— Наташа, вярніся! — крыкнуў я. А яна нават не павярнулася.
— Яе цяпер і на веласіпедзе не дагоніш, — прагаварыў Міхась. — Пайшлі за ёю. Нядобра адну пакідаць.
І мы пайшлі за Наташай.
Вось яна павярнула на поле. Праз поле да рэчкі — гэта мы добра ведалі — вяла ўтаптаная сцежка. Ды ў цемры не заўважылі, мінулі яе. Вяртацца назад, шукаць тую сцежку не было калі. Наташа ўжо даволі далёка адышлася ад нас. Месячы чаравікамі коўзкую зямлю, пайшлі напрасткі. Зямля прыліпала да падэшваў, чаравікі сталі як пудовыя, мы ледзь выцягвалі ногі. Здавалася, што полю не будзе канца.
— Наташа! — галёкнуў Міхась. Наташа не азвалася.
— Каб спынілася, то адразу прабачэння папрасіў бы, — цяжка сапучы, прамовіў Міхась.
Нарэшце выйшлі да ракі, на дарогу. Хутчэй, цяпер можна хутчэй. Там, удалечыні, у змроку, маленькая Наташына постаць.
— Дворны Сад ужо недалёка, — глуха прагаварыў Міхась.
— Не. Яшчэ далёка, — кажу я.
— Табе проста здаецца. Сёння туман па зямлі сцелецца. У такое надвор’е дрэвы заўсёды здаюцца больш аддаленымі.
— Я пра гэта не чуў.
— Закон оптыкі трэба ведаць. Ад дрэваў адбіваецца святло, а туман яго рассейвае. Таму дрэвы меней асветленыя. Вось і здаецца, што яны знаходзяцца далёка ад нас.
Па праўдзе сказаць, мяне цяпер не цікавіў закон оптыкі. Лепей я фільм па тэлевізары паглядзеў бы.
Вёска далёка ззаду, здзічэлы панскі парк наперадзе.
— Пабеглі,— прапанаваў я Міхасю. — Дагонім Наташу, назад вернем. Калі і прабачэння папросім, то карона з нас не спадзе.
— Пабеглі.
Мы пабеглі, пазіраючы наперад. Дзе ж Наташа? Ага, здаецца, вунь, на ўскрайку парку спынілася, стаіць. Усё-ткі баіцца ісці ў парк.
— Стаіць. Бачыш?
— Угу, — выдыхнуў Міхась.
— Хай крыху палекаціць. Хутка сама вернецца. Мы спыніліся. А Наташа ўсё стаіць, чамусьці не вяртаецца назад. Няўжо ёй зусім не страшна?
— Трэба клікаць, — сказаў Міхась.
І ў гэты момант да нас данёсся крык, тоненькі-тоненькі: «О-о-ой!» Гэта, я мог прысягнуць, крычала Наташа.
Мы з Міхасём як аслупянелі. Не ведаю, як у Міхася, але ў мяне валасы на галаве, здалося, падняліся.
Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась.
— Ты чуў?
— Чуў. Наташа крыкнула.
— А дзе яна? Дзе? Яна стаяла там. Цяпер няма. Сапраўды, там, дзе мы нядаўна бачылі Наташыну постаць, цямнеў здзічэлы кустоўнік.
Сустрэча з чалавекам-жабай
— Што будзем рабіць? — запытаўся Міхась. Я паціснуў плячамі.
— Схаваемся і будзем назіраць за паркам, — кажу я. — Магчыма, заўважым кагосьці. Нам пакуль нельга туды ісці.
— Чаму гэта?
— А калі і нас там схопяць? Хіба не разумееш? Міхась уздыхнуў.
Мы прыселі і пачалі назіраць за паркам. А ў парку хоць бы сучок трэснуў.
— Пакрычым? — нахіліўся да мяне Міхась.
— А калі той, што Наташу схапіў, сюды прыйдзе?
— Марозік, а мы не верылі ёй, — сказаў Міхась. — Смяяліся. Той, з Эльдарада, яе схапіў. Мы вінаватыя.
Так, вінаватыя. Што ж рабіць? Што? Вярнуцца ў вёску і паклікаць людзей? Вядома, людзі прыбягуць, калі даведаюцца, што здарылася. Але ці не наробім гэтым самым яшчэ горшай бяды? Тыя альбо той (хто ведае, колькі іх там) таксама ў шапку не спяць. Падымуцца і паляцяць. Хіба ім доўга? І Наташу з сабою забяруць. І мы ўжо ніколі не ўбачым яе.
На мае вочы набеглі слёзы. Я выцер іх рукавом і звярнуўся да Міхася:
— Трэба ў Дворны Сад ісці. Пакуль не позна. Трэба выратаваць Наташу.
— Трэба, бо пасля хоць з вёскі ўцякай. Што мы людзям скажам?
Асцярожна, трымаючыся побач, мы накіраваліся ў Дворны Сад. Вось і той ускраек, дзе была Наташа. Сцяною стаіць бэз, далей, шырока расхінуўшы галіны, — ліпы.
— Направа дарожка, — прашаптаў Міхась.
Мы звярнулі на дарожку. Што там чакае нас? Адзін крок, другі, трэці… Я азірнуўся назад. Ззаду шырокаю палоскаю цягнецца поле. А тут, у парку, цемрадзь, хоць вока выкалі.
— Кар-р-р, кар-р-р, — пачулася над галавою. Я спыніўся. У грудзях пахаладзела.
— В-варона. Н-не бойся, — прашаптаў Міхась. Яшчэ крок, яшчэ. Здаецца, там, далей, паваротка.
За гэтай павароткай разваліны палаца. Туды нам трэба, туды… Там тыя, з Эльдарада, хаваюцца.
І тут… Не ведаю, хто першым з нас убачыў перад сабою чалавека-жабу. Увесь ён быў зялёны, а вочы вялізныя, пукатыя. Пра такога нам бабка Тэкля расказвала.
Гэтая пачвара, пэўна, таксама не чакала, што нас убачыць, бо спынілася, пазіраючы сваімі вялізнымі вачыма.