Выбрать главу

— Хутка ты? — не выцерпеў Цмок.

«Вутка ты», — выйшла ў яго. Вядома, з разяўленым ротам не проста слова вымавіць. А Дзіма чамусьці раззлаваўся.

— Сам ты вутка, — закрычаў.

Кінуў жылку і адышоўся ўбок.

Цмок, як і першы раз, бухнуўся на калені:

— Ратуй.

— Сёння ты як рахманая авечка, а нядаўна зверам быў, — няласкава прамовіў дзядзька Тодар.

— Паспрабуй яшчэ раз, — сказаў я Дзіму.

— Замучыў ён мяне, — прагаварыў Дзіма, беручы ў рукі жылку.

На гэты раз ён усё-ткі накінуў на зуб вузельчык, заціснуў яго. Адышоўся ўбок, загадаў Цмоку:

— Бяжы.

Той вытрашчыў вочы:

— Як? Я прывязаны.

— Ірваніся, каб зуб вылецеў. Толькі не ўцякай ад нас. Мы цябе і на краі свету знойдзем.

— Не, не пабягу, — заўпарціўся Цмок.

— А калі я яму па рэбрах дам? Можна? — азваўся дзядзька Тодар.

— Можна, — згадзіўся Дзіма.

— Не, не, не, не, — заненекаў Цмок.

— Вось пачастую! Я цябе так пачастую, што навек запомніш.

Цмок усхапіўся, прыгнуўся, як спрынтэр, а потым, ірвануўшыся, панёсся. Усё адбылося імгненна. Я нават вокам не паспеў маргнуць.

Дзіма падбег да хваінкі, падняў жылку. На жылцы матляўся вялізны клык.

— Усё-ткі вырваў, — прагаварыў здзіўлена.

— А сам дзе? Куды ён пабег? — разгублена прамовіў я.

У глыбіні лесу чутно было, як трашчала галлё.

Спаборніцтва ў падхалімажы

— Уцёк, — уздыхнуў Дзіма.

— Цяпер яго і са свечкаю не знойдзеш, — развёў рукамі дзядзька Тодар.

Так, у другі раз абмануў нас Цмок, у другі раз, як гаворыцца, аб адзін і той жа камень спатыкнуліся.

— Развесілі вушы, абяцанкам яго паверылі, — выказаў Дзіма ўслых тое, пра што кожны з нас падумаў — Так нам і трэба.

— Паспяшаліся мы, — сказаў дзядзька Тодар. — Хай спачатку скрыпку прынёс бы, музыку-чарадзея адпусціў бы, а потым зуб ірвалі б.

— Што будзем рабіць? — спытаўся я.

— Па лесе прайдуся, — прамовіў дзядзька Тодар. — Можа, непадалёку схаваўся нячысцік.

Дзядзька Тодар пашыбаваў у лес, а мы з Дзімам засталіся на паляне. Час цягнуўся нясцерпна нудна.

— У самым пачатку нам не пашанцавала, — парушыў маўчанне я. — Значыць…

— Паслухай, — перабіў мяне Дзіма. — Здаецца, музыка і песні.

Я прыслухаўся. Сапраўды, непадалёку быццам на дудцы ігралі, і песня чулася. «Ох, пёсік, ох, пёсік, ох, пёсік, наш Барбосік», — разабраў я словы гэтай песні.

— Пра нейкага Барбосіка гарлапаняць, — кажу Дзіму. — Чуеш?

— Чую. Ходзяць дзівакі па лесе.

— Давай схаваемся. Яшчэ прычэпяцца да нас. Прымусяць, каб разам з імі спявалі.

— Давай схаваемся, — адразу згадзіўся Дзіма.

Мы хуценька забеглі ў лес, схаваліся за елкай. Тое, што мы неўзабаве ўбачылі, напэўна, ні ў адным фільме не паказвалі, нават фантастычным.

На паляну выйшлі тры браты з казкі «Бацькаў дар» і… сабака. Мы спярша падумалі, што гэта не сабака, а нейкі пан ці падпанак. І не дзіва. Ішоў ён на двух нагах, як звычайна ходзяць усе людзі. А на нагах — бліскучыя боты з вострымі, загнутымі насамі. На галаве капялюш з доўгім гусіным пяром. Яшчэ штаны з лампасамі і, як у якога генерала, малінавая шаўковая сарочка, акуляры. Ідзе, быццам шклянку вады на галаве нясе. Але ж сабачы хвост, сабачая пыса…

Гнуткім лазовым дубцом сабака час ад часу сцябаў двух старэйшых братоў, якія ішлі ўперадзе. Ды яшчэ злосна шчэрыўся: «Спявайце. Гр-р-р-р, г-р-р…»

І старэйшыя браты, тулячы плечы, заводзілі тую песню, якую мы пачулі, калі яшчэ сядзелі на паляне:

Шаноўны, шаноўны! Над намі ты галоўны. Ох, пёсік, ох, пёсік, Ох, пёсік, наш Барбосік.

Крыху ззаду клыпаў малодшы брат — Іван-прасцяк. Ён іграў на дудцы.

— З якой казкі гэты сабака? — зашаптаў Дзіма.

— Не ведаю.

— Ты ж усе казкі ў бібліятэцы перабраў.

— Я люблю чытаць чароўныя. А сабака з казкі пра жывёл.

— Чаму браты дазваляюць яму так здзекавацца з іх?

— Не ведаю.

Што я мог сказаць Дзіму, калі і сам нічога не разумеў. Сядзеў натапырыўшы вушы, каб ні слова не прапусціць.

— Торбачку шукалі, якая і напоіць, і накорміць, царэўну з трыдзевятага царства шукалі, — прамовіў Дзіма. — Дашукаліся, валацугі.

— Высока лятаеш — нізка сядзеш, — кажу.

— Стойце! — раптам гыркнуў сабака.

Старэйшыя браты спыніліся. Іван-прасцяк перастаў іграць, прыхіліўся да хваіны. Сабака сцёбнуў у паветры дубцом: