Мама зайшла на кухню, села на табурэтку. Я пратупаў за ёю:
— Мама, ён артыст. Артысты дзівакі. Не верыш?
Мама абхапіла рукамі галаву:
— Міхась, галава ў мяне ажно расколваецца. Схадзі да бабкі Веркі. У яе ёсць таблеткі ад галавы. Прынясі.
Я спачатку не паверыў, што так пашчасціла. Нядаўна рукі настаўляла, трымала, каб не ўцёк. А цяпер сама выпраўляе.
— Схадзі да бабкі Веркі, — паўтарыла мама ў другі раз.
— Добра. Схаджу. Я хутка вярнуся. А ты пакуль на галаву мокры ручнік пакладзі.
На двор я вылецеў, як на крылах. Хутчэй! У школу хутчэй! Да лесу. Галоўнае — з работнікам сустрэцца. А пасля на адной назе завярнуся — і да бабкі Веркі.
Складаная сітуацыя
На школьным двары я ўбачыў Дзіму Клімовіча. Вядома, абрадаваўся. Усё-ткі ўдвух весялей селяніна-работніка шукаць.
Мне хацелася, каб Дзіма першым падышоў да мяне, каб спытаўся, чаго прыйшоў. Я, канечне, спачатку крыху павадзіў бы яго за нос, а потым усё па парадку расказаў бы. Ды Дзіма быццам не заўважаў мяне. Ён бегаў кругамі па школьным двары, высока падымаючы ўгору калені.
Што ж, кожны свой гонар мае. Я сеў на лаўку. А сядзець зусім не хацелася. «І калі ж ён набегаецца?» — думаю. Нарэшце не вытрымаў, паклікаў:
— Дзіма, хадзі сюды.
— Не магу, — чую ў адказ. — У мяне трэніроўка.
Што ж рабіць? Ён, відаць, не хутка сваю трэніроўку закончыць. Бегае, як заведзены.
— Можа, хопіць? — гукаю.
— Не. Яшчэ паўгадзінкі пабегаю.
Хіба мог я гэтулькі чакаць? Усхапіўся з лаўкі — і за ім. Бягу ззаду, расказваю:
— Селянін-работнік да нас у вёску прыходзіў. Нядаўна ў нашай хаце быў. Маму так напалохаў, што і цяпер у яе ногі дрыжаць.
Дзіма як пачуў гэткае, дык адразу пра сваю трэніроўку забыўся. Спыніўся як укопаны, на мяне пазірае.
— Няўжо той работнік прыходзіў, які льва паіў?
— Той, Дзіма. Той самы. Ён за ложак хаваўся, а мама яго за каптан трымала… Маме галава разбалелася, па таблеткі мяне паслала.
— За ложак хаваўся?
Я заўважыў, што ў Дзімавых вачах загарэліся дзве іскрынкі-смяшынкі.
— Хаваўся, — кажу. — Убачыў, што трактар па вуліцы едзе, і пабег хавацца. Спалохаўся. Падумаў, што гэта жалезны Цмок.
— А-а-а, — працягла вымавіў Дзіма і, азірнуўшыся, прашаптаў: — Як ты думаеш: дзе ён цяпер?
— Думаю, што дзесьці тут, у лесе.
Дзіма пацягнуў мяне за рукаў:
— Пайшлі.
Вядома, мне вельмі хацелася цяпер жа, не адкладваючы, пайсці ў лес. Але мама… Яна чакае, калі таблеткі прынясу. Спадзяецца…
— Дзіма, мяне мама па таблеткі паслала, — прызнаўся сябру. — Як потым ёй у вочы пагляджу.
Дзіма пачасаў патыліцу:
— Так, складаная сітуацыя…
— Дык я пабягу па таблеткі, а пасля назад. Я хутка. Адна нага тут, другая там.
— Невядома, ці адпусціць цябе маці.
— Невядома, — з горыччу прамовіў я.
Цяжка сказаць, што мы прыдумалі б, калі б я не ўбачыў свайго браціка, другакласніка Міколку. Ён са школы выходзіў.
— Міколка, — паклікаў яго.
Міколка падышоў да нас, спыніўся насупраць і… нечакана заплакаў. Плакаў ён не па-сапраўднаму, а, як кажуць, сілаю выціскаючы з сябе слязу.
— Двойку атрымаў? — здагадаўся я.
— Не-а. Пасля ўрокаў сядзеў, — зарумзаў Міколка. — Па чытанню. Я толькі крышачку запнуўся, а настаўніца мяне пакінула.
— Усе пасляўрочнікі кажуць, што толькі крышачку запнуўся, — па-філасофску зазначыў я.
Міколка глянуў на мяне спадылба:
— Не скажаш маме?
Задаволены, я ажно рукі пацёр. Усё-ткі шанцуе мне сёння.
— Міколка, — пачаў знарок строга, — маме сёння галава баліць, ажно расколваецца. Расхвалявалася яна. Яшчэ і ты яе парадуеш.
— Я не хацеў…
«Вось дзівак, — падумаў я. — Каму хочацца, каб пасля ўрокаў пакідалі? Гэткія добраахвотнікі яшчэ не сустракаліся ў маім жыцці».
— Я крышку запнуўся, — цягнуў, не спыняўся Міколка.
— Цаца, цаца, — пагладзіў яго па галаве Дзіма і дадаў: — Хоць валасы доўгія, але розум кароткі.
— Не смейцеся, — мацней захліпаў Міколка. — Не скажаш маме?
Я падміргнуў Дзіму: маўляў, сачы, хутка мой Міколка на ўсё згодзіцца, вяроўкі з яго можна будзе віць.
— Сам не ведаю, што з табою рабіць, — разводжу рукамі.
— Не кажы. Я за цябе падлогу памыю. Мама скажа, каб ты памыў, а я сам памыю.
Нарэшце я вырашыў парадаваць яго: