— А гэта ідэя! — радасна ўсклікнуў Дзіма.
Я хацеў спытацца ў яго, чаму ён так абрадаваўся, ды не паспеў. З будана вылез Цмок.
У мяхах навыперагонкі
Цмок лыпнуў на нас соннымі вачамі:
— Чаго раскудахталіся? Плакаць трэба.
— Яшчэ наплачамся, — прагаварыў я.
— Гэта праўда, — кіўнуў галавою Цмок. — Толькі якую кару для вас прыдумаць? Бізуном засячы? Ужо засякалі. На агні падсмажыць. Ужо смажылі. Пакінуць дзікім звярам на сняданне? Ужо пакідалі. А мне хочацца вам такую кђру прыдумаць, якой яшчэ ніколі ва ўсім белым свеце не было.
Не па сабе мне стала. Чамусьці нават кончык носа засвярбеў. Так засвярбеў, што не вытрываць. Хочацца пачасаць, а рукі звязаныя.
— Нос, халера, свярбіць, — паціху Дзіму скарджуся.
— Цярпі, — прашаптаў ён. — Мы гэтаму Цмоку яшчэ ўсё ўспомнім. Будзе і на крапіву мароз.
Цмок, задаволены, пацёр рукі.
— Дамаўляецеся, як ад мяне ўцячы?
— Памыляешся, пан Цмок, — сказаў Дзіма. — Дамаўляемся, як дагадзіць табе.
Цмок, задаволены, пацёр лапы.
— Страшна стала?
— Выказаць немагчыма, — прамовіў Дзіма.
— Са ўсяго свету страхі да нас сабраліся, — уздыхнуў я.
Цмок зарагатаў:
— Гэта мне падабаецца.
— Цар лясны, дазволь цябе пацешыць, — звярнуўся да Цмока Дзіма.
— А што вы прыдумалі?
— Мяхі ў цябе ёсць? — спытаўся Дзіма.
— Ёсць. З чортавай скуры зробленыя. Іх ніхто на свеце не парве.
— Нават ты? — здзівіўся я.
— Цьфу, — плюнуў Цмок. — Не даходзіць. Кажу, што ніхто не парве. Хіба не зразумела?
— Зразумела, — хуценька адказаў я. Не хацелася, каб злаваў.
Цмок падазрона глянуў на нас:
— А вам навошта яны спатрэбіліся? Можа, жадаеце, каб у гэтыя мяхі пасадзіў ды на дрэва павесіў? Як воблу. Здаецца, так ніхто не рабіў.
«Пасадзіць, — думаю. — Яму што, злыдню. Ратавацца трэба».
— Не жадаем. Рабілі, — крычу. — Сто чалавек так рабіла.
Цмок памахаў пальцам, нібы на малых дзяцей.
— Спалохаліся? Цяпер бачу, што нагнаў страху. Дык што вы прыдумалі?
— Ты нас развяжы і ў мяхі з чортавай скуры пасадзі, — сказаў Дзіма. — А мы ў мяхах навыперадкі пабяжым. Вось будзе смешна!
Цмок пачасаў за вухам, падумаў і сказаў:
— Што ж, развяжу. Але вы старайцеся, каб мне спадабалася. Калі спадабаецца, то будзеце кожны дзень у мяхах бегаць.
— Пастараемся, — прагаварыў Дзіма.
Цмок падышоў да нас, імгненна разматаў шпагат, кінуў на зямлю.
— Чакайце мяне тут, — сказаў і схаваўся ў будане.
— Што прыдумаў? — паціху спытаўся я ў Дзімы.
— Крыху пабегаем у мяхах, а потым Цмоку прапануем, каб у мех залез, — зашаптаў Дзіма. — Ён залезе, а мы мех шпагатам завяжам.
— А калі не палезе?
Дзіма падняў з зямлі шпагат, схаваў за пазуху.
— Палезе. Пабачыш.
У гэты момант з будана выпаўз Цмок. У лапах ён трымаў два вялізныя, чорныя, як сажа, мяхі.
— Вось і мяхі едуць, — усміхнуўся нам, як добрым знаёмым. — Залазьце. Прашу.
Мы з Дзімам залезлі ў мяхі, нацягнуўшы іх да самай шыі.
— Марш! — стукнуў у далоні Цмок.
Першым, спатыкаючыся, пабег Дзіма. Я ірвануўся, каб дагнаць яго, і носам паляцеў у траву.
— Ха-ха-ха, — на ўсё горла зарагатаў Цмок.
«Каб ты, не спыняючыся, рагатаў», — пажадаў я яму, нязграбна ўстаючы.
— Даганяй, кірпаты, — падахвоціў мяне Цмок.
Калі б я не хваляваўся, калі б разважаў спакойна, то, мабыць, дагнаў бы Дзіму. Але зноў ірвануўся і, вядома, зноў зваліўся на зямлю.
Цмок не вытрымаў:
— Вылазь, незграбайла. Зараз пакажу, як трэба бегаць.
«Ён у мех збіраецца залезці, — тахнула ў галаве. — Не бачыць гэтага Дзіма, ляціць на злом галавы. Ён, напэўна, думае, што тут алімпійскія гульні».
Я на ўсю моц галёкнуў:
— Дзіма! Назад бяжы.
Дзіма азірнуўся. Бачу: выскачыў з мяха і як мага да нас.
— Чаго марудзіш? Вылазь, — крыкнуў Цмок. — Зараз, як зайца, за вушы выцягну.
Я вылез з меха:
— Калі ласка, пан Цмок, залазь.
Цмок вырваў мех з маіх рук, залез у яго і скокнуў, як кенгуру. Адзін раз, другі. Спыніўся, параўняўшыся з Дзімам.
— Вучыся, кірпаты, — усміхнуўся, звяртаючыся да мяне.
Я стукнуў сябе кулаком у грудзі:
— Абавязкова навучуся, пан Цмок.
Цмок ажно ззяў ад шчасця.
— Оп-ля! Оп-ля! — скокнуў яшчэ два разы. Мы з Дзімам дагналі яго.
— Пан Цмок, паспрабуй з галавой схавацца, — сказаў Дзіма. — Напэўна, не зможаш бегчы, калі з галавой схаваешся?