і вяроўка. Прыйдзецца аддаць гэтым злыдням паўцарства! І чароўная кніга мне не дапамагла.
— Супакойся, — сказала яму Аня. — Тваё паўцарства хай у цябе застаецца. На чароўную кнігу спадзяваўся? Законы прыроды трэба ведаць. Фізіку. Перад фізікай твая чароўная кніга нішто. Хочаш даведацца, дзе кропля? Няма яе.
— Зусім няма? — не паверыў цар-чараўнік.
— Зусім няма. Яе паглынулі капіляры дрэва, а потым па гэтых капілярах вада паднялася да лісцяў і выпарылася ў прастору.