Выбрать главу

Прамовіў гэтак Ох і знік. Быццам і не было яго.

— Гэта не сон? — працёр вочы Сяргей Мазоль.

— Не сон, — сказала Аня. — Вымайце кнігі. Будзем урокі вучыць.

Мы расшпілілі партфелі, дасталі кнігі, а вось Сяргей, як звычайна, заўпарціўся:

— Не хочацца вучыць.

— Расшпіляй партфель, — крануў яго за плячо Дзіма Клімовіч. — Я цябе ў барані рог скручу.

А Сяргей на гэты раз і Дзімы не спалохаўся:

— Хоць у казіны рог сагні — усё роўна не буду. Не хочацца.

Дзіма развёў рукамі: маўляў, нічога не зробіш, яму хоць кол на галаве чашы.

— Ты хочаш міліцыянерам стаць? — запытала Іра.

— Хачу.

— Але ж настаўнікі спяць.

— Ну і хай яшчэ паспяць. Хіба ім кепска?

— З Бабай Ягой лягчэй ваяваць, чым з табою, — у роспачы прагаварыла Іра. — Хіба не разумееш, што могуць школу закрыць? Даведаецца хто-небудзь, што настаўнікі спяць, пазвоніць у раён, і ўсё. А цябе ніхто за міліцыянера не возьме, пакуль школу не закончыш. Дык будзеш вучыць?

— Буду, — выціснуў Сяргей.

Усё-ткі малайчына Іра. Хутка Сяргея пераканала, паслухаўся яе. Відаць, нездарма яны ўдвух танцавалі, калі музыка-чарадзей на скрыпцы іграў.

Сеўшы пад дрэвамі, мы пачалі старанна вучыць урокі. Прайшло колькі хвілін. Глядзім — Сяргей носам клюе. Нездарма пра такіх, як ён, кажуць: спіць над кнігаю.

— Прачніся, — таўханула ў плячо Іра.

Сяргей узняў галаву, пазяхнуў:

— Не лезе навука ў галаву.

— Улезе, — сказала Аня. — Ты вучы старанна.

— Усё роўна нічога не выйдзе з гэтай задумы.

— Чаму не выйдзе?

— А Света Мялешка і Пеця Тарасевіч у класе спяць.

— Яны вывучылі. Забыўся, як хваліліся? Таму Баба Яга і дзьмухнула на іх, каб заснулі. Са злосці.

— Што ж, трэба вучыць, — згадзіўся Сяргей.

Цяпер Іра побач з ім села. Адно ён вочы заплюшчыць, а яна яму кулачком у бок. І, ведаеце, дапамагло. Раптам чуем — пошчак пайшоў па лесе, лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануліся.

— Ура! — крыкнуў Андрэй Налівайка. — Баба Яга ў балота правалілася.

— Ура! — крыкнулі мы за ім.

Падхапіліся і бягом па сцяжынцы. Глядзім — ускраек засвяціўся. Мы з усіх ног — наша школа стаіць, а каля школы дырэктар Анатоль Лукіч. Непадалёку, на лаўцы, Ігар Аляксеевіч і Іна Аляксандраўна сядзяць, размаўляюць аб чымсьці.

— Дык мы каля самай школы былі, — здзівіўся Дзіма.

— Казка. У казках усякае бывае, — кажу яму.

— Бяжым! Ужо, напэўна, званок празвінеў, — захвалявалася Аня.

Мы дружна выбеглі з лесу.

— А вы чаму спазніліся? — спыніў нас каля дзвярэй Анатоль Лукіч.

— Ён нічога не ведае, — прашаптаў Андрэй. — Расказаць?

— Не трэба, — прыціснула палец да вуснаў Аня.

— Ігар Аляксеевіч! Іна Аляксандраўна! — паклікаў Анатоль Лукіч. — І вы на ўрок ідзіце.

Усміхнуўшыся, мы пабеглі ў клас.

Частка другая

Сябры пазнаюцца ў бядзе

Дзіўны госць

Пасля таго як мы сустрэліся з казачнымі героямі, прайшоў тыдзень. Ні слова анікому пра гэта ніводзін з нас не сказаў. Праўда, у Сяргея Мазаля язык свярбеў. Вельмі хацелася яму пахваліцца, хацелася, каб даведаліся, які ён смелы і дасціпны. «Я раскажу, я раскажу», — штодзень бубніў пад нос. Нарэшце Іра Кавалевіч не вытрымала: «І пра тое, што пад скрыпку музыкі-чарадзея танцаваў, таксама раскажаш?» Сяргей адразу як язык прыкусіў. І да ўрокаў стаў рыхтавацца. Мы таксама стараліся, падручнікаў з рук не выпускалі. Чаму так змяніліся, спытаецеся? Усё-такі страшнавата было. А што, калі зноў які нячысцік у школу завітае? Невядома, што на гэты раз прыдумае. Прыблізна так разважаў цяпер кожны з нас.

Але на гэтым казачная гісторыя не закончылася. Вось як пачаліся новыя прыгоды.

У суботу я прыбег са школы, партфель, як звычайна, пад стол. Няхай паляжыць да нядзелі, яму таксама патрэбен нейкі адпачынак.

— Мама, — крычу, — есці давай. Галодны. Зубы аж ляскаюць.

Мама чамусьці на дыбачках падышла да дзвярэй, зачыніла іх на зашчапку. А твар у яе нейкі не такі, як заўсёды: ці то кіслы, ці то пахмурны. Не разабраць адразу.

Я спачатку падумаў, што з татам пасварылася. У іх часам такое здараецца: зранку пасварацца, а вечарам мірацца.

— Што сёння варыла? — гучна пытаюся.

А мама:

— Цішэй!

І такімі спалоханымі вачамі глядзіць на мяне! Такімі спалоханымі, што перадаць немагчыма. Мне ажно не па сабе стала.