Выбрать главу

— На-пра-ва-а!

Старэйшыя браты павярнуліся направа.

— Кру-гом!

Браты павярнуліся кругом. Спрытна так…

— Натрэніраваліся, — пырснуў я ў кулак.

Дзіма далонню заціснуў мне рот.

— Цішэй. Паглядзім, што далей будзе.

Старэйшы брат пераступіў з нагі на нагу:

— Дазвольце адпачыць.

— Хоць хвілінку, — прагаварыў за ім сярэдні брат.

Сабака сцёбнуў дубцом:

— Цяпер па плану падхалімаж. Пачынайце. Чаго насы павесілі?

— Ты — хутканогі, — першым пачаў старэйшы брат.

— Ты — самы прыгожы, — падхапіў сярэдні.

— Ты — самы разумны, — гукнуў старэйшы.

Сабака, незадаволены, ашчэрыўся:

— Хопіць. Надакучыла. Чуў. Новую песню прыдумалі б, ці што.

— Я ведаю новую песню, — ступіў наперад старэйшы брат.

— Пра мяне? — пазяхнуў сабака. — Надакучыла.

— Не. Пра музыку-чарадзея.

Сабака, падалося нам, усміхнуўся:

— Давай.

Старэйшы брат адною нагою ступіў наперад, другую адставіў назад, рукі чамусьці заклаў за спіну і загарлапаніў:

У музыкі-чарадзея, Што паны завуць зладзеем, Пан Цмок скрыпку адабраў, А яго да студні прыкаваў.

— Гэта мне падабаецца, — вільнуў хвастом сабака. — Хоць і няскладна для песні, але словы добрыя.

Старэйшы брат шчасліва ўсміхнуўся. Быццам яму гаршчок з залатымі манетамі далі.

— Шагам марш! — гыркнуў сабака.

Іван-прасцяк зайграў на дудцы, а старэйшыя браты пакрочылі, спяваючы:

У музыкі-чарадзея, Што паны завуць зладзеем…

Калі яны схаваліся ў лесе, мы выскачылі на паляну.

— Да студні музыка-чарадзей прыкуты. Чуў? — таргануў мяне за рукаў Дзіма.

— Трэба хутчэй яго ратаваць! Хутчэй! Дзе дзядзька Тодар падзеўся? — у роспачы прамовіў я.

Мы ўжо не думалі ні пра трох братоў, ні пра сабаку — іхняга камандзіра. Адно круцілася ў галаве: музыка-чарадзей да студні прыкуты. Кепска яму, магчыма, памірае. Трэба ратаваць яго.

Ледзьве дачакаліся дзядзьку Тодара.

— Няма Цмока. Згінуў страшыдла, — паведаміў ён нам.

— Ну і халера з ім! — крыкнуў я. — Музыка-чарадзей да студні прыкуты.

— Загіне там, загіне, — прастагнаў дзядзька Тодар. — Пабеглі, хлопчыкі.

І першым, не чакаючы нас, ён прыпусціўся па сцяжынцы. Па той, якая вяла прама.

Каля студні

Дзядзька Тодар бег як сапраўдны спартсмен. Дзіма не адставаў ад яго: трэніроўка дапамагала. А я дык зусім знясілеў.

Заўважыў гэта Дзіма, папракнуў:

— Чаго сапеш, як салявы мех? Хутчэй не можаш?

«Няўжо, — думаю, — за іх горшы?» Сціснуў зубы, пабег хутчэй. І, ведаеце, нібы другое дыханне з’явілася. Лёгка стала. За якую хвіліну дагнаў і Дзіму, і дзядзьку Тодара. Вось што значыць узяць сябе ў рукі.

Нарэшце ўбачылі студню, ручай. Спыніліся, азіраючыся. Дзе ж музыка-чарадзей? Няўжо выдумаў старэйшы брат, што ён да студні прыкуты? А можа, Цмок сюды прыходзіў, з сабою яго забраў?

Не. Дарма мы трывожыліся. Музыка-чарадзей ляжаў за студняй. Тоўсты ланцуг цягнуўся ад студні да яго рук.

Убачыўшы нас, музыка-чарадзей усміхнуўся, паспрабаваў прыўзняцца, ды не змог, зноў упаў на бок.

— Гэта вы? — ледзь чутна прагаварыў. — У мяне каторы дзень у роце макавай расінкі не было.

Дзядзька Тодар схапіў берасцяны кубак, які стаяў каля студні, падаў мне:

— Міхасёк, вады прынясі.

Я стрымгалоў паляцеў да ручая, зачэрпнуў чыстай, як сляза, крынічнай вады, кінуўся назад.

Дзядзька Тодар трымаў музыку-чарадзея на каленях, быццам малое дзіцё. Я ўкленчыў каля іх, паднёс кубак да рота музыкі-чарадзея. Музыка-чарадзей стаў піць, прагна, вялікімі глыткамі. Вада сцякала па барадзе, капала на сарочку, а ён не заўважаў гэтага.

— Дзякую, — потым прамовіў, апусціўшы галаву. — Я быццам упершыню смак вады адчуў. Ведаеце, якая яна салодкая, вада наша! Дзядзька Тодар дастаў з-за пазухі штосьці завязанае ў чыстую хусцінку. Разгарнуў яе, і мы ўбачылі лусту чорнага жытняга хлеба.

— Еш, — падаў музыку-чарадзею. — У цябе адразу сілы прыбавіцца.

Музыка-чарадзей вінавата ўсміхнуўся:

— Рук не падыму. Ланцуг цяжкі.

— Там молат ляжыць. І зубіла, — дзядзька Тодар паказаў рукою на купку кустоў, якія раслі каля ручая.

Цяпер пабег Дзіма. Праз хвіліну ён вярнуўся, несучы невялікі молат і зубіла. Дзядзька Тодар пасадзіў музыку-чарадзея на траву, узяў у Дзімы молат, зубіла і пачаў біць па тоўстым жалезным абручы, які сціскаў рукі музыкі-чарадзея. Вострае зубіла прарэзвала жалезны абруч, як нож рэжа масла. Мы з Дзімам пераглянуліся. Дзядзька Тодар заўважыў гэта, сказаў: