Выбрать главу

— Мама, што здарылася?

Я адчуў, як міжволі задрыжаў мой голас. Мама прыціснула палец да вуснаў:

— Цішэй. Ён пачуе. Зноў сюды прыпрэцца.

Твар у мяне, напэўна, стаў круглы, як мяч, бо я спачатку набраў у рот паветра, а ўжо пасля выдыхнуў:

— Хто прыпрэцца?

— Ён, — ледзь не са стогнам вымавіла мама.

— Хто ён? — пытаюся, ледзь-ледзь варушачы вуснамі.

— Шар-ла-тан, — па складах прамовіла мама.

— Шарлатан? — перапытваю, чамусьці пазіраючы пад стол.

— Але, шарлатан, абманшчык, па-іншаму, — стала хутка-хутка тлумачыць мама. У яе быццам другое дыханне з’явілася. — Ён спачатку да бабкі Веркі трапіў, пытаўся, у якой хаце школьнікі ёсць. Бабка Верка да нас яго накіравала. Прыходзіла нядаўна. Ці быў, пыталася. Ой, і напалохалася яна! Дый у мяне яшчэ ногі дрыжаць, да сябе не дайду.

Я глядзеў на маму шырока раскрытымі вачамі. Цікава завязка пачынаецца. Вельмі цікава. Нейкі махляр, прыблуда ў нашай вёсцы з’явіўся. Цікавіўся, дзе школьнікі жывуць. Чаму так? Чаму?

Мне вельмі захацелася знайсці яго, паназіраць за ім: здалёку, непрыкметна, як гэта робяць дэтэктывы ў прыгодніцкіх фільмах.

— Мама, а які ён? У што апрануты? — пытаюся, ціснучыся да дзвярэй.

— Не пушчу! І за парог не пушчу! — замахала рукамі мама, адпіхваючы мяне. — Дома сядзі.

— Ну, буду сядзець, — згаджаюся неахвотна. — А ўсё-ткі: які ён?

— Дзіўны, — коратка адказала мама.

«Дзіўны…» Штосьці тут не так. А ці не палохае мяне мама? Знарок, каб з хаты не выходзіў, каб урокі вучыў. На гэта яна здатная. Як памятаю, заўсёды нечым страшыць мяне. Калі быў яшчэ зусім малы, дык казытухай страшыла. Казала, што тая казытуха ў жыце жыве, што дзяцей яна ловіць і казыча. Слухаў я маму, слухаў і аднойчы пайшоў у жыта тую казытуху шукаць. Паглядзець на яе захацелася. Да самага вечару праблукаў у жыце. Ледзь знайшлі мяне там.

— Мама, ты не хлусіш? — пытаюся.

— Праўду кажу. Дзіўны ён. Убачыў праз акно, што трактар па вуліцы едзе, — і за ложак. Хавацца. Я ўхапілася за каптан і назад цягну. Што было б, калі б хто зайшоў у хату і ўбачыў, што мужчына за ложкам хаваецца?… Я цягну, а ён вырываецца, крычыць: «Жалезны Цмок паехаў!..»

Я на хвіліну ўявіў, як мама цягне таго шарлатана, і не вытрымаў, засмяяўся.

— Чаго смяешся? — нахмурылася мама.

— Смешна, — кажу. — Ты цягнеш, а ён, як пацук, вырываецца.

— Табе смешна, а мне не, — пакрыўдзілася мама. — Ледзь выцягнула яго. Потым ён на кухню зайшоў. Убачыў, што газ гарыць, і ў крык: «Дракон! Агнём плюецца!» Датуль не супакоіўся, пакуль газ не выключыла. Я капусту ставіла варыць. Так і не зварыла. Пра ўсё забылася.

— Хіба ён шарлатан? — кажу. — Проста дзівак. І ўсё. Пасмяяцца вырашыў.

Мама пацягнула за ручку дзвярэй, каб упэўніцца, ці добра зачынены, і зноў зашаптала:

— Я пасля здагадалася, што ён знарок такія конікі выкідваў. Хацеў з панталыку мяне збіць. Каб сцібрыць што-небудзь. Вочы ў яго, як у сапраўднага злодзея, па ўсіх кутках бегалі.

А калі гэта?… Калі?… Не, напэўна, не. Я адагнаў здагадку, якая пранеслася ў галаве.

— І апрануўся ён так, каб з панталыку збіць, — працягвала мама. — Лапці на нагах, штаны зрэбныя…

— А барады ў яго не было? — вырвалася ў мяне.

Мама падазрона зірнула на мяне:

— А ты адкуль ведаеш?

Цяпер я быў упэўнены, што гэты дзіўны госць, які так напалохаў маму, — работнік. Той работнік, які са сваімі сябрамі тысячу гадоў льва-небараку паіў. Ён жа абяцаў, што пірагамі нас пачастуе. Вось і прыйшоў, каб да сябе запрасіць. Ды хіба скажаш пра гэта маме?

— Цяпер усе дзівакі бароды паадпускалі, — знайшоўся, як адказаць.

Мама згодна кіўнула галавою:

— Так. Ледзьве з хаты яго выпхнула.

А я ажно трымцеў ад хвалявання. Розныя думкі, крыху блытаныя, адна за адною мільгалі ў маёй галаве.

Работнік у вёсцы. Селянін-работнік з’явіўся. Бач, трактара спалохаўся. Што ж, ні трактара, ні газу ён у вочы не бачыў… Мама лічыць, што хацеў яе з панталыку збіць… Назаўжды і маме, і яму гэты дзень запомніцца… Значыць, прыйшоў, каб да сябе запрасіць. А можа, зусім не на пірагі? Можа, іншая патрэба ёсць? Сярод белага дня прыйшоў, хоць і страшна было. Чаму? Чаму шукаў нас, сваіх знаёмых?… Не, цяжка на гэтыя пытанні адказаць. Трэба з работнікам сустрэцца. Ён дзесьці тут, непадалёку. Магчыма, каля школы, каля лесу. У лесе яму спакойна. Сядзіць ды назірае зводдаль. Як жа сустрэцца з ім? Як? Не пусціць мама на двор, калі праўду скажу. Прыйдзецца хлусіць. Што ж прыдумаць, каб пусціла?

— Мама, — кажу, — ты дарэмна спалохалася. Той дзядзька не шарлатан, а артыст. Ён у спектаклі ролю селяніна іграе. Дарэвалюцыйнага селяніна. Вось і вырашыў праверыць, ці добра іграе, ці падобны на старажытнага селяніна. Знарок у нашу хату прыйшоў.