Выбрать главу

— Маё зубіла з асаблівай сталі зроблена.

Ланцуг упаў на зямлю. Музыка-чарадзей узняў угору рукі, радасна ўсклікнуў:

— У мяне нібы крылы з’явіліся.

— Еш, — сказаў дзядзька Тодар.

Музыка-чарадзей узяў лусту хлеба.

— Аерам пахне, — прагаварыў.

— Еш, — паўтарыў дзядзька Тодар. — Яго ў печы на аеры пяклі.

Музыка-чарадзей адкусіў кавалак.

— Што з табою здарылася, хлопча? Як ты трапіў у рукі гэтага нячысціка? — запытаўся дзядзька Тодар.

— Пераняў мяне на дарозе, прычапіўся як смала: «Дай хоць разок смыкам пацягнуць. Дай. Мо падабрэю я».

— Не дапаможа музыка таму, у каго душа чорная, — заўважыў дзядзька Тодар.

Музыка-чарадзей кіўнуў галавою:

— Пашкадаваў я яго. А ён мяне скруціў дый прыкаваў да студні.

«Будзеш тут замест ільва сядзець», — сказаў на развітанне.

У мяне міжволі сціснуліся кулакі. Калі б убачыў цяпер Цмока, то, не раздумваючы, кінуўся б на яго. Няхай скруціў бы, як музыку-чарадзея, няхай, але хоць раз добра стукнуў бы. Каб сіняк на ўвесь твар.

Дзядзька Тодар устаў, сказаў з горыччу:

— Ёсць жа такія! З адной губы ў іх і горача і сцюдзёна. Лісцем сцелецца, а ўкусіць цэліцца.

— А вы, выходзіць, шукалі мяне? — азваўся музыка-чарадзей.

— Шукалі, але не знайшлі. Дык людзі мяне пасланцом да нашых малодшых сяброў паслалі.

Дзядзька Тодар кіўнуў галавою ў наш бок. Мы з Дзімам зачырванеліся. «Нашых малодшых сяброў…» Незвычайна гучыць і прыемна.

— Кажуць людзі: «Яны Цмоку рогі скруцяць. Ідзі, Тодар, ідзі. Ты іх добра ведаеш». Вось і прывёў да нас у казку. Сустрэліся мы з Цмокам. Сам да нас прывалокся. Зуб нячысціку забалеў. Так забалеў, што ледзь на хвойкі паганы Цмок не чапляўся. Укленчыў перад намі: «Дапамажыце. І скрыпку аддам, і музыку-чарадзея адпушчу…» Вылечылі…

— І тады ўцёк? — здагадаўся музыка-чарадзей.

— Уцёк. Вось ты нядаўна казаў, што ў цябе нібы крылы з’явіліся. Але крылы і ў малога птушаняці ёсць, ды лятаць не ўмее, бо яшчэ неапераныя. Так і ты без скрыпкі, як з крыламі неаперанымі.

Музыка-чарадзей узняў галаву:

— Я знайду сваю скрыпку. Цяпер знайду.

Дзядзька Тодар уздыхнуў:

— Куды табе цяпер? Спачатку сіл набярыся.

І тут не вытрымаў Дзіма:

— Дзядзька Тодар, мы з Міхасём знойдзем Цмока. Мы забярэм у яго скрыпку.

— Забярэм, — падтрымаў я Дзіму.

— Пачакаем, калі наш музыка-чарадзей паправіцца, — сказаў дзядзька Тодар. — Тады разам пойдзем Цмока шукаць.

— Вы заставайцеся тут, з музыкам-чарадзеем. Нельга яго аднаго пакідаць. А мы ўсё-ткі пойдзем, — прагаварыў Дзіма.

— Невядома, што Цмок цяпер задумвае, — дадаў я.

Дзядзька Тодар хвіліну памаўчаў, а потым сказаў:

— Відаць, ваша праўда, хлопчыкі. Ідзіце.

Дзядзька Тодар моцна-моцна абняў нас, пажадаў на развітанне:

— Шчасліва вярнуцца.

— Не хвалюйцеся. Хутка вернемся, — упэўнена прагаварыў Дзіма.

І мы рушылі ўверх па сцяжынцы. Туды, дзе Цмок.

Калі не музыка, не бяры скрыпкі ў рукі

Ужо пасля мы зразумелі, што знайсці Цмока будзе няпроста. Лес, як гаворыцца, вялікі і шмат сцежак у ім натаптана. Паспрабуй адшукай тую, якая да Цмокавага будана вядзе.

— Вось каб указальнікі былі, — кажу Дзіму. — Падобныя на тыя, што ў нас каля дарог стаяць. Падыходзіш і чытаеш: Цмок — пяцьсот метраў, Баба Яга — адзін кіламетр, Цар-чараўнік — трыста метраў. Не блудзілі б па лесе.

— Гэтыя нячысцікі павырывалі б твае ўказальнікі, — адказаў Дзіма. — Не спадабалася б ім, што кожны дарогу да іх ведае.

— Павыкідалі б, — згадзіўся я. — А вось каб спецыяльны компас быў! Націснуў на кнопку — і стрэлка паказвае, дзе, напрыклад, Цмок хаваецца. Чаму такі компас ніхто не прыдумае?

Дзіма незадаволена чмыхнуў носам:

— Ты яшчэ пафантазіруй.

— І пафантазірую, — загарэўся я. — Вось каб чарадзейны ветрачок мець! Крутнуў, а ён спыняецца і паказвае, куды ісці.

Дзіму, відаць, надакучыла мая балбатня:

— Не пляці глупства. Прыглядвайся, мо Цмокаў след на зямлі заўважыш.

— Слядоў тут многа, — кажу. — І ўсе яны падобныя. Як пазнаць, які з іх Цмок пакінуў? Панюхаць? Але ж я не сабака.

Дзіма спыніўся, схапіў мяне за плячо.

— Міхась, давай зловім таго сабаку, які трыма братамі камандуе. Прымусім, каб да Цмока завёў. Ён знойдзе Цмокаў след і завядзе.

Сапраўды, някепска прыдумаў Дзіма. «Зловім сабаку…» Відаць, дзесьці тут ён. Але ж і тры браты з ім. Што, калі за сабаку заступяцца? Заступяцца? Мабыць, не. Ім гэты сабака, як скула ў боку. Вунь як муштруе. Хутка да непрытомнасці іх давядзе. Яшчэ падзякуюць, што пазбавім ад яго.