Выбрать главу

— То пайшлі. Кожная хвілінка дарагая, — сказаў дзядзька Тодар.

І мы, ужо ўтрох, пайшлі па лясной дарозе.

Як мы Цмоку зуб вырывалі

Наезджаная калёсамі дарога скончылася. Пачаўся яловы лес.

— Ужо ў казцы мы, — ціха прамовіў я.

— Угу, — выдыхнуў Дзіма.

Дзядзька Тодар збочыў на вузенькую сцяжынку. Мы моўчкі пацягнуліся за ім. Неўзабаве выйшлі на палянку, дзе некалі сустрэлі трох братоў.

— Не натаміліся? Мо прысядзем? — спытаўся дзядзька Тодар.

— Прысядзем, — сказаў Дзіма.

Мы селі на траву. Не ведаю, пра што думалі дзядзька Тодар і Дзіма, а вось у мяне думкі былі невясёлыя. Успомніў маму. Напэўна, сядзіць, чакае, калі вярнуся. Ведала б, што мы тут, у казцы, — прыбегла б. Абавязкова прыбегла б. І Цмока не збаялася б. Дзе ён цяпер, страшыдла, пудзіла паганае? Мабыць, сядзіць на пні ды на скрыпцы іграе. Ён іграе, а маме галава баліць. Хай наадварот было б.

Я лёг на траву, заплюшчыў вочы. Хацелася адагнаць благія думкі. Ляжаць проста так, адпачываючы. Але адпачыць не прыйшлося. Здалёку, дзесьці з гушчару лесу, данёсся нейкі стогн ці нават енк. Гэткага стогну мне яшчэ ніколі не даводзілася чуць. Спачатку чулася глухое: у-у-у. Пасля рэзка пераходзіла на пісклівую ноту: а-а-а.

Я ўскочыў як падсмалены. Дзядзька Тодар і Дзіма таксама ўсхапіліся.

— Што гэта? — крыкнуў Дзіма.

Я паціснуў плячамі, а дзядзька Тодар няўпэўнена прагаварыў:

— Можа, звер які ў пастку трапіў?

Стогн чуўся ўсё выразней і гучней. Тое, што стагнала, відаць, набліжалася да нас. У мяне чамусьці засвярбелі падэшвы. Ці не таму, што хацелася ірвануцца, каб толькі ад гэтай палянкі далей. Ледзь-ледзь стрымліваў сябе.

Да майго пляча дакрануўся Дзіма:

— Міхась, ты не баішся?

Я і вокам не змаргнуў:

— А чаго мне баяцца?

— А мне крыху не па сабе, — прызнаўся Дзіма.

За павароткай, заўважылі мы, штосьці мільганула.

— Яно на палянку ідзе, — дрыготкім голасам прагаварыў Дзіма.

І тут на палянку выйшаў… Хто б, вы думалі? Наш стары знаёмы — пудзіла паганае — Цмок. Яго шчака была перавязана белаю хусцінкаю. Абедзвюма рукамі ён трымаўся за гэтую шчаку і, не сціхаючы, войкаў-стагнаў.

Убачыўшы нас, Цмок спыніўся. Адступіў крок назад, а пасля, падскочыўшы ўгору, зноў залямантаваў: у-у-у, а-а-а…

Мяне як лёдам абдало. «Зараз праглыне», — са страхам думаў я.

Цмок неспадзявана бухнуўся на калені.

— Даруйце! Я больш не буду! — на ўвесь лес закрычаў.

Мы адразу пасмялелі.

— Цішэй, пан Цмок, — паморшчыўся Дзіма. — Чаму абвязаўся? З вайны вярнуўся? Га?

— Крычыш, як быццам цябе рэжуць, — са здзекам прамовіў я.

— Зуб баліць, — вытрашчыў вочы Цмок.

— Баліць? — нібыта здзівіўся я.

— Так баліць, што хоць у прорву кідайся.

— А чаго ты жалезны боб грыз? — накінуўся на Цмока Дзіма.

— Бо хацелася. Дапамажыце. Выратуйце.

Да Цмока падышоў дзядзька Тодар, сціснуў пальцы ў кулак, сваім вялізным, як бохан хлеба, кулаком памахаў перад самым носам:

— Скрыпку аддасі?

— І скрыпку аддам, і смык. А-а-а…

— Скажаш, куды музыку-чарадзея пасадзіў?

— Скажу. Усё скажу. У-у-у… Ратуйце мяне.

Мы з Дзімам адышліся ўбок.

— Што будзем рабіць? — спытаўся Дзіма.

— Думаю, што трэба вырваць гэтаму злыдню зуб. Пасля ён як шоўкавы стане.

— Чым вырвеш? Рукамі? Вось каб якія-небудзь пласкагубцы былі. Учапіліся б удвух і вырвалі б.

— Ёсць іншы спосаб…

Я дастаў з кішэні кавалак тоўстай жылкі. На вуду яе хаваў, на шчупакоў.

— Бяры, — працягнуў Дзіму.

Дзіма ўзяў жылку, усміхнуўся:

— Адным канцом да зуба прывяжам, а другім — да дрэва? Так?

— Так, — згодна кіўнуў я галавою. — А потым па спіне кіем. Рванецца, сам сабе зуб вырве. Іншага ратунку няма.

На гэтым закончыўся наш кароткі кансіліум. Мы падышлі да Цмока.

— Вы мне дапаможаце? — з надзеяю глянуў на нас Цмок.

— І скрыпку аддасі, і музыку-чарадзея адпусціш? — спытаўся Дзіма.

— Усё зраблю, што загадаеце. Я тры ночы не спаў.

— Разяў рот, — загадаў Дзіма.

— Навошта?

Дзіма тупнуў нагою:

— Разяў.

Цмок шырока-шырока разявіў рот, выцягнуўся, як лазіна. Галава яго калацілася, рукі дрыжэлі. Дзіма стаў на дыбачкі, зірнуў у рот.

— Ніколі зубы не чысціў, — паківаў галавою.

— Што? — не зразумеў Цмок.

— Не штокай. Разяў рот! — крыкнуў Дзіма.

Цмок хуценька разявіў рот.

Гледзячы на іх, я ажно заходзіўся ад смеху. А Дзіма адным канцом прывязаў жылку да хваінкі, на другім канцы зрабіў вузельчык і стаў чапляць яго за балючы зуб.