Наперад выступіў Дзіма:
— Скрыпку аддай. Мы табе зуб вырвалі, а ты нам скрыпку аддай.
Цмок хуценька падняў скрыпку, прытуліў да грудзей:
— Аддам, калі мільён золатам заплаціце.
У мяне вочы на лоб палезлі, як пачуў гэткае. «Мільён золатам заплаціце…» Ды мы такіх грошай і ў вочы не бачылі. Не Цмок, а сапраўдны замежны камерсант.
— І не брыдка табе? — з дакорам прагаварыў я. — Грошы ў школьнікаў пытаеш.
А з Цмока як з гусі вада.
— А мне ўсё роўна, хто вы: школьнікі ці чэрці паласатыя. Абы плацілі.
— Няўжо табе не брыдка? — усклікнуў Дзіма.
— Ніколечкі…
— Зараз мы…
Дзіма не паспеў дагаварыць, Цмок перапыніў:
— Што, падужацца са мною захацелася? А вы спачатку на турніку падцягніцеся.
Толькі цяпер мы заўважылі, што за буданам стаіць новенькі металічны турнік.
— Навошта табе турнік? — пацікавіўся я.
— Падцягваюся. Каб дужэйшым быць. На днях кавалі мне яго зрабілі. Самі прынеслі, самі і ўкапалі. Чаго сталі? Падцягвайцеся.
Не чакаў я, што прыйдзецца на турніку падцягвацца. Гэты турнік і ў школе стараўся абыходзіць. Праўда, разоў пяць падцягваўся пад прымусам. А вось Дзіма на турніку нават сонца навучыўся круціць. Таму цяпер і падштурхнуў яго:
— Давай, Дзіма. Пакажы клас.
Дзіма ступіў наперад.
— Не, — замахаў галавою Цмок. — Спачатку хай той падцягнецца, кірпаты.
І паказаў пальцам на мяне.
Што было рабіць? Я моўчкі паплёўся да турніка. Стаў пад перакладзінай, папляваў на рукі, падскочыў, ухапіўся.
— Пачынай, — каля самага вуха галёкнуў Цмок.
«Каб табе ўсе зубы зараз забалелі», — пажадаў я яму, павольна падцягваючыся ўгору.
— Адзін, — пачаў лічыць Цмок.
Я падцягнуўся другі раз.
— Два.
Рукі сталі слабнуць. Я вырашыў схітрыць. Падцягнуўся, толькі-толькі датыкаючыся галавою да перакладзіны.
— Трэба вышэй! — заверашчэў Цмок. — Трэба, каб барада за перакладзіну чаплялася.
Злосць мяне разабрала. «Ну, — думаю, — падцягнуўся вышэй і нагою ў зубы. Быццам незнарок».
Паволі-паволі стаў падымацца ўгору…
— Рукі дрыжаць, як у старэнькага дзеда, — зайшоўся ад смеху Цмок.
Гэты смех мяне, як гаворыцца, і даканаў. Пальцы быццам самі сабою расшчапіліся, і я ўпаў на зямлю. Было нясцерпна брыдка. Нават вачэй не хацелася падымаць.
— Што, зарыў носам у зямлю? — дакрануўся да пляча Цмок.
Я ўсхапіўся на ногі. А Цмок нечага пабег у будан. Праз хвіліну вылецеў адтуль, трымаючы ў руках тонкі шаўковы шпагат. Даволі вялікі кавалак, наматаны на паленца.
— Ану, — падштурхнуў Дзіму да мяне, — памерайцеся: хто з вас большы?
Дзіма падышоў да мяне, а Цмок у гэты момант абхапіў нас аберуч, як два снапы, прыціснуў і пачаў хутка-хутка абкручваць шпагатам.
Цяпер я адчуў, якую ён меў сілу. Мы з Дзімам ляталі ў яго руках, як дзве бязважкія перынкі.
Не паспелі і рота адкрыць, а ўжо стаім, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як два родныя браты-баравікі.
— Наматаў на нас шпагату, як нітак на шпульку, — толькі і вымавіў Дзіма.
— Не падабаецца? — зарагатаў Цмок. — А вы пацалуйцеся.
— Развяжы, — паціху прамовіў я.
Цмок глянуў на нас, як воўк на казу.
— Хваліліся, што дужыя, што браты Пакацігарошка. Я, дурань, верыў яшчэ. Мне ўсё-ўсё пра вас знаёмая сарока расказала. Чакаў я вас. Нарэшце дачакаўся.
Цяпер я зразумеў, чаму Цмок не спалохаўся нас. Не спадзяваліся мы, што будзе такая развязка.
— Не радуйся, Цмок, — глуха прагаварыў Дзіма. — Смяецца той, хто смяецца апошнім.
Цмок крыва ўсміхнуўся:
— Яшчэ задаюцца. Не ведаеце, што з вамі будзе. Пабачыце. А пакуль пасплю. Хвілін гэтак дзвесце.
Цмок пасунуўся ў свой будан, а мы… Мы стаялі каля будана, як на варце, не варухнуўшыся. Уяўляеце, як добра стаяць удвух, шпагатам звязаным?
— Дзіма, у нас ногі адубеюць, — кажу. — Можа, упадзем?
У Дзімы ажно зубы заляскаталі, як пачуў гэткае.
— Стой. Хочаш рэбры паламаць?
— Я дзвесце хвілін не выстаю. Гэтае пудзіла сказала, што будзе дзвесце хвілін спаць.
— Думай, Міхась, думай. Трэба неяк вырвацца з ягоных лапаў.
І мы пачалі думаць. Розныя варыянты круціліся ў маёй галаве. Ды ўсе, як гаворыцца, з жанру фантастыкі.
— Што-небудзь прыдумаў? — парушыў маўчанне Дзіма.
— Вось каб сілы ў сто разоў прыбавілася, — кажу. — Варухнуў плячамі — і шпагат на кавалкі. А потым каб Цмока ў мех які засадзіць. Хай патрапятаўся б, як парася.
— У мех, кажаш? — усклікнуў Дзіма.
— У мех, — паўтарыў я. — Калі тата парасят на базары купляе, то ў мяху дамоў вязе.