Выбрать главу

— Давай яшчэ ў што-небудзь пагуляем, — прапанаваў цар-чараўнік.

— Мае загадкі адгадай, — сказала Аня.

Цар-чараўнік сеў на траву, скрыжаваўшы ногі:

— Загадвай.

— Якое значэнне маюць пругкія валаскі на падэшвах ног зайца?

— Яны ў яго, каб іголкі ў падэшвы не калоліся, — хуценька адказаў цар-чараўнік.

— Пругкія валаскі аслабляюць сілу ўдара ў час скачка.

Цар-чараўнік пачасаў бараду, скрывіўся:

— Яшчэ загадвай.

— Для чаго лісе патрэбен вялікі хвост?

— Каб зімою сляды за сабою замятаць.

— Не так. Хвост дапамагае лісе рэзка паварочвацца. Ён у яе быццам паветраны руль.

— Яшчэ адну.

«Вось ліпучка, — падумаў я. — Трэба ўцякаць ад яго. Ён тут нас да самага вечару пратрымае».

— Чаму пялёсткі руж нават пасля моцнага дажджу застаюцца заўсёды сухімі? — спыталася Аня.

— Сонца іх высушвае.

— Не адгадаў. Пялёсткі руж маюць масляністае рэчыва. Дзякуючы яму яны не змочваюцца вадою.

Цар-чараўнік усхапіўся, тупнуў нагою:

— Я вас не адпушчу! Я вас у сваё царства забяру!

— Мы гэтак не дамаўляліся, — кажу. — Хіба ты забыўся пра сваё царскае слова?

— А вы няправільна гулялі са мною. Не адпушчу!

Не ведаю, што было б, калі б не музыка-чарадзей. Паглядзеў ён на цара-чараўніка, сказаў:

— Я ваўкоў у лес прагнаў, чарцям і ведзьмам даў рады. Знайду месца і для цябе, цара-абманшчыка.

Узняў ён скрыпку, павёў смыкам па струнах — задрыжэў, закалаціўся цар-чараўнік як асінавы лісцік, потым закруціўся як ваўчок, узняўся і паляцеў над самымі дрэвамі.

— Цяпер ён сюды толькі праз сто гадоў вернецца, — усміхнуўся музыка-чарадзей, скончыўшы іграць. — Вось і спатрэбілася вам мая скрыпачка, дапамагла. А вы мне не верылі. Давайце развітаемся. Добрыя людзі мяне чакаюць.

Музыка-чарадзей развітаўся і пайшоў паціхеньку. А мы ўсё стаялі і глядзелі, пакуль яго постаць не знікла ў гушчары.

Што параіў нам Ох

Села Аня на яловы пень і цяжка ўздыхнула:

— Ох, замучыў мяне гэты цар.

Толькі так яна сказала — выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з сівою барадою:

— Чаго ты мяне клікала, гаспадынька?

Спалохалася Аня, зуб на зуб у яе не трапляе.

— Я-я-а не к-клікала. Я-я-а а-адпачываю.

— Клікала, — стаіць на сваім дзядок. — Я добра чуў, як ты сказала: «Ох».

Дык гэта ж Ох з казкі «Ох і залатая табакерка», — здагадаўся я.

Прычасаў дзядок пальцамі сівую бараду:

— Правільна. Я людзям дапамагаю. Але ўжо тысячу гадоў ніхто мяне не выклікаў. Апошні раз сюды сіраціна Янка, леснікоў сын, з пярэстым катком прыходзіў. Я яму залатую табакерку даў.

Абрадаваўся я. Так абрадаваўся, што і выказаць немагчыма. «Хопіць па лесе блукаць, — думаю. — Цяпер Ох загадае Бабе Язе, каб нашых настаўнікаў разбудзіла. Яго толькі папрасіць трэба, і ён усё-ўсё зробіць».

— Дык што вы ад мяне патрабуеце? — пытаецца Ох. — Можа, варанай капусты вам прынесці? Можа, пірагоў ці бульбы ў мундзірах? Магу каралеўскі палац для вас пабудаваць і жалезны мост да яго вылажыць. Магу залатую карэту з шасцю коньмі даць.

— Не патрэбен нам палац. Нам і дома някепска жыць, — сказала Іра.

Паківаў галавою Ох:

— Такіх дзівакоў я ніколі не сустракаў. Ад каралеўскага палаца адмаўляюцца!

— Нам трэба настаўнікаў разбудзіць, — прагаварыў Андрэй. — Шкада іх. Дый школу закрыюць. Баба Яга знарок зрабіла, каб нашы настаўнікі паснулі. Загадайце ёй, каб разбудзіла.

— А-а-а, — працягла вымавіў дзядок, — дык вы з тае школы, дзе настаўнікі заснулі! Чуў нядаўна, як Баба Яга Цмоку хвалілася, што вашу школу закрыюць. Але ж і вы вінаватыя. Урокаў не хочаце вучыць.

— Вінаватыя, — апусціў галаву Дзіма Клімовіч. — Дапамажыце, калі ласка.

Ох бездапаможна развёў рукамі:

— Не змагу. Я і жалезныя масты ўмею будаваць, і каралеўскія палацы. А ўрокаў вывучыць не змагу. Я ў школу не хадзіў. Раней школы толькі для багатых былі. Самі ведаеце.

— А вам не трэба вучыць урокаў, — кажу. — Вы Бабе Язе загадайце. Яна спалохаецца вас і разбудзіць настаўнікаў.

— Не ўмею загадваць. Я толькі ўмею рабіць. Работнік я, а не пан.

— Дык што вы нам параіце? — пытаюся.

— Адкрыйце кнігі і вучыце ўрокі. Калі вывучыце ўсё-ўсё, што вам настаўнікі на сёння задалі, то яны адразу прачнуцца. Ад радасці. Спадуць чары Бабы Ягі, а сама яна ў балота ўпадзе, загрузне там. Вы пачуеце, калі ў балота праваліцца. Магутны пошчак пойдзе па лесе, усе лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануцца. Тады вы дамоў спяшайцеся. Спяшайцеся, на ўрокі не пазніцеся. А другой рады няма. І больш каб без патрэбы не клікалі мяне. Я стары, цяжка мне наверх вылазіць.