Цмок вылупіў вочы:
— Што? Я ўсё змагу.
І адразу ж нагнуўся, хаваючыся ў мех з галавою. Дзіма выхапіў з-за пазухі шпагат.
— Пан Цмок, крыху пачакай, — крыкнуў я.
— Яшчэ ніжэй сесці? — глуха данеслася з меха.
— Але, крыху ніжэй. Дый адпачні. Сіл набярыся.
— У мяне сіл хапае.
Пакуль я з Цмокам вёў гэткія перагаворы, Дзіма борздзенька завязваў мех. Вось заціснуў адзін вузел, другі.
— Усё, — выцер з ілба пот.
— Усё? — глуха крыкнуў Цмок.
— Куляй яго, — звярнуўся да мяне Дзіма.
Упёршыся рукамі, мы перавярнулі Цмока на бок.
— Што робіце? — зароў ён.
— Сядай, — запрасіў мяне Дзіма, паказваючы на мех.
Я сеў. Дзіма таксама сеў, выцягнуўшы ногі.
— Што робіце?
— Адпачываем, — са здзекам прамовіў я.
— Па ветры развею.
Я, доўга не чакаючы, грукнуў кулаком:
— Супакойся, пан Цмок. Калі яшчэ хоць слова пачуем, то змалоцім на горкае яблыка.
Цмок штосьці мармытнуў і змоўк.
Сабака і яго сабачая грамата
Сядзім, адпачываем, а Цмок толькі крэкча ды вохкае. Раптам бачым: сабака з лесу ляціць. Той самы, у акулярах, на пана ці падпанка падобны. Ляціць і дубцом, як шабляй, махае.
Падскочыў да нас, дубцом замахнуўся:
— На калені!
Мы знячэўку разгубіліся. Пазіраем на яго. А ён свісь Дзіму па спіне.
Ну й раззлаваўся Дзіма! Усхапіўся, нібы яго кіпенем аблілі, як коршак, на сабаку накінуўся. Пакаціў, сеў вярхом і крычыць:
— Міхась, дубец забяры. А я з яго штаны сцягну. Зараз адхвошчам.
— Пусці! — завішчэў сабака.
А Дзіма:
— Дубец забірай. Чаго сядзіш?
Усхапіўся я, за дубец цягну, а сабака на аддае.
— Мой дубец! Мой дубец! — верашчыць.
Тады я яго за адно вуха, за другое. А ён ажно завыў:
— Не цягай за вушы. Адарвеш…
— Я табе не толькі вушы, але і хвост адарву, — кажу. — Пусці дубец.
Падзейнічала пагроза. Адпусціў. А я яго яшчэ раз за вушы. Каб ведаў, на каго кідаецца.
— Сцягвай штаны, — звяртаюся да Дзімы, махаючы дубцом.
Сабака ў слёзы:
— Пусціце. Я вам штосьці пакажу.
— Пусці, — кажу Дзіму.
Злез Дзіма з сабакі, непадалёку стаў, каб зноў кінуцца, калі ўцякаць задумае.
— Што там у цябе? Паказвай.
Сабака дастаў з кішэні нейкую паперку, разгарнуў і працягнуў Дзіму:
— Чытаць умееш?
— Жартаўнік, — засмяяўся я.
Дзіма ўзяў паперку, стаў чытаць, хмурачы бровы: «Сабачая грамата. Дадзена пёсу Барбосу ў тым, што ніхто гэтага сабаку і пальцам крануць не смее. А сам пёс Барбос мае права біць і кусаць простых людзей, колькі яму ўздумаецца».
Дзіма здзіўлена паглядзеў на мяне:
— Што гэта?
— Дык гэты сабака з казкі «Сабачая грамата», — успомніў я. — У ёй гаворыцца, што некалі панамі былі не толькі паны, а і панскія сабакі. І давалі ім паны важныя паперы — дваранскія граматы. Перад сабою бачыш такую грамату.
— Дык ты не просты сабака, а панскі?
— Панскі, — затрос галавою сабака. — І гэтую грамату я шаную як вока.
— Гм, — хмыкнуў Дзіма. — Дзівосы. Цяпер зразумела, чаму тры браты так паслухмяна твае каманды выконвалі. Цікава: дзе яны падзеліся?
— Уцяклі, — усхліпнуў сабака.
— Дык ты вырашыў нам на шыю сесці?
— Аддайце грамату. Я пайду братоў-лайдакоў шукаць.
Дзіма склаў грамату ў некалькі столак і… разарваў.
«Фу-у-у», — дзьмухнуў, падкінуўшы ўгору дробныя кавалачкі паперы.
— Што ты нарабіў! — усклікнуў сабака. — Цяпер я ўсе свае дваранскія правы страціў.
— Я вашы дваранскія правы адмяняю, — спакойна прагаварыў Дзіма.
Сабака падскочыў да яго, ашчэрыўся. «Чаго добрага, яшчэ ўкусіць, — падумаў я. — Відаць, распірае яго ад злосці».
Я замахнуўся дубцом:
— Сядзець.
Сабака скасавурыў вочы, вільнуў хвастом і сеў на зямлю.
Дзіма зняў з яго носа акуляры, прымераў сабе.
— Дубец адабралі, дык хоць акуляры аддайце, — тоненька заскуголіў сабака.
Дзіма зняў акуляры:
— Бяры. Я ў іх як сляпы кот.
Сабака борздзенька схапіў акуляры, схаваў у кішэню. Пабаяўся на нос чапляць. Відаць, падумаў, што зноў забярэм.
— Вы мяне адпусціце? — спытаўся, віляючы хвастом.
— На ланцуг пасадзім, — сказаў я. — Хопіць па лесе гойсаць.
— Ад нуды загіну. Я ніколі на прывязі не сядзеў.
— Прывыкнеш, — сказаў Дзіма. — Усе сабакі прывыкаюць. Спачатку выюць, а потым толькі гаўкаюць.
У мяху заварочаўся Цмок. Сабака спалохана азірнуўся:
— Што там?
— Цмок, — кажу знарок абыякава.