— Не скажу. Толькі ты да бабкі Веркі сходзіш. Папросіш, каб таблетак ад галавы дала. Маме занясеш. Добра?
Міколка шчасліва ўсміхнуўся:
— Добра.
І пабег, падскокваючы як кураня.
— Перадай маме, што я ў школе затрымаўся, — крыкнуў яму наўздагон.
— Добра.
— А ўсё-ткі нецікава было б на свеце жыць, калі б не было такіх малых, як твой Міколка. Не засумуеш з імі, — задуменна прамовіў Дзіма.
Я паглядзеў на Дзіму, усміхнуўся:
— Калісьці і мы такімі былі.
Правёўшы вачамі Міколку, мы павярнуліся і пакрочылі ў лес.
Нечаканая навіна
Як і тады, калі шукалі Бабу Ягу, цёпла грэла сонца, у паветры ляталі лёгкія павуцінкі.
Мы прайшлі па дарозе метраў дзвесце, спыніліся.
— Трэба пагукаць, — прапанаваў Дзіма. — Можа, пачуе нас работнік.
— Давай, — згадзіўся я.
— Дзядзька работнік! — першым гукнуў Дзіма.
Пачакалі, азіраючыся. Ціха вакол.
— Дзядзька селянін! — штосілы гукнуў я. Зноў ціха.
— Цяпер удвух гукнем, — звяртаюся да Дзімы.
— Давай.
Як мага набраўшы ў лёгкія паветра, мы дружна крыкнулі:
— Дзядзь-ка ра-бот-нік? Дзе вы-ы-ы?… Дзе вы-ы-ы?…
«Ы-ы-ы», — пераклікаючыся, панеслася па лесе рэха.
— Няўжо ў казку пайшоў? — уздыхнуў Дзіма.
— Я тут, — нечакана пачулася ззаду.
Мы імгненна павярнуліся.
З-за невялікай кашлатай елачкі выглядваў знаёмы барадаты работнік. Той, які льва раскаваў.
— Ура! Знайшлі дзядзьку работніка! Знайшлі! — не вытрымаў я.
— Вы мяне дзядзькам Тодарам клічце, — прагаварыў работнік.
— Дзядзька Тодар, да нас ідзіце, на дарогу, — паклікаў Дзіма.
Дзядзька Тодар, азіраючыся па баках, выйшаў на дарогу.
«Вось драла даваў бы, каб убачыў, што трактар едзе», — падумалася мне.
— Тады, каля студні, я нават не пазнаёміўся з вамі. Сустрэліся і разышліся, — прагаварыў дзядзька Тодар, усё азіраючыся.
— Мяне Міхась зваць, а майго сябра Дзіма, — сказаў я. — А вы чаму за елку схаваліся?
Дзядзька Тодар цяжка ўздыхнуў:
— Каб ведаў, што тут такое робіцца, ніколі не пайшоў бы. У нас не соладка, а ў вас яшчэ мудрэй. Жалезны Цмок проста па вуліцы бегае.
— Дык гэта трактар! — усклікнуў Дзіма. — Ён зямлю арэ. Замест каня. Прычэпяць плугі, а ён цягне. Цмока ў нас ад веку не было. Ён толькі ў вас, у казцы, аціраецца.
— Няўжо тое страшыдла-трактар плугі цягае? — не паверыў дзядзька Тодар.
— У нас яшчэ і камбайн ёсць, — пахваліўся я. — Ён жне і малоціць. У вас цэпам малоцяць, а ў нас камбайн. Лёгка і хутка.
— Шчаслівыя, — зноў уздыхнуў дзядзька Тодар. — А я напалохаўся. Думаў: пасяджу тут да вечара, пачакаю, а як крыху суцішыцца, зноў у вёску пайду. Патрэбныя вы мне.
«Добра, што знайшлі яго, — думаю. — Вось каб ноччу прыйшоў ды ў наша акно пастукаў! Мама, пэўна, здранцвела б, як толькі яго бараду ўбачыла б».
— Дзядзька Тодар, штосьці здарылася ў вас? — спытаўся Дзіма.
— Здарылася, хлопчык. Адгадаў ты. Цмок — цар лясны, пудзіла паганае, — у музыкі-чарадзея скрыпку ўкраў. Не жадае, каб музыка-чарадзей добрых людзей весяліў, радасць ім дарыў. А без скрыпкі музыка-чарадзей як былінка на ветры. Не стала ў яго сілы. Цмок згроб яго ды з сабою пацягнуў. Дзесьці закаваў, хоча голадам замарыць. Няма нашага заступніка. Плачам мы, як дзеці малыя. Рукі апусціліся, і ногі падкасіліся. На вас адно спадзяванне. Вы льва напаілі. Няўжо паганага Цмока не адолееце?
— Дык мы яго ў лес прагналі! — усклікнуў я. — Ён паабяцаў, што будзе ў гушчары сядзець.
Дзядзька Тодар нявесела ўсміхнуўся:
— Такім, як Цмок, паабяцаць, што раз плюнуць. Яны шмат чаго наабяцаюць — толькі вушы развесь. Вылез ён з гушчару, як даведаўся, што вы дамоў пайшлі. Цяпер нам помсціць. Нездарма людзі кажуць: як выбіўся ў паны, так і дзверы стаў адчыняць нагою.
Не думаў я, што гэткае пачую. Няўжо зноў давядзецца з Цмокам сустрэцца? Цяжка сказаць, ці адолеем цяпер. У яго сіла нечалавечая, ды яшчэ чарадзейная скрыпка ў руках. А што ў нас? Кемлівасць. Вось і ўсё. Так, невядома, ці зможам Цмока перамагчы.
Дзіма як адгадаў мае думкі.
— Дзядзька Тодар, — сказаў ён, — а вы папрасіце Цмока, каб музыку-чарадзея адпусціў.
— Хутчэй бусел жарабя народзіць, як ён гэта зробіць, — прагаварыў дзядзька Тодар.
Я зірнуў на Дзіму:
— Дапаможам?
Дзіма некалькі секунд стаяў моўчкі, а потым з сілаю рассек паветра рукою.
— Ах, паганка! Ах, мухаморына! Ашукаў! Нас ашукаў! Дапаможам. Мы яго, мы яго…
— Навучым, як на сабак брахаць, — дакончыў я за Дзіму.